Навіны

У лютым газета «Новы час» абвясціла конкурс «Народная рэцэнзія», мэтай якога было атрымаць як мага болей чытацкіх водгукаў на кнігі з шорт ліста прэміі Ежы Гедройца. На жаль, народнага конкурсу не атрымалася. Замест было атрымана дзве рэцэнзіі ад прафесійных крытыкаў. Адна з іх, прысвечаная кнізе «Шал» Юрыя Станкевіча, прапануецца вашай увазе. 

 

Сяргей Грышкевіч: Глядзець у заўтра — і не баяцца

З Юрыем Станкевічам заўсёды няпроста. Асабліва несумленным, прымітыўна-недальнабачным, паліткарэктным і зайздрослівым людзям, гатовым у любы момант прадаць каго і што заўгодна, у тым ліку і ўласную Радзіму. Гэтага пісьменніка можна не прымаць, бясконца абзываючы цынікам-чарнушнікам, песняром нацы і літаратурным Брэйвікам, але яму нельга адмовіць у балюча-страсным перажыванні за сваю зямлю і свой народ, да якога гісторыя ніколі не была літасцівай, а тым больш перспектыўнай. Гэта ў чарговы раз пацвердзіла новая кніга аўтара «Шал», што летась пабачыла свет у сталічным выдавецтве «Галіяфы».

На жаль, многія сённяшнія даследчыкі нацыянальнай літаратуры пакуль не дараслі да ўспрымання-разумення надзвычай вострапраблемнай і актуальнай прозы гэтага адметнага аўтара. Замест грунтоўнага прачытання/асэнсавання большасць абмяжоўваецца павярхоўнымі заўвагамі дылетанцка-эмацыянальнага кшталту. Увагі заслугоўваюць, бадай, толькі артыкулы Д. Бугаёва і Ю. Сальнікавай, якія адразу заўважылі ў творчасці Ю. Станкевіча заклапочаны позірк, скіраваны ў будучыню ўсяго чалавецтва.

У пастаноўцы і мастацкім вырашэнні глабальных пытанняў пісьменнік апярэджвае агульнае развіццё сучаснай беларускай літаратуры, з-за чаго займае ў ёй асобнае, канкрэтна не вызначанае месца. Адсюль і частае неразуменне, непрыманне ягонай творчасці, якая папярэджвае насельнікаў планеты ад далейшага няправільнага жыцця, спрошчанага да жывёльных інстынктаў.

Гэты аўтар валодае выразнай грамадзянскай пазіцыяй, незалежнай ад хуткаплыннай кан’юнктуры часу, чым, на жаль, могуць пахваліцца не ўсе сучасныя творцы. Нельга папракнуць Ю. Станкевіча і ў ахоўным прыстасавальніцтве да знешніх абставін, якімі б жорсткімі яны ні былі.

Мастацкія прыёмы пісьменніка пазбаўлены паліткарэктнасці, а погляд на чалавека далёкі ад веры ў ягоны розум і ўяўныя звышмагчымасці. Менавіта падобным успрыманнем непрычасанай рэчаіснасці гэты пісьменнік бачыцца літартадоксам сацыяльна нявыгадным і нават шкодным, гэткім антыгуманістам, што бязлітасна руйнуе пяром зманлівыя ідэалы віртуальна-ружовай будучыні. Аднак Ю. Станкевіч у сваёй мадэлі свету паслядоўны і бескампрамісны да банальнага, бо грунтуе яе на звычайных прынцыпах чалавечай маралі і годнасці, вымяраючы імі вартасць кожнага з нас.

Гэты пісьменнік увайшоў у літаратуру даволі позна, але з ужо сфармаваным светапоглядам і яснай творчай канцэпцыяй, якая дакладна адлюстравана амаль у кожным апавяданні, аповесці, рамане. У іх няма лакальнага прымітывізму, яны выходзяць за межы традыцыйна-вясковай бытавухі і скіраваны на глабальныя праблемы сучаснага грамадства, чым і прыцягальныя.

Паміж першай і апошняй па часе выхаду кнігамі Ю. Станкевіча — больш за 20 гадоў. Для творчай біяграфіі гэта няшмат. Іншыя і за 50 гадоў літаратурнай дзейнасці так і застаюцца на ўзроўні даэвалюцыйнага развіцця. Дарога ад «Лупа» (1989) і «Анёлаў на бальшаку» (1993) да «Апладнення ёлупа» (2005), «Мільярда ўдараў» (2008), «П’яўкі» (2010) і «Шалу» (2012) была пазначана нястомнымі пошукамі свайго месца ў свеце і ідэнтыфікацыяй сябе як асобы. Паміж гэтымі кнігамі стаяць не менш важныя — «Любіць ноч — права пацукоў» (2000), «Армагедон — 1895» (2000) і «Сатырыкон» (2003). Першая з іх фактычна абумовіла ідэйны настрой далейшай прозы пісьменніка.

Так, магістральны раман «Любіць ноч — права пацукоў» знайшоў своеасаблівы працяг у антыўтопіях «Эрыніі» і «П’яўка», якія не маюць аналагаў у айчыннай літаратуры. Лічу, што ні за адну сваю кнігу гэтаму таленавітаму пісьменніку не павінна быць сорамна. Безумоўна, у мастацкіх адносінах творы аўтара (асабліва апавяданні) не заўсёды раўназначныя, але і назваць іх прахаднымі ўсё ж не даводзіцца. Кожная наступная кніга ўдакладняе і дапаўняе папярэднюю, сведчыць пра пастаянны рух мастацкай свядомасці і абвостранае адчуванне трывожнага пульсу часу.

У большасці твораў Ю. Станкевіч не пакідае ніякіх шансаў чалавеку на выратаванне. Але гэта заканамерна: духоўныя спусташэнцы і звыродлівыя псеўдапатрыёты гістарычнай будучыні не маюць. Нягледзячы на неспрыяльныя жыццёвыя абставіны і няспынныя паразы лёсу, персанажы пісьменніка да апошняга трымаюць абарону ўласных прынцыпаў, без чаго не пачуваюць сябе паўнавартаснымі прадстаўнікамі чалавечага роду ў цэлым і сваёй нацыі ў прыватнасці (аповесці «Лавец святла поўні», «Партрэт выпускніка на фоне «адлігі», «Пераход»). Нават у фантастычных творах, дзе аўтар, грунтуючыся на навуковых даследаваннях, сцвярджае, што наш сусвет — усяго толькі дэкарацыя, гучыць голас у абарону чалавечага ў чалавеку, адчуваецца надзея на перамогу дабра і справядлівасці, праўды і маралі, натуральнай логікі прыроды... Пісьменнік вядзе непрымірымую барацьбу з псеўдай (знешняй і ўнутранай), ілжыва-падманнымі дэкарацыямі гістарычнага, у тым ліку і сучаснага, нацыянальнага шляху, паколькі ў іх чалавек паступова страчвае пачуццё рэальнасці і самасці, ператвараючыся ў паслухмяную ляльку зусім не звышнатуральных сіл.

У творчым багажы пісьменніка шмат адметных апавяданняў, у якіх даследуюцца сутнасць фізічных магчымасцей чалавека, межы яго падзення, а таксама прырода страху, псіхалагічных адхіленняў, грамадскіх катаклізмаў і экстрэмальных будняў, дзе пастаянна даводзіцца адстойваць права на жыццё, нават з незайздросным фіналам. Да ліку лепшых твораў малой жанравай формы варта аднесці такія апавяданні, як «Пакупнік сноў», «Мёртвая кропка», «Мільярд удараў», «Цацка ад творцы», «Прытча пра жука-чарнацёлку», «Яйка зязюлі павінна быць выседжана» і інш.

Ю. Станкевіч не баіцца глядзець ні ва ўнутраны свет чалавека, які не ў стане адшукаць паратунак ад самога сябе, ні наперад, у аддаленую перспектыву, якая, дзякуючы недасканалай людской натуры, не абяцае нічога прыемнага. Абвастраючы жыццёвыя канфлікты, пісьменнік абвастрае наша разуменне навакольнай рэчаіснасці, наканаванага і непазбежнага, чаму, хоць і бессэнсоўна супрацьстаяць, але неабходна — дзеля годнага апраўдання сваёй часовай зямной прысутнасці. Таму давайце разам з гэтым цікавым аўтарам смела глядзець у заўтра, якое з’яўляецца праекцыяй кожнага з нас, стваральнікаў штучных багоў і дэкарацый.

 

Сяргей Грышкевіч, novychas.info

[TypeError] 
count(): Argument #1 ($value) must be of type Countable|array, bool given (0)
/mnt/extra_volume/ibwm/www/bitrix/templates/ibwm/components/bitrix/news/news/bitrix/news.detail/.default/template.php:50
#0: include
	/mnt/extra_volume/ibwm/www/bitrix/modules/main/classes/general/component_template.php:790
#1: CBitrixComponentTemplate->__IncludePHPTemplate
	/mnt/extra_volume/ibwm/www/bitrix/modules/main/classes/general/component_template.php:885
#2: CBitrixComponentTemplate->IncludeTemplate
	/mnt/extra_volume/ibwm/www/bitrix/modules/main/classes/general/component.php:784
#3: CBitrixComponent->showComponentTemplate
	/mnt/extra_volume/ibwm/www/bitrix/modules/main/classes/general/component.php:724
#4: CBitrixComponent->includeComponentTemplate
	/mnt/extra_volume/ibwm/www/bitrix/components/bitrix/news.detail/component.php:515
#5: include(string)
	/mnt/extra_volume/ibwm/www/bitrix/modules/main/classes/general/component.php:615
#6: CBitrixComponent->__includeComponent
	/mnt/extra_volume/ibwm/www/bitrix/modules/main/classes/general/component.php:692
#7: CBitrixComponent->includeComponent
	/mnt/extra_volume/ibwm/www/bitrix/modules/main/classes/general/main.php:1195
#8: CAllMain->IncludeComponent
	/mnt/extra_volume/ibwm/www/bitrix/templates/ibwm/components/bitrix/news/news/detail.php:16
#9: include(string)
	/mnt/extra_volume/ibwm/www/bitrix/modules/main/classes/general/component_template.php:790
#10: CBitrixComponentTemplate->__IncludePHPTemplate
	/mnt/extra_volume/ibwm/www/bitrix/modules/main/classes/general/component_template.php:885
#11: CBitrixComponentTemplate->IncludeTemplate
	/mnt/extra_volume/ibwm/www/bitrix/modules/main/classes/general/component.php:784
#12: CBitrixComponent->showComponentTemplate
	/mnt/extra_volume/ibwm/www/bitrix/modules/main/classes/general/component.php:724
#13: CBitrixComponent->includeComponentTemplate
	/mnt/extra_volume/ibwm/www/bitrix/components/bitrix/news/component.php:336
#14: include(string)
	/mnt/extra_volume/ibwm/www/bitrix/modules/main/classes/general/component.php:615
#15: CBitrixComponent->__includeComponent
	/mnt/extra_volume/ibwm/www/bitrix/modules/main/classes/general/component.php:692
#16: CBitrixComponent->includeComponent
	/mnt/extra_volume/ibwm/www/bitrix/modules/main/classes/general/main.php:1195
#17: CAllMain->IncludeComponent
	/mnt/extra_volume/ibwm/www/news/index.php:107
#18: include_once(string)
	/mnt/extra_volume/ibwm/www/bitrix/modules/main/include/urlrewrite.php:184
#19: include_once(string)
	/mnt/extra_volume/ibwm/www/bitrix/urlrewrite.php:2
----------