Сяргей Прылуцкі: Герой эпохі стабільнасці

Клуб Мёртвых

у памерлых свае цяжкасці і інтарэсы
але пра іх не пішуць у кнігах не кажуць
у прэсе

напрыклад самагубцы пікетуюць
райскую амбасаду
патрабуючы роўнасці й допуску
да райскага саду

яны маюць сваю Самагубчую Лігу
праз якую прасоўваюць змены ў Святую Кнігу

там таксама ёсць зборы й прызывы
ў войска
дызерціраў — абодва бакі —
наказваюць жорстка

спустошыўшы кволыя душы, іх
высылаюць назад — у свет жывых

свет мёрвых — ён быццам лятучы
галандзец
дае табе шанец і забірае шанец

там гастарбайтары з пекла ствараюць
таемныя ложы
але кожны жыхар парадызу да іх варожы

у сваю чаргу жыхары парадызу,
занураныя ў тугу,
бяруць экскурсійныя туры
на востраў граху

і калі скажам віктар пятровіч
знаёміцца ў пабе
за порцыяй віскі з шыкоўнай бабай

і калі скажам віктар пятровіч,
нябесны насельнік,
пакідае ў выніку ў пекле сваё насенне

то абедзьве сістэмы згубіўшы сваіх
адэптаў
ператвараюцца ў два ўяўных канцэпты

то бок паміраючы ты без ніякіх віз
патрапляючы ўверх патрапляеш і ўніз


мантра

калі сэрца трымціць быццам бомж
пад картонкай
і трывога ніяк не выходзіць вонкі,

уяві, што ты мёртвы, ты мёртвы,
ты мёртвы
у труне, у новым касцюме і ботах

уяві што ты труп, жаўнер
тагасветнае роты,
сам-насам з сабой, з зямлёю
засыпаным ротам

бо згадка твая бы рэфлекс запаволенай дзеі
мо й не адразу, але ад яе лягчэе

кожнага ранку па тратуарах і пляцах
механічныя робаты смутку імчаць
на працу

запіваючы печыва каваю ці кампотам
уяві сябе кожным з іх, то бок — мёртвым

гуляючы ў мачо, у прадажнага патрыёта
пералятаючы атлантыку самалётам

ля станка выціраючы лоб ад поту
замры на імгненне, пачуйся мёртвым

уяві, засынаючы п’яным васем пад плотам,
што цябе не было — нарадзіўся мёртвым

у чаканні найгоршага, на вяршынях адчаю
гледзячы ворагу ў вочы, стоячы
перад зграяй

адолей страх, не будзь ідыётам
не забывайся, памятай — мёртвы, мёртвы


восень блатных патрыярхаў

у горадзе напружаная крымінальная
абстаноўка
але знешне ўсё ціха навокал —
аптычны падман
гаспадыні выбіваюць аб турнікі цыноўкі
гаспадары напіваюцца або паляць план

цыганскія кланы захапілі ўсе
стратэгічныя рынкі
мянты — прадажныя сукі, мэр —
стары наркаман
братва метадычна скупляе
ў вайскоўцаў скрынкі
рыхтуючы табару буфанаду і балаган

ціхі памежны горад заходняе беларусі
ад скрухі ў піўнухах рабочыя рэжуць
рабочых
на лецішчах — сходкі аўтарытэтаў у духу
«Хроснага бацькі» ды іхнія сінія вочы

блішчаць як раса на шырокіх летніх
тэрасах
у кожнае з бандаў свае вызначальныя
знакі
у адных — пінжакі ад Brioni і жонкі
ад цінта браса
у другіх — шал ад бога і дэманы
ў цёмных бараках

спаленыя дыскатэкі крамы перастрэлкі
ў барах —
рамантыка ды й толькі як напішуць
пра гэта потым
як палае жыццё ты бачыў не толькі
ў марах
і як смерць разносіць сваім падпісчыкам
пошту

апусцелі рынкі вакзалы тэнісныя корты
без іх першабытнае злосці вітальнае смагі
бы вялікія мёртвыя рыбы да мора мёртвых
плывуць па вадзе браткі і цыганскія 
патрыярхі


пацаны

штовечар пад вокнамі пад’езда бухаюць пацаны
у кожнага патрыманая тачка спартовыя штаны

усім па дваццаць максімум дваццаць пяць
недзе а трэцяй начы яны пачынаюць біцца або спяваць
рэпертуар стандартны «шансон» і брат яго «рускі рок»
асабліва душэўна рве струны нейкі Санёк

б’юцца ў асноўным дзеля чыстага інтарэсу:
чувак упадзе з першага ці з другога разу?
часам да іх далучаецца інвалід Валера з 5-й кватэры
«Валера, бля!» — крычаць пацаны, — «бля, Валера!»

абдымаюць яго, як брата, наліваюць гарэлкі,
просяць распавесці пра зону, 90-я, пра перастрэлкі

«гаўно гэта ўсё», — кажа Валера, —  «я й сам не рады
што трапіў па малалетцы ў тыя
расклады»

карацей звычайная моладзь краіны пубэртатнага веку:
аблічча Тайсана, душа Чыкаціла, розум Швейка

аднойчы яны замовілі шлюху, студэнтку-завочніцу
набухалі й расклалі акурат на дзіцячай пляцоўцы ў пясочніцы

і пакуль маладой і прыгожай па чарзе карысталася ўся кампанія
у доме насупраць бліснулі два біноклі і шэсць цыгарэт (сёмай была мая)

потым па выкліку нейкай старой кашолкі
прыехаў мянтоўскі бобік пачаліся разборкі

каго вырубілі адразу, каму перад тым разбілі нос аб арэлі
«толькі рэктару не званіце», — маліла заплаканая работніца панэлі

яе галас напэўна распалохаў усіх навакольных жулікаў,
на балконы ў начнушках і майтках вываліла цікаўная публіка

нейкі мужык нават выпаў спрасоння з другога паверху
а калі ўсіх забралі, чамусьці стала страшэнна адзінока і ціха

над асеннім узлескам бязгучна ляталі начніцы,
недзе ўдалечы ў цягніку засыналі стамлёныя правадніцы

гаслі вокны ў дамах, у халодным паветры чуўся водар азону
й недапалкі, бы першыя кроплі, павольна падалі ўніз
у сухія далоні газонаў


гатэль мілосці

у выніку ты пераехала ў іншы горад
мы абодва пра гэта ведалі і чакалі
зрэшты свет — адзін вялікі гатэль
і не важна ў чыім нумары або спальні
глушыцьмем партвэйн
і шукацьмем рэшткі любові
бо рэшткаў па ёй ніколі не застаецца

я ўсё яшчэ помню цела твайго
раскошныя залі
але цяпер мы нібы два вандроўных сюжэты
з адкрытым фіналам
дзве аднолькавых кнігі
ў розных мілосных архівах

адцяпер час плыве паўз нашыя сны
быццам вялікая іржавая баржа
і ніхто не ведае што рабіць
з гэтай тлустай нафтай страхаў
і мёртвай флорай словаў

самагубцы скачуць з мастоў
пакідаючы блізкім замест развітальных лістоў
нясплачаныя крэдыты
рэшта спасцігае даўняе майстэрства
дольчэ віты
і толькі мы між імі —  пасярэдзіне —
быццам шруб у нажніцах

і тысячы каханкаў
ляжаць у тысячах ложкаў
іхнія абдымкі — перадсмяротныя
сутаргі
іхнія слёзы — вада ў лёгкіх кахання
бо каханне кажуць жыве тры гады
але нават іх не хопіць
каб вычуць твой стогн

таму застаецца адно лавіць дыханне
цалаваць чужыя валасы
чужыя сцёгны
каб прачнуцца назаўтра сам-насам
з водарам чужога цела
які таксама хутка сыйдзе
ляткі й бязыменны


герой эпохі стабільнасці

Беларусь а давай выгадуем табе нацыянальнага супергероя
Дзед-Барадзед будзе хросным Паца-Ваца нябесным патронам
а сам ён стане снайперам на перадавой чарговае пяцігодкі

напярэдадні абвесцім прышэсце а потым глядзіш і другое
дамо яму ў памочнікі амапаўцаў чалавек дванаццаць
каб разганялі ў нашых сэрцах адчай а ў жылах кроў 

мая нямая беларусь ты ляжыш між усходам і захадам
як прасталытка між двума заклапочанымі кліентамі
твае ногі як шлагбаўмы твой гімн як штучны аргазм

твая галава — вялікая аграрная
кунсткамера —
адгнівае і крышыцца быццам зубы
гераіншчыка
папусціся мая алкаголія і марш
на аналізы

бо магчыма твой 007 ужо тут у тваім міжчассі
недзе ў глыбінях тваіх чорных
правінцыяў
сядзіць і няспешна шмаруе заржавелы затвор гісторыі


Фуга лета

чорнае вока месяца чорнае вока сонца
засохлы калодзеж горла з пяском на донцы
толькі й чуе што зумкат залётных
навінаў
па горадзе бы грузавік барочны жнівень
развозіць пернасці гнілі й малочны пыл
пот сцякае па скуры нібы акрыл

чорная спальня вільготная коўдра ночы
лета сцеле твой ложак лягае побач
шэпча на вуха: дыхай гэтаю цемрай!
але ў аквалангу мозгу няма ні халеры
вусціш такая што лепей цябе б не было
хочацца піць але ўстаць западло

чорны трыснёг цела чорная мята сэрца
ляжы бервяном: вось аблокі табе вось месяц
больш нічога няма акрамя нябеснае карты
акрамя гэтай спёкі гусцейшай за нафту
вырубаюцца сэрцы лядоўні нават клазэт
стаіць бы мастацкі аб’ект

чорныя сцёгны чырвоныя плечы світання
ровары юных шкалярак у цені каштанаў
плывуць і знікаюць не пакідаючы следу
у мокрай футболцы джынсах і брудных кедах
у ложку побач з табой бы аптычны падман
лета-атрута лета-пякельны-шайтан

Надрукавана ў 62-м нумары "Літаратурнай Беларусі".

Pdf-версія "Літаратурнай Беларусі" № 62 цалкам