Сяргей Прылуцкі на Літрадыё

Мама п’е ацэтон

для большасьці праца зьнімае пытаньне свабоды:
вось — занятак для рук, вось — пара выходных
у Талашоў памірае дзядуля, у Марозавых падрастае Паўлік
на сьцяне алоўкам накрэсьлены графік

а міма плывуць параходы з баблом, яхты з бабамі
за акном мянты маршыруюць атрадамі, пад акном — гапата зь петардамі
у такія моманты звычайна ставяць джаз, толькі ж — ніхто ня слухае джазу
краіна гасьне, гніе, дрэнна пахне
блюеш, але не адразу

спачатку згасаюць сябры, потым маральныя прынцыпы
цёмна, бы ў будцы сабачай, — і ніяк не прыходзіць сон
мама, думаеш, хіба тут магчыма выбіцца ў сьветлыя рыцары?
але мама п’е ацэтон, мама п’е ацэтон

так часта бачыш машыны пад домам з насілкамі і санітарамі
(пад халатам — пагоны, прышытыя дома каханымі)
што і сам чакаеш званка, блытаеш дні зь серыяламі
глядзіш, як сонца заходзіць, як сонца ўзыходзіць
чакаеш, і па цябе прыходзяць

краіна — гэта ня лес, не азёры, мама, не сябры і нават ня школа
гэта чатыры сьцяны, чатыры кубікі галаперыдолу
шэсьць паўжывых абласьцей галаўнога мозгу
бясконцы памежны шлагбаўм псіхозу
але, мама, я ўсё адно чакаю Дзеда Мароза

Сяргей Прылуцкі. Фота Алены Казловай

Яшчэ вершы Сяргея Прылуцкага ва ўласным выкананні:

Герой эпохі стабільнасьці  

Калі ты жыў з бацькамі...

Контурная карта памяці

Лакальныя ўнутраныя канфлікты

Мантра

Пакуты юнага Вертэра

Пацаны

Шлюб

Юра

Як цудоўна ня мець...

 

Сяргей Прылуцкі

Паэт, празаік, перакладчык. Нарадзіўся ў 1980 годзе ў Берасці. Жыве і працуе ў Кіеве. Аўтар кнігі вершаў "Дзевяностыя forever" (2008), кнігі дэгенератыўнае прозы "Йопыты дзьвух маладых нелюдзяў" (пад псеўданімам Сірошка Пістончык у суаўтарстве з Уласікам Смаркачом, 2009). Перакладае з украінскай, польскай і ангельскай моваў.

На сёння на сайце Беларускага літаратурнага радыё размешчаныя творы ў аўдыязапісах больш як пяцідзесяці паэтаў, празаікаў і перакладчыкаў.

Прэсавая служба СБП