Сяргей Рублеўскі атрымаў літаратурную прэмію “Гліняны Вялес”

У Полацкім музеі беларускага кнігадрукавання 7 мая прайшла ўрачыстая цырымонія ўручэння штогадовай недзяржаўнай літаратурнай прэміі “Гліняны Вялес-2012”, якую з 1993 года прысуджае літаратурная суполка “Таварыства вольных літаратараў” (ТВЛ).

Прэмія ўручаецца за лепшую мастацкую беларускамоўную кнігу папярэдняга года. Па выніках 2012 года яе лаўрэатам стаў празаік і публіцыст з Віцебска, член Саюза беларускіх пісьменнікаў Сяргей Рублеўскі. Узнагароду яму прынесла кніга эсэ і мініяцюр “Паспець надыхацца”, якая пабачыла свет ў мінскім выдавецтве “Медысонт”.

Гэты зборнік – сёмы ў бібліяграфіі пісьменніка. Сяргей Рублеўскі скончыў фізіка-матэматычны факультэт Віцебскага педагагічнага інстытута. Працаваў настаўнікам на Капыльшчыне. Больш за 30 гадоў таму прышоў у журналістыку. Спачатку з’яўляўся карэспандэнтам у раённых і абласной газеце, потым, напрацягу 18 гадоў, быў галоўным рэдактарам абласной газеты "Народнае слова". Зараз працуе намеснікам начальніка галоўнага ўпраўлення юстыцыі Віцебскага аблвыканкама – начальнікам аддзела па архівах і справаводстве.

Апроч “Паспець надыхацца”, у шорт-ліст сёлетняй прэміі ўваходзілі яшчэ чатыры выданні: “Малітва воч” Эдуарда Акуліна, “З гэтага свету” Леаніда Галубовіча, “Шал” Юрыя Станкевіча і “Ланцуг” Андрэя Федарэнкі.

Па традыцыі лаўрэат атрымлівае сімвалічную ўзнагароду – выраблены з гліны стод старажытнага апекуна мастацтваў – бога Вялеса. Гэта беларускі “калега” грэчаскага Апалона. Эскіз узнагароды стварыў полацкі мастак Сяржук Цімохаў, а ў гліне яго ўвасобіў наваполацкі кераміст Валеры Дунеўскі.

ТВЛ адмыслова спынілася на прызе, зробленым не з каштоўнага матэрыялу. “Мы шукалі такую назву прэміі, якая б была ўкарэненая ў нашу беларускую традыцыю. І вырашылі, што прэмія наша – нонкафармісцкая, яна не павінна быць ні залатой, ні срэбранай, ні дыямантавай. А павінна быць глінянай. Бо менавіта з гліны Бог стварыў чалавека. Увогуле гэта ўніверсальны матэрыял. Фактычна ў кожнай хаце ёсць нейкі выраб з гліны”, – патлумачыў старшыня арганізацыйнага камітэта літаратурнай прэміі "Гліняны Вялес", беларускі паэт і выдавец Алесь Аркуш.

На “Гліняным Вялесе” ёсць яшчэ адна добрая традыцыя: на цырымоніі ўганаравання лаўрэат абавязкова выступае з “інагурацыйнай” прамовай. “Мне здаецца, што прэміі заўсёды даюцца “па блаце”. Ніколі не верыў, што гэта аб’ектыўная рэч. Але калі ў інтэрнэце ўбачыў навіну пра тое, што стаў лаўрэатам гэтай прэміі, то не паверыў сваім вачам”, – прызнаўся Сяргей Рублеўскі.


І адзначыў: “Прысуджэнне мне такой беларускай, глінянай па сваёй прыродзе, прэміі ўсцешвае і натхняе. Алесь Аркуш ужо “прымерваў” мяне на гэту ўзнагароду 10 гадоў таму, пасля выхаду ў свет маёй першай кнігі “Апостраф”. Вельмі ўсцешаны, што Алесь і яго паплечнікі на працягу часу не згубілі цікаўнасць да маёй творчасці. Прыемна адчуць, што пратаптаная табой на квітнеючым лузе красомоўства сцяжынка ўсё яшчэ прываблівае позіркі, не заціснута бадыллем забыцця. “Гліняны Вялес” мусіў мяне задумацца аб грамадскім ці вузка прафесійным прызнанні плёну пісьменніка і аб тым, як ставіцца да сарванай з ухвальнай галіны лаўровай лісцінкі. Падумаў і ўзрадваўся. Бо я даўно выспеліў у сваёй душы шчаслівыя адносіны да літаратурнага быцця. Я перакананы: уся, да апошняй кроплі, яго пакутніцка-пагібельная асалода – у самім працэсе, у пісанні. А вынік – толькі падстава для таго, каб перамяжыць дыханне”.

Сёлета “Гліняны Вялес” святкуе сваё 20-годдзе. За гэты час лаўрэатамі прэміі станавіліся такія выбітныя беларускія літаратары, як Алесь Разанаў, Славамір Адамовіч, Уладзімір Арлоў, Альгерд Бахарэвіч, Валянцін Акудовіч, Віктар Казько, Уладзімір Някляеў і іншыя. Так атрымлівалася, што дасюль гэта была ў асноўным “мужчынская” ўзнагарода: за дваццацігоддзе на цырымонію “вялесавання” запрашаліся толькі дзве жанчыны – Людка Сільнова (1994 год) і, праз десяцігоддзе, Алена Брава.

Стаць лаўрэатам прэміі ТВЛ можна толькі аднойчы ў жыцці. І тут, як кажа Алесь Аркуш, нічога не папішаш: “Часам мне закідваюць: што гэта ў вас за шорт-ліст такі, чаму там няма Арлова, Разанава?! Я адказваю, што гэтыя пісьменнікі ўжо атрымлівалі “Глінянага Вялеса”. І ў другі раз, згодна са статутам прэміі, яго ім нельга ўручаць”.

Таццяна Мацьвеева, фота аўтара, TUT.BY