Сяргей Вераціла: «Можа быць, калі б не літаратура, то павесіўся б»

Летась Сяргей Вераціла выдаў сваю першую кнігу, а сёлета 53-гадовы аўтар трапіў з ёю ў лонг-ліст прэміі Гедройца. Літаратуразнаўца і гісторык Анатоль Трафімчык сказаў «Салідарнасці»: «З-пад пяра Сяргея Верацілы мастацкія творы выходзяць рэдка, але ўсе яны вартыя ўвагі. Чытач не пашкадуе, чытаючы іх. Адчуваецца, што Вераціла піша перадусім душою».

 

— Што вы адчулі, калі даведаліся, што вашая кніга «Разбітае сэрца Вітаўта» прэтэндуе на прэмію Гедройца?

— Я ведаў, што яна туды трапіць. Бо я напісаў кніжку. Не ўсё, што на паперы і пад вокладкаю, з’яўляецца кніжкай, але я напісаў кніжку. Таму ў мяне не было ніякага здзіўлення. Здзіўляўся я ўжо на ўручэнні прэміі, калі мне не далі ніякага месца.

 

— Колькі месцаў працы вы змянілі за жыццё?

— Ой, шмат.

— Каля 10?

— Каля 20. Працаваў і токарам, і слесарам, і інструктарам, і перакладчыкам ў БелТА... Дзе толькі не працаваў. Нават докерам (грузчыкам) працаваў у Клайпедзінскім порце.

— Вы таксама некалькі гадоў працавалі вартаўніком, ахоўвалі лецішчы пісьменнікаў у Лысай гары.

— Так, працаваў у кааператыве Саюза пісьменнікаў «Узгор’е».

— Былі спробы рабавання?

— Былі. Але ж няма там чаго асабліва рабаваць. У савецкія часы людзей маглі зацікавіць сякеры і рыдлёўкі, а зараз усё капеечнае, няма сэнсу красці.

Няма ў нас матэрыяльна багатых пісьменнікаў. Хіба што Лёня Дайнэка, але ён жа не як пісьменнік багаты, а як уладальнік брэнду гарэлкі «Генерал». Гэта ж не савецкія часы. Мне за кнігу далі 200 долараў. На гэтыя грошы я зрабіў вечарыну ў музеі Багдановіча. Але я яшчэ задаволены, што мне не прыйшлося плаціць за выданне кніжкі.

Ахоўнікам на лецішчах працаваў чыста для парадку. І мне там было добра. Беларускамоўнае асяроддзе, былі нават людзі, якіх можна назваць інтэлектуаламі, з якімі можна пагаварыць. Напрыклад, Максім Клімковіч, Алесь Жук, стары Алесь Савіцкі — хоць ён з таго сабачага саюза <...>. Але ў нас было пагадненне, што на некаторыя тэмы мы проста не гаворым, каб не сварыцца.

Зімою там таксама вельмі добра было. Нікога навокал, снег, печка, музыка, кніжкі, рукапісы. Я па натуры воўк, мне гэта падабалася.

— Зараз чым зарабляеце на жыццё?

— Як сацработнік — даглядаю маці, ёй 88 гадоў. У нас двухпакаёўка ў мястэчку Краснае сяло, Ваўкавыскі раён. Пра краснасельскія мелавыя кар’еры, беларускія Мальдзівы чуў? Вось там я і жыву.

У мястэчку 8 тысяч насельніцтва, шмат прадпрыемстваў. Робяць цэмент, шыфер, вапну, і людзі трохі зарабляюць. Машын як гразі, у двары стаіць ці не па дзве на сям’ю. Пенсіянеры жывуць, як ніколі яны не жылі. За Сталіным пенсіі ж увогуле не давалі.

Слой насельніцтва, які сёння сапраўды пакутуе, — маладыя людзі. Бо існуе праблема жытла. Вось ты жывеш у Мінску, для цябе набыць жытло — па-за ўзроўнем мары.

— Чаму вы змяняеце месцы працы?

— Каб было за што жыць, я бы ўвогуле нідзе не працаваў. Чытаў бы, пісаў бы, музыку слухаў, кіно глядзеў, садам бы займаўся.

Можа быць, калі б не літаратура, то зараз павесіўся б. Літаратура для мяне значыць абсалютна ўсё. Калі мне яшчэ некалькі гадоў адпушчана, хачу напісаць і расказаць людзям трохі таго, што амерыканцы называюць story.

— Вы жылі ў Эквадоры. Як вас туды занесла?

— Калі вучыўся на філфаку БДУ, пазнаёміўся з дзяўчынаю родам з Лацінскай Амерыкі. Паводле паходжання яна басконка, а паводле пашпартнай прыналежнасці эквадорка. У нас нарадзіўся хлопчык, Ян Францыск Сяргеевіч Вераціла Бэрэсуэта. Мы ажаніліся, паехалі ў Эквадор.

Пражылі там 9 месяцаў і зразумелі, што не магу я там. Ёсць людзі, якім усё роўна дзе жыць. А я адчуваю повязь з гэтай зямлёю. І не проста з тэрыторыяй, якая завецца Рэспубліка Беларусь, а канкрэтна са сваёю Радзімаю — Ваўкавыскаю зямлёю.

Мы вярнуліся з сям’ёю сюды, жонка давучвалася, у нас нарадзілася дачка, Ляля Марыя Эліза. Дзеці з’ехалі з Беларусі вельмі маленькімі, былая жонка жыве ў Англіі, замужам. Дачка ў Лондане вучыць маленькіх дзетак з розных краін свету. Сын жыве ў Эквадоры. Хаця яму там даволі няўтульна, бо ён не падобны да асноўнага насельніцтва краіны. Сын высокі, светлы. Спрабаваў нават фарбаваць валасы ў чорны колер, каб быць падобным на астатніх. Ён чалавек рознабакова развіты, любіць мяняць працы. Ён спартовец, вэб-майстар, музыкант, мастак.

— Дзеці вас наведваюць?

— Не. Дачка звоніць з Лондану час ад часу. Бо я не ўмею карыстацца кампутарам, калі навучуся, то будзем размаўляць па скайпу і перасылаць адзін аднаму емэйлы. Прыемна, што дачка пачала вучыць беларускую мову.

— Вы сапраўды 10 моваў ведаеце?

— Гэта трошкі перавелічэнне. Ведаю гішпанскую, разбіраюся ў італьянскай, румынскай, партугальскай, трошкі магу чытаць па-французску. Трошкі ведаю нямецкую, ну і славянскія мовы.

— Вы маглі калі-небудзь загінуць?

— Мільён разоў. У дзяцінстве чатыры разы тануў, але сам выплываў. У дарослым жыцці бывала зашмат выпіваў. Потым сам адыходзіў, але мог упасці і прапасці.

— Вы можаце назваць сябе п’яніцам?

— Так. Магу выпіць і кожны дзень, а магу і не піць. Я не залежу ад гарэлкі, хай яна ад мяне залежыць, хай яна за мною ходзіць.

 

 

— Беларусь нядаўна абвясцілі самай пітушчай нацыяй. Якія, на ваш погляд, прычыны гэтага?

— Думаю, гэта ў асноўным сацыяльнае п’янства, выкліканае безвыходнасцю. Малады чалавек ведае, што як бы ён ні стараўся, у яго не будзе ўласнага кутка.

Другая прычына — інтравертнасць беларусаў. У нас вельмі закрытыя людзі, і каб трохі разняволіцца, ім трэба выпіць альбо травы пакурыць. Можа таму, што мала ў гэтай краіне сонца. Усё ў сабе носяць. Магчыма, гэта прычына і вялікай колькасці самагубстваў. Паміранне ад гарэлкі — той жа від самагубства. Я б рэкамендаваў нічога не ўжываць, калі можна абыходзіцца без алкаголю.

Плюс Чарнобыль паўплываў. У мяне нядаўна, з 8 на 9 траўня, у Берліне сябар памёр. Вельмі абалдзенны гітарыст. У гарадскім сімфанічным аркестры граў. У яго меланома была, рак скуры. Помню, ехалі мы з ім у маладосці з Грузіі перакладнымі, вылезлі ранкам у Жлобіне. А ўжо пачалася спякота, мы знайшлі возера, распрануліся і цэлы дзень ляжалі пад сонцам. Гэта было 27 красавіка 1986 года. Думаю, гэтае чарнобыльскае сонца яму войкнулася.

— Якія рысы беларускага нацыянальнага характару вы можаце вылучыць?

— Беларус начальства не любіць, якое б яно не было. Але ў душы кожны беларус — начальнік. У савецкай арміі з беларусаў набіралі сярэдні склад афіцэрскага саставу. Маёры, палкоўнікі — вельмі шмат беларусаў сярод іх было. Выканаўчыя, службістыя, адказныя, спакойныя. І пры гэтым не імкнуцца стаць генераламі.

Чытаў артыкул са статыстычнымі дадзенымі па беларускай дыяспары ў ЗША. Няма сярод яе мультымільянераў. І амаль што няма тых, хто жыве, як кажуць, на вуліцы. Мара беларуса — быць сярэднім класам. Быць як усе. Каб усё было як у людзей.

Калі беларус дасягнуў вызначанага для сябе ўзроўню дабрабыту, яго не будуць хваляваць ніякія праблемы. Хоць скажы яму, што заўтра сонца абрынецца на зямлю. Вось у яго шырспажывам кватэра набітая, чатыры калясы пад сракай ёсць, лядоўня набітая — усё астатняе яму пофіг.

Мы столькі перажылі хваляў этнацыду, што прывыклі хавацца ў бульбу, у гліну, у лес, куды заўгодна. А яшчэ беларусы амаль пагалоўна ведзьмакі.

— У сэнсе?

— У прамым сэнсе. Яны пра гэта самі не ведаюць. Кепскае вока, цяжкая рука — гэта ў беларусаў павальна.

Я ўсё сваё жыццё адчуваю зайздрасць (хаця не магу зразумець з-за чаго — можа маёй свабодзе зайздросцяць?), і што мяне сурочылі. Узяць хаця б маё сямейнае жыццё, якое развалілася на пустым месцы. Некалькі гадоў таму я моцна хварэў, перанёс на нагах інфаркт. Пачаў адчуваць з дня ў дзень, што я вельмі слабы, вельмі хутка стамляюся. І вось мы з сябрам абганялі бульбу. Ён быў за каня, я ішоў за плугам...

— Хацелі сказаць, сябар вёў каня?

— Ды не, ён запрэжаны быў. А я за плугам ішоў. Сябар кажа: бачу, ты ледзь не падаеш, табе зусім кепска. Правёў рукою (а ён усё вельмі добра адчувае) і кажа: у цябе зусім ніякае сэрца. Я пайшоў, зрабіў кардыяграму, УЗІ. Таня, доктарка, расказвае: цукар, халестырын, ныркі, печань — усё добра.

— А сэрца?

— Вераціла, табе прыемна сказаць ці праўду?

— Праўду.

— Сэрца — гаўно.

Пасля гэтага сябар зняў мне сурокі. Для гэтага трэба купіць, не гандлюючыся, адно яйка, сесці на ўсход, і каб табе гэтае яйка пакаталі па спіне. Сябар як разбіў яйка, то жаўток быў проста чорны. Вось так знялі сурокі, а таму, хто мне гэта зрабіў, стала кепска.

— Раскажыце пра сваё знаёмства з Караткевічам.

— Мне 14 гадоў тады было. Зайшоў у госці да свайго далёкага сваяка, дзядзькі Міхася Верацілы. Сядзяць у яго мужыкі, пра цікавае расказваюць. А я тады быў рускамоўны і ідэнтыфікаваў сябе з рускім. Паслухаў іх і кажу: «Такие умные дядьки и говорят на этом колхозном языке».

Караткевіч паглядзеў на мяне: «Такі разумны прыгожы малады чалавек, а саромеецца роднай мовы». Мне стала вельмі няёмка, і я сышоў.

— Знаёмства з Анатолем Сысам чым запомнілася?

— Мы пазнаёміліся, калі ён яшчэ не піў і спортам захапляўся. Качаўся, лёгкай атлетыкай займаўся, не лаяўся і не ўжываў брыдкіх расійскіх словаў.

— Што з ім пазней здарылася?

— Думаю, яго папсавала ранняя слава. Прыехаў у Мінск — «О, Толя, вялікі паэт... давай вып’ем». Усё так лёгка, усе вакол геніі, і ты геній. Назаўтра баліць галава, трэба пахмяліцца, ізноў геніі сабраліся. Шмат у каго так. Непітушчыя пісьменнікі — адзінкі.

Па-другое, у яго не было схільнасці (і ніхто яго не навучыў) да сістэмных заняткаў. Калі чалавек нечым сістэмна займаецца, у яго выпрацоўваецца звычка, а значыць менш часу застаецца на распусту. Толік проста распусціўся. Казаў, што збіраўся пісаць прозу, аповесць пра Паўлюка Багрыма, але я ведаў, што ўсё гэта лапша.

— У каго яшчэ са знаёмых літаратараў назіралі трагічны лёс?

— Пісьменнік сам па сабе — гэта ўжо трагічны лёс. Гэта ж ненармальна — сядзець і нейкія словы звязваць паміж сабою. Гэта выракае чалавека на самоту. Ды яшчэ ў нашых умовах, калі беларуская літаратура нікому не патрэбна...

З іншага боку, у гэтым нешта ёсць: пісаць на мове паміраючага народу. Як казаў нямецкі паэт Гёрдзерлен, вельмі лёгка плыць уніз па плыні, але куды больш годна стаяць пасярод плыні як скала і рассякаць яе на дзве часткі.

 

Руслан Гарбачоў, gazetaby.com