Сяргей Законнікаў: Гледзячы праўдзе ў вочы

16 верасня вядомы беларускі паэт, грамадскі дзеяч, лаўрэат Дзяржаўнай прэміі Беларусі, сябар Рады Саюза беларускіх пісьменнікаў Сяргей ЗАКОННІКАЎ адзначыў свой 65-гадовы юбілей.

Жадаем Сяргею Іванавічу здароўя і радасці, шчыра зычым, каб «радкоў маланкі» ў ягонай творчасці «бліскалі» яшчэ доўгія шчаслівыя дзесяцігоддзі і каб да стогадовага веку не стамляўся ён «лавіць і занатоўваць святло»!

 

 

Зязюля кувае

Зязюля кувае…
А ты памаўчы,
Цярпліва сачы, як на ўсю далячынь
Разносіцца вольна пяшчотнае рэха.
Вяшчунню, што век нам жадае злічыць,
Не трэба палохаць ні плачам, ні смехам.

Травой зелянее магільны грудок, 
У заўтра імкнецца дзіцячы слядок —
Нікому зямля не становіцца мулкай…
Мне помніцца матчынай песні радок:
«Ай, што за думкі ў шэрай зязюлькі?»


Падзол

Яго прыцягненне адчуў у маленстве,
Як пешкі хадзіў пад стол.
Людзей дзеля лусты да поту ўкленчваць
Змушае шэры падзол.

Лягчэй пад сонцам расці з чарназёму
Румяным, як калабок,
Але ж у бязмежжы касмічнага Дому
У кожнага свой куток.

Няшчодры, ды твой,
Ён — пад намі,
Над намі…
Жыццё — някепскі прыкол…
Любоўю чапляюся, як каранямі,
За вечна родны падзол.


Па адным

У свеце зменлівым, зямным
Заведзены расклад нязводны —
Мы паміраем па адным,
А не паротна,
Не паўзводна.

Мне ў гэтым бачыцца якраз
Усеабдымнае сіроцтва, 
Бо мы праз час
І час праз нас —
Ляцім асобна і смяротна…


Далонь

Разам ласка,
Мілосць
І трывога
Апяклі пасівелую скронь…
Як апошні дарунак Бога,
Па шчацэ сцякае далонь.


Палёт

Паэта слова — гэта той палёт
За край нікім не бачаных зямель,
Дзе не патрэбен гонкі самалёт
Або круты касмічны карабель.

Паэт знішчае рабства,
Гвалт
І фальш,
Ён уцякае ад тупых згрызот
З вакна нагамі ўперад —
На асфальт,
Ці галавой —
У лесвічны пралёт.
Так…
Нават натуральны адыход
Таго, чыё натхненне —
Волі вось,
Не адмяняе зманлівы палёт
Праз вечнасць,
Неабжытую наскрозь.

Паэт ляціць адсюль у новы свет, 
Не пакідаючы звычайны след…
А застаецца толькі сіні жаль,
Радкоў святло,
Нябачнае амаль.


Палітыка

Залы, святлом залітыя,
Слоў трыбунных цвікі…
Гэта не ўся палітыка,
Гэта толькі вяршкі.

Праўда не мае літасці,
Кажа ўсім: «Не грашы!».
Смела вяршыць палітыку
Сорам збалелай душы.


Вынік


Цуд з лозунгаў,
Нібыта з цеста,
Пячэ палітыканаў рой,
А вынік кожны раз не той —
Свабода, роўнасць і братэрства
Не на Зямлі,
А пад зямлёй.


Пра сабак

З маленства я люблю сабак,
Бо з імі не марнеў дакукай.
Гавораць пра людзей аднак:
«Вунь той — кабель,
А гэта — сука!»

Хоць крыўдна за сяброў, павер,
Але ў жыцці, ад рабства даўкім,
Люд рве ў пагонах бультэр’ер,
Хлусню якочуць тэлешаўкі.
А там, глядзі, — мардаты пёс,
Нібы хвастом, віляе с..акай,
Начальніку мундзір абтрос,
Пыл з ботаў вылізаў…
С-с-а-ба-ка!


Сярэдзіна залатая

Усе мы шукаем тую
Сярэдзіну залатую,

Якую ў спрэчках упартых
Зацвердзім строгім стандартам.

Ды толькі ці ёсць яна — тая 
Сярэдзіна залатая?

Ці ёсць сярэдзіна ў мары,
У веры, што ў сэрцы ўладарыць?

Ці ёсць яна ў жорсткім змаганні,
У неспасціжным каханні?

Няўлоўнаю птушкай лятае
Сярэдзіна залатая.


Узрост

Крок мой здольны сарвацца —
Стаў хісткім долечкі мост.
Можна ў цішы схавацца,
Маючы выспелы ўзрост.
 
Толькі ў няспынным часе,
Звыклым радню забіраць,
Ёсць яшчэ іпастасі:
Муж,
Бацька,
Дзядуля,
Зяць.

Ёсць у мяне Айчына,
Ёй, як і людзям, баліць.
Каб заставацца сынам,
Трэба аглядку спаліць.

Зноўку радок сірочы
Сэрца крывава шкрабе…
Гледзячы праўдзе ў вочы,
Я не шкадую сябе.


За што аддаць душу?

Маіх гадоў сплывае рэшта
За далягляд паволі…
Адно не смешна і не грэшна —
Аддаць душу за волю.


Дно


Кубак ці жыццё сваё здаўна
Звыклі людзі выпіваць да дна.

Вось і я супынку не прашу,
Шчыра выварочваю душу.

Толькі гэта не мая віна,
Што ў душы —
Ні накрыўкі, ні дна!


Стан

Радкоў маланкі бліскаюць на ўсходзе,
Лаўлю і занатоўваю святло…
Няважна, колькі часу так прайшло,
Я сам сабе скажу, як трэба: «Годзе!»

Не абцяжараны ні з кім дамовай,
Пішу, бо ўсё ж яно было спярша…
На стан свой дзёрзкі моліцца душа…
Жыццё праходзіць —
Застаецца слова. 

Калыска і пагост


Любоў цячэ да кроны ад камля…
Басяць бары на сінім даляглядзе,
Антонаўкі жаўцеюць смачна ў садзе —
Шчыруе неўміручая зямля,
Якой за долю я ні ў чым не здрадзіў,
Бо не крывіў, ішоў душой наўпрост…
Цяпер жа прад жыццём і прад нябытам,
Каб смелым рухам завяршыць набытак,
Хачу, як дрэва, стаць на поўны рост…
Мая зямля —
Калыска і пагост.

novychas.org