Сяргею Кавалёву -- 50! Віншуем!

Сяргей Валер'евіч Кавалёў. Фота svaboda.org

Шаноўны Сяргей Валер'евіч! Прыміце найшчырыя віншаванні з юбілеем і пажаданні моцнага здароўя, дабрабыту, поспехаў у прафесійнай і творчай дзейнасці, а таксама плёну і радасці кожны дзень Вам і Вашым блізкім!

ГА "Саюз беларускіх пісьменнікаў"

Сяргей Кавалёў нарадзіўся 20 чэрвеня 1963 года ў Магілёве. Скончыў філфак Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта (1985), дзе пазней працаваў выкладчыкам на кафедры гісторыі беларускай літаратуры. Кандыдат філалагічных навук з 1991 г., доктар філалагічных навук з 2002 г. Цяпер прафесар Люблінскага ўніверсітэта імя Марыі Кюры-Складоўскай (Польшча).

Як літаратар пачынаў з вершаў (падборка “Шыпшына” ў калектыўным зборніку “Лагодны прамень раніцы”, 1988) і казак (“Мэва”, 1988), быў адным з кіраўнікоў таварыства “Тутэйшыя”, з 1989 года -- сябра ГА "Саюз беларускіх пісьменнікаў". На пачатку 90-х гг. зацікавіўся тэатрам, распрацаваў жанр герменеўтычнай драматургіі (“Стомлены д’ябал”, “Трышчан ды Іжота”, “Чатыры гісторыі Саламеі”, “Францішка, або Навука кахання”, “Тарас на Парнасе” і інш.) Шмат піша для дзіцячага гледача (“Хохлік”, “Піліпка і Ведзьма”, “Шлях да Батлеему”, “Пацалунак ночы”, “Пясчаны замак” і інш.). П’есы ставіліся ў Беларусі, Расіі, Украіне, Польшчы, Славакіі. Апублікаваныя ў зборніках “Хохлік” (2002), “Стомлены д’ябал” (2004), “Навука кахання” (2005), „Zmęczony diabeł” (Lublin, 2004), “Шлях да Бэтлеему” (2009), “Сёстры Псіхеі” (2010) і іншых.

Прэс-служба ГА "Саюз беларускіх пісьменнікаў"