Сяргею Панізніку — 75!

Сяргей Панізнік нарадзіўся 10 мая 1942 года ў весцы Бабышкі на Мёршчыне, у сялянскай сям'і. Скончыў Магілёўскае медыцынскае вучылішча (1962), факультэт журналістыкі Львоўскага вышэйшага ваенна-палітычнага вучылішча (1967). Ваенны журналіст, член Саюза пісьменнікаў Беларусі (1967). З 1977 працаваў у газеце «Вячэрні Мінск», з 1980 — на Дзяржтэлерадыё БССР, у 1982-96 — у выдавецтве «Юнацтва», адначасова ў 1992-94 — у Нацыянальным навукова-асветніцкім цэнтры імя Ф. Скарыны, у 1996-99 — вучоны сакратар Літаратурнага музея Я. Купалы.

Друкуецца з 1959 (мае псеўданім Сяргей Папар). У зборніках паэзіі «Кастры Купалля» (1967), «Палявая пошта» (1972), «Крона надзеі» (1975), «Чало і век» (1979), «Слова на дабрыдзень» (1982), «Мацярык» (1984), «Стырно» (1989), «А пісар земскі…» (1994), «Сустрэча роднасных сусветаў» (1997) — услаўленне роднага краю і яго духоўнай спадчыны, пераемнасці пакаленняў, філасофскі роздум над часам і гісторыяй свайго народа.

Аўтар кнігі публіцыстыкі «Пасля вогненных вёсак…» (1980), дакументальнай аповесці «Браніслава» (1985), «Асвейская трагедыя» (1992) пра Саласпілскі лагер смерці.

Піша для дзяцей: зборнікі вершаў «Адкуль вясёлка п'е ваду» (1981), «Жыцень» (1986), «Мы — грамацеі» (1989), «Золкая зёлка» (1999).

ГА "Саюз беларускіх пісьменнікаў" шчыра віншуе вас, Сяргей Сцяпанавіч, з днём нараджэння, зычыць моцнага здароўя, новых вершаў і, канечне, добрага настрою ў гэты дзень.

Прэс-служба ГА "Саюз беларускіх пісьменнікаў"