Сяргею Законнікаву — 70!

Шаноўны спадар Сяргей! Сардэчна віншуем Вас з юбілеем і жадаем моцнага здароўя, даўгалецця, дабрабыту, плёну ва ўсіх справах -- усяго найлепшага Вам і Вашым блізкім!

ГА "Саюз беларускіх пісьменнікаў"

Сяргей Іванавіч нарадзіўся 16 верасня 1946 года ў вёсцы Слабада Бешанковіцкага раёна Віцебскай вобласці ў сям'і настаўнікаў. Закончыў філалагічны факультэт Беларускага дзяржаўнага універсітэта (1969). Працаваў настаўнікам у Барысаўскім раёне, карэспандэнтам раённай газеты «Патрыёт» (г. п. Ушачы), сакратаром Ушацкага райкама камсамола, загадчыкам аддзела сельскай моладзі ў «Чырвонай змене», карэспандэнтам аддзела літаратуры і мастацтва газеты «Звязда». З 1978 года інструктар, а з 1979 — загадчык сектара мастадкай літаратуры аддзела культуры ЦК КПБ. Доўгі час узначальваў рэдакцыйны калектыў часопіса «Полымя» (1986–2002). З 1990 – член Рады Саюза беларускіх пісьменнікаў.

Злева направа: Анатоль Вярцінскі, Васіль Зуёнак, Сяргей Законнікаў

З вершамі выступае з 1963 года. Аўтар паэтычных зборнікаў «Рунь» (1970), «Бяседа» (1973), «Устань да сонца» (1976), «Пакуль жыве мая бяроза» (1981), «Вера, Надзея, Любоў» (1983), «Прысак часу» (1986), «Сутнасць» (1987), «Вечная далеч» (1987), «Заклінанне» (1991), «Святая воля» (1993), «У вочы вечнасці гляджу» (2000), «Лістам дарога запала» (2000), «Гэта мы» (2007), эсэістычна-публіцыстычных твораў «Беларускае сэрца» (1993), падарожных нарысаў «Вячэра пад райскім дрэвам» (1993).

Узнагароджаны ордэнам «Знак Пашаны», медалём, ордэнам Украіны «За заслугі» III ступені (2006), ганаровай граматай Вярхоўнага Савета БССР. За кнігу лірыкі «Пакуль жыве мая бяроза» ўдастоены звання лаўрэата Літаратурнай прэміі імя Аркадзя Куляшова (1982). Лаўрэат Дзяржаўнай прэміі Беларусі імя Янкі Купалы (1992) за кнігу «Заклінанне». У Польшчы уганараваны Міжнароднай літаратурнай прэміяй імя Вітольда Гулевіча (1996) за кнігу «Чорны конь Апакаліпсісу». На Украіне С. Законнікаву прысуджана Міжнародная літаратурная прэмія імя Рыгора Скаварады за цыкл вершаў «Жыві, Украіна!» (1997).

Чаканне

Хоць дождж і б’е,
і лашчыцца,
А ты усё адно
У сінім лёгкім плашчыку
Спяшаешся ў кіно.
Куды ад суму дзенешся? —
Не ведае ніхто.
З маўкліваю надзеяю
Брыдзеш каля платоў.
А потым чуйна слухаеш
Чужую казку слоў.
Пакуль у цёмным клубе
Не ўспыхне зноў святло.
У сэрцы ўсё не месціцца,
Дый некаму аддаць...
Ідзеш за жоўтым месяцам,
Блішчыць слюдой вада.
А хутка тут засцюдзіцца
Сняжынны карагод.
Ты верыш: нешта збудзецца
Цяпер, а мо праз год.
...Хоць дождж і б’е,
і лашчыцца,
А ты усё адно
I заўтра ў лёгкім плашчыку
Спяшаешся ў кіно.

Сяргей Законнікаў

Прэс-служба ГА "Саюз беларускіх пісьменнікаў"