Сьвята паэзіі ў Гарошкаве

30 кастрычніка ў вёсцы Гарошкаў Рэчыцкага раёну ладзілася сьвята паэзіі «Дух — гэта, людзі, Я». Яно прымеркавана да 51-й гадавіны з дня народзінаў слыннага земляка, паэта Анатоля Сыса.



Сьвята пачалося а 12-й гадзіне ускладаньнем кветак да помніка Анатолю Сысу на гарошкаўскіх могілках. Тут пахавалі яго ў траўні 2005 году пасьля заўчаснай сьмерці.

Адведаць творцу прыйшлі родныя, сябры, прыхільнікі творчасьці паэта зь Менску, Гомелю, Веткі, Рэчыцы, Сьветлагорску.



Родная сястра Анатоля Сыса спадарыня Тамара: «У Анатоля ёсьць верш „У нагах пасадзіце рабіну“. Вось гэтую арабіну мы й пасадзілі, як ён нам наказваў, на пятым годзе. Дзякуй усім! І ўсіх запрашаю на падворак да Анатоля Сыса. Прыходзьце ўсе да нас».

З могілак грамада накіравалася ў цэнтар Гарошкава, дзе ля чыста пабеленай роднай хаты ўжо з мэмарыяльнай дошкай паэту і працягвалася сьвята.



Верш Анатоля Сыса «Дух — гэта, людзі, Я», які й даў назоў сёлетняй імпрэзе, чытае стрыечны брат паэта й цёзка па прозьвішчы Сяргей Сыс:

«Я сынам сваёй Айчыны
Завуся да той часіны,
Як памяць бунтуе мая.
Дух — гэта, людзі, Я.
У шчасьці альбо ў самоце
Мне шэпчуць крыльцы ў палёце
Гарошкаўскага матыля.
Дух — гэта, людзі, Я».

Сьвята паэзіі на панадворку Анатоля Сыса ўжо ладзіцца шосты раз запар. І літаральна да кожнага зь іх знаходзяцца новыя згадкі пра творцу, дасьледаваньні, успаміны. Знаходзяцца новыя вершы, пародыі. Адшукалася нават апавяданьне, якое напісаў Анатоль ў маладыя гады.

Дасьледчыца з польскага Беластокскага ўнівэрсытэту Аліна Ваўранюк прысьвяціла творчасьці беларускага паэта магістарскую дысэртацыю: «Анатоль Сыс — паэт трагічнага лёсу».

Польскія кінадакумэнталісты зьнялі й фільм пра паэта, названы «Сыс пра Сыса». Фільм гэты сёньня быў прэзэнтаваны ў Гарошкаве.

Вершы на панадворку Сыса чыталі Ларыса Раманава, Вадзім Болбас, Генадзь Лапацін.

Да сьвята выйшла й кніга Леаніда Галубовіча «Сыс і кулуары». Сам аўтар ня змог прыехаць сёньня ў Гарошкаў. Але перадаў кнігу з сымбалічным надпісам: «У музэй Анатоля Сыса ў Гарошкаве».

Сяргей Сыс: «За гады, што Анатоля няма, сабралася шмат рэчаў, шмат публікацый, зьвязаных зь ягоным жыцьцём. І яны могуць стаць асновай стварэньня мэмарыяльнага музэю ў памяць Анатоля.


Музэй быў бы й культурным апірышчам Рэчыцкага раёну, ён прыносіў бы гонар і славу. Зь іншага боку, гэта было б важна й для выхаваньня маладога пакаленьня. Бо Анатоль аддана любіў і вялікую радзіму — Беларусь, і свой Гарошкаў. Гэта важна з многіх бакоў. І таму ўладам трэба было прыгледзецца, пайсьці насустрач і ўзяць спачатку гэты дом хаця б на балянс.

Сёстры гатовыя працаваць у музэі бескарысьліва. Але спачатку трэба зьберагчы гэты дом, гэтую спадчыну, якая засталася й кожны год узбагачаецца».

Грамадзкі дзеяч, сябра Саюзу беларускіх пісьменьнікаў Алесь Бяляцкі лічыць, што Анатоль Сыс быў фэнамэнальнай постацьцю нашага супярэчлівага часу — і як паэт, і як грамадзкі дзеяч. Гэтае спалучэньне й дало плён у ягонай творчасьці:

«Людзі любяць ягоныя вершы, людзі цэняць, я б сказаў так, тыя асноўныя рэчы, якія ён закладаў у сваю творчасьць. Як мне падаецца, гэта павага да роднай мовы, да беларускай культуры. І гэта выяўленьне такой свабоды асабістага „Я“ — таго, чаго зараз вельмі не хапае ў беларускім грамадзтве».

svaboda.org