Сьвятыя падпольшчыкі

Аўтар: Аляксей Шэін

Калі я пачуў, што ў савецкай Беларусі квітнеў падпольны хрысьціянскі друк, я адразу ня даў веры. Па-першае, вядома, што Беларусь, на фоне іншых рэспублік СССР, асаблівым дысыдэнцтвам не адрозьнівалася. Па-другое, калі б тут сапраўды масава друкавалі падпольныя рэлігійныя выданьні, то пра гэта я б ужо недзе прачытаў. Але мой сябра, які пра гэта распавядаў, быў перакананы, што мае рацыю.

– Друкавалі і на месцы, і  везьлі кнігі кантрабандай, – пераконваў ён. – Прычым, друкарні тут былі самыя розныя – ад вялікіх стацыянарных да перанасных станкоў, якія можна было хутка сабраць і на мапедзе перавезьці зь лесу ў лес.

Вось гэтыя станкі мяне й зачапілі – вельмі пераканаўча гэта гучала, так, што захацелася ва ўсім разабрацца, знайсьці, пабачыць.

Таму я пачаў разьбірацца. Пачаў шукаць хоць нейкія зачэпкі. Пару тыдняў сышло на сустрэчы з тымі, хто патэнцыйна нешта мог пра гэта ведаць. Я знайшоў тэлефоны і проста адрасы людзей, якія маглі б штосьці распавесьці. Атрымаўся невялічкі сьпіс: шэсьць чалавек у Менску, а ячшэ – Пінск, Берасьце, Гарадзеншчына. Дамовіўшыся з чалавекам з відэакамэрай ды кіроўцам, вырушыў у дарогу.

Мы паехалі на Берасьцейшчыну, бо там было адразу некалькі чалавек. Першая сустрэча, у Берасьці, была ў прыватным доме. Гаспадыня, жанчына сярэдняга веку, глядзела на нас спачатку крыху недаверліва, але потым разгаварылася.

– Вось гэты тып друку называецца “сінька”, – патлумачыла яна, разгарнуўшы дзіцячы лемантар у пацёртай зялёнай вокладцы.

Я гляджу ў кнігу: на старонцы зь літарай “З” – рукі, за кратамі, складзеныя ў малітоўным жэсьце. Адно са словаў, каб дзеці маглі запомніць літару – “Зона”.  І тут жа словы з Новага Запавету: “Помните узников”.

Жанчына працягвала:

– “Сінька”, з аднаго боку, добры метад, бо ўсё можна рабіць дома. Матрыца невялікая, робіцца на анове крухмалу. Але зь іншага боку – зь яе атрымліваецца толькі сто копіяў. Таму даводзілася рабіць па некалькі матрыцаў для адной старонкі. Гэтую “сіньку” мы засвоілі першай. А потым была шоўкаграфія.

Я прыняла хрост у 1978 годзе і адразу пачала займацца друкам. Я тады была ў восьмым класе… Рабіла пераплёты, варыла таксама фарбу для шоўкаграфіі: яе асновай быў кукурузны крухмал (бульбяны быў непрыдатны), туш. Займалася ўсім гэтым, канешне, у асноўным, моладзь. Былі людзі, адказныя за тое, каб прывезьці паперу, потым адвезьці гатовыя кнігі. Дамы, у якіх друкавалі, часта мяняліся. Наша група займалася дзіцячымі кнігамі для Савецкага Саюза…

Наступная размова была ў Пінску. Мы сустрэліся з Васілём Барычэўскім. У 70-х яго асудзілі на 3 гады калоніі за некалькі асобнікаў хрысьціянскага самвыдату.

– У мяне знайшлі друкарскую машынку і вытрымкі з Эвангельля ад Яна, якія я надрукаваў у дзесяці асобніках... Запыталі пры вобыску: “Навошта ты ажно столькі надрукаваў? Для распаўсюду?”

Забралі ўсё, друкарскую машынку, усе мае запісы, сшыткі, нават чыстую паперу… Пачалося следства, і ўжо падчас яго мне сказалі, за мной назіралі апошнія некалькі гадоў.

Давалося тры гады сядзець у турме. Нашаму брату Якаву Пацукевічу, зь якім нас разам судзілі, далі пяць год – у яго было больш абвінавачваньняў, а ў мяне толькі артыкул 222 Крымінальнага кодэксу БССР: “Замах на асобу і правы грамадзян пад выглядам выканання рэлігійных абрадаў”…

Я ўдзельнік вайны. У 1975 г. у СССР сьвятквалі трыццацігоддзе заканчэньня Другой сусьветнай вайны. І ўсім удзельнікам была амністыя. І, ведаеце, вось што мяне ўзрушыла: нават чалавек, які забіў іншага сякерай, выйшаў на волю. А я, хоць і сядзеў у турме з-за сваіх рэлігійных перакананьняў, адседзеў ад званка да званка. Але я ні на каго зла не трымаю. Адзінае маё жаданьне – каб гэтыя людзі пакаяліся і спазналі праўду.

Берасьцейская вандроўка нешта праясьніла. Падпольны хрысьціянскі друк сапраўды быў. Былі і дысыдэнты, якія адсіджвалі рэальныя тэрміны. Але вось наколькі масава вялася гэтая друкарская праца? Ці былі насамрэч станкі? Ці былі вялікія наклады? Спрабуем даведацца пра гэта ў Менску. Сустракаемся з Уладзімірам Канатушом, прапаведнікам Саюзу Евангельскіх хрысьціянаў баптыстаў. Яшчэ за Сталінам ён быў арыштаваны і прысуджаны да расстрэлу. Праўда, пазьней “гуманны” савецкі суд замяніў найвышэйшае пакараньне двацацьцю пяцьцю гадамі лягераў.

– У чэрвені 1950 г. я быў ​​арыштаваны, – кажа пажылы ўжо служыцель царквы. – Памятаю, сьледчы выняў рэвальвэр, паклаў на стол. І задае мне пытаньне: “Ты гаварыў пропаведзь “Не любіце свету, ні таго, што ў свеце”? – “Так”, – адказваю. Вось на падставе гэтай пропаведзі мяне абвінавацілі, што я выступаў супраць савецкага грамадзтва, супраць савецкіх людзей… Судзьдзя асудзіў, і далі мне 25 гадоў сталінскіх лягераў. І яшчэ 5 гадоў высылкі.

Мяне накіравалі ў Карлаг. Гэта Карагандзінская вобласьць. Там зіма вельмі халодная. 52 градусы мароз быў. Нас вадзілі на працу, калі мароз быў да 45 градусаў. Калі вышэй за 45, то мы заставаліся ў сваіх бараках. Мы капалі траншэю глыбінёй 3 мэтры 20 сантымэтраў, таму што зямля там прамярзае да 3-х мэтраў. І гэты грунт мы чым толькі маглі – і ламамі, і сякерамі, і рыдлёўкамі секлі. У лягеры было 2000 чалавек…

У першым лісьце, які мне дазволілі напісаць дахаты, я папрасіў: “Дашліце мне слова”. Вось так я напісаў. Нельга было пісаць “Біблію”. Мне разабралі палову Бібліі па сшытках. Да Кнігі прарока Ісаі ўключна. Уклалі цыбуліны ў гэтыя сшыткі. І пасылку даслалі прадуктовую. Калі я забіраў пасылку, то ў лагеры не звярнулі ўвагу, у якія паперы там усё было закручана. Так я займеў частку Бібліі і чытаў яе, хаваючы ад наглядчыкаў.

Ужо па вызваленьні тут, у Мінску, я заняўся выданьнем кніг. Гэта не было масава, але мы імкнуліся рабіць тое, што было магчыма. У нас быў сябра, Георгі Адамовіч з Кобрыня. Вучыўся ў Маскве ў ін’язе, але яго, даведаўшыся, што ён веруючы, выключылі з пятага курса. Дык вось, ён для нас перакладаў тое, што да яго трапаляла па-ангельску і па-нямецку. А мы ягоныя пераклады друкавалі на машынцы і перапраўлялі ў іншыя гарады СССР.

Напрыканцы размовы Уладзімер Канатуш адчыняе шафу, і мы бачым цэлыя паліцы, застаўленыя самвыдатаўскімі выданьнямі. <...>

<...>

Мы ўсё яшчэ шукалі новых суразмоўцаў, спрабуючы натрапіць на след масавага друку, і тут мне параілі пагаварыць з Аляксандрам Саковічам, пастарам менскай царквы “Слова Веры”. Мы дамовіліся на размову і спаткаліся ў іх царкоўным будынку. Я адразу зразумеў, што прыйшоў не дарма.

– Мы хацелі, каб Эвангельле было даступным для кожнай сям’і, – пачаў размову пастар. – Імкнуліся працаваць шырока. Гэта ж была цэлая праблема – у людзей проста не было Бібліяў.

Камплектуючыя для друкарні мы бралі ў Рызе і ў Таліне – нам прывозілі фіны. Тыражы ў нас былі самыя розныя – ад тысячы да пяці тысячаў асобнікаў. Спачатку мы езьдзілі па матрыцы шаўкаграфіі ў Сарны, ва Украіну, а потым арганізавалі вытворчасьць матрыцаў тут. Дзякуй Богу, у нашай групе нікога не арыштавалі, хаця я ведаю сясьцёр, быў у іх у друкарні – іх потым пасадзілі на пяць гадоў.

Але мы займаліся ня толькі друкам. Яшчэ былі і нелегальныя пастаўкі літаратуры з-за мяжы. У пачатку 80-х гадоў нам фіны перасылалі Бібліі ў вакуумных пакетах, у кожным пакеце па дзесяць кніг, праз Фінскую затоку. Яны даходзілі на лодках да нейтральнай паласы, і калі вецер ішоў сюды, перапраўлялі кнігі. А я і іншыя нашы маладыя браты, атрымаўшы інфармацыю, туды выяжджалі, зьбіралі на беразе гэтыя Бібліі і вывозілі ў машынах.

Аляксандр Саковіч дае нам кантакт яшчэ аднаго чалавека, які займаўся друкам. І мы плянуем ехаць на размову з Сяргеем Шарапам, сьвятаром царквы “Жыцьцё ў Хрысьце”.

Здаецца, сытуацыя пачынае высьвятляцца. Намі ўжо сабраны вялікі матэрыял, мы аб’езьдзілі некалькі гарадоў, пагаварылі зь людзьмі. Але тут нам тэлефануюць зь Берасьця, тая самая жанчына, якая распавядала пра “сіньку”:

– Ведаеце што, я падумала. Ня трэба нічога паказваць з таго, што я вам расказала. І называць мяне ня трэба.  

Я, разачараваны такой хадой падзеяў, спрабую пераканаць яе, што баяцца ня варта. Што мы можам нават твару яе не паказваць, калі яна хоча перастрахавацца:

– Мы можам толькі паказаць вашы рукі, кнігі, і будзе толькі ваш голас.

– Не, калі ласка. Ня трэба ўвогуле нічога.

Мы разьвітваемся.

Адным матэрыялам менш. “Але нічога, – супакойваю я сябе, – засталіся ячшэ касэты, больш за дзясятак”.

Наступіла раньняя вясна. На вуліцы яшчэ сьнег. Вечар прэзыдэнцкіх выбараў. Холадна. Я вяртаюся дахаты з выбарчага штабу, дзе працаваў. Іду, каб пераапрануцца ў нешта цяплейшае, і вырушыць на плошчу. Заходжу ў кватэру, запальваю сьвятло. Стаўлю чайнік на пліту. Праз хвіліну званок у дзьверы. Зь нядобрым прадчуваньнем іду адчыняць.

У кватэру ўламваецца каманда з калашнікавымі. Мне суюць у твар нейкую пастанову пра вобшук. Па падлозе разьлятаюцца паперы з шафаў. Кіруе ўсім агідны хлопчык-кагэбэшнік. Каманда спрытна пакуе кампутары, кнігі, флэш-карты, дыскі.

– Што гэта? – раптам паказвае адзін зь іх на пакунак.

– Тут касэты.

– Таксама забіраем.

– Слухайце, навошта яны вам? Гэта ж не зьвязана з палітыкай. Тут дваццаць гадзінаў відэаматэрыялаў. Мая праца.

– Што за відэа?

– Матэрыялы пра гісторыю царквы ў савецкі час.

– Давай праверым, – аддае ён загад апэратару.

Той ставіць касэту ў сваю камэру. Уключае. Запальваецца экран, паказваючы сівога мужчыну, і на ўвесь пакой разносіцца:

– Нелегальную літаратуру мы друкавалі так…

На гэтых словах камэру адключаюць, і начальнік пытальна глядзіць на мяне. Я, раззлаваны ад таго, што інтэрвію ўключылася менавіта на гэтых словах, разумею, што увесь штабель нашых касэтаў на доўгі час, а можа і назаўсёды, пераяжджае ў галаўны офіс КГБ…

 Дзякуй Богу, праз шэсьць месяцаў касэты вярнулі, як і кампутары з усім астатнім. У вялікіх поліэтыленавых мяхах, апячатаных адмысловымі пячаткамі.

А мы ўрэшце, працягваючы працу, дамаўляемся на сустрэчу з Сяргеем Шарапам. Ён вязе нас да аднаго зь дзевяціпавярховікаў на праспэкце Пушкіна ў Менску. Падыходзім да пад’езду, і ён паказвае рукой угору:

– Вось там, на дзявятым паверсе адна сям’я дала нам сваю трохпакаёўку, і мы абсталявалі ў гэтай кватэры друкарню.

– Мы арганізавалі цэлую сетку групаў, якія займаліся гэтай працай, – працягвае ён. – Спачатку ўвогуле друкавалі на друкарцы “Ятрань”, на ёй мы зрабілі першыя кніжкі і брашуры. А  потым болей, болей, болей. Я ўладкаваўся на дзяржаўную друкарню, адпрацаваў там два гады, каб вывучыць тэхналогію. І вось, з часам, зрабіўшы станкі, мы наладзілі масавы выпуск падпольнай хрысьціянскай літаратуры. Наклады былі да дзесяці тысяч асобнікаў. Мы тут працавалі бяз выхаду, днямі і начамі – проста патрэбная была літаратура. Вельмі была патрэбная, і ў вялікіх колькасьцях. Мы друкавалі на самых розных мовах, і адпраўлялі гэта па ўсім Савецкім Саюзе…

Праўда, трэба сказаць, што і нам таксама дапамагалі з-за мяжы. Перадусім матэрыяламі для друку: фарбай, матрыцамі. Але былі і гатовыя кнігі. Аднойчы проста цэлую фуру зь Бібліямі перавезьлі сюды кантрабандай. Нам толькі паведамілі, у якім лесе, дзе і калі чакаць. Далі ўмоўныя знакі. Мы прыехалі на месца і пасьпяхова забралі груз. Я нават ня ведаю, хто гэта рабіў, бо нельга было ведаць ніякіх імёнаў, ды й ніхто з нас не патрабаваў такой інфармацыі…

Далей мы едзем у Ратамку, у дом прапаведніка, і ён дастае аднекуль і раскладвае на стале кнігі, брашуры, паштоўкі. Тут і Бібліі, і мастацкая хрысьціянская літаратура, і рэлігійныя выданьні.

Мне становіцца цікава, што паміж усім гэтым робіць савецкая складная паштоўка на 7 лістапада, з гвазьдзікамі. Разгортваю, яе чакаючы прачытаць нейкае віншаваньне. Ажно тут аказавецца – на танюсенькіх аркушыках – Эвангельле ад Лукі.

– А гэта – ячшэ адзін варыянт кансьпірацыі, – пасьміхаецца Сяргей. – Бачыш, калі яна ляжыць, то выглядае проста як паштоўка. А калі яе паставіць паміж кніг, дык увогуле ўвагі не прыцягне.

Выдавец сыходзіць і выносіць тое, што я ўжо некалькі месяцаў шукаў: станок.

Ён спраўна запраўляе матрыцу, нацягвае спружыну:

– Такія рэчы за гады не забываюцца.

А затым дастае цэлы інтэрнацыянал кніг, ды яшчэ літары для набору. Тут і беларуская мова, і расейская, і ўкраінская, і грузінская з асэтынскай.

Сонца адбіваецца тлустымі алейнымі блікамі на рознамоўным волаве. І я разумею, што, сапраўды, як напісана ў Эвангельлі, “дары і пакліканьне Божае нязьменныя”.

Калісьці, у часы Скарыны, наша зямля была цэнтрам асьветы для Усходняй Эўропы і служыла гэтым дарам іншым народам. За камуністамі таксама – менавіта тут была кропка, зь якой на ўвесь СССР масава разыходзілася несавецкая, падпольная хрысьціянская літаратура.

Значыць, і пэрспэктывы ў нас таксама добрыя.

 

 

Цалкам тэкст будзе апублікаваны ў часопісе "Дзеяслоў".

Цырымонія ўзнагароджання пераможцаў літаратурнага конкурсу "Экслібрыс" імя Аляксандра Уласава — 25 верасня