Талакой збіраюць сродкі на выданне па-беларуску кнігі пра мастацтва жыцця

Хто такі Альфрыд Лэнгле?

Альфрыд Лэнгле – аўстрыйскі псіхатэрапеўт, вучань і паплечнік Віктара Франкла, адзін з заснавальнікаў логатэрапіі і экзістэнцыяльнага аналізу.

Кнігі Альфрыда Лэнгле перакладзеныя на шматлікія мовы свету.

Кніга «Сляды сэнсу. Даць адказ жыццю» знаходзіцца на памежжы спецыяльнай і мастацкай літаратуры. У форме паэтычных занатовак аўтар уводзіць чытача ў сферу пытанняў і паняццяў, на базе якіх выбудоўваецца праца ў межах экзістэнцыяльнага аналізу і логатэрапіі.

Сэнс, адказнасць, страх, пакуты — вось толькі некаторыя з ключавых паняццяў, якія закранаюцца ў кнізе. Аўтар не дае рэкамендацый, але задае пытанні, якія дапамагаюць уважліва паглядзець на ўласную сітуацыю ў гэтым свеце: што адбываецца са мною, калі я жыву?

«У нашым грамадстве, якое пабудавана на іерархіях, чалавек часта далёка ад самога сябе, не ўсведамляе сябе, — кажа перакладчыца кнігі на беларускую Ірына Герасімовіч. — Таму такая кніжка мне падаецца вельмі актуальнай і для шырокай публікі. Для псіхатэрапеўтаў і псіхолагаў: яна мае настроіць кліента на пэўную хвалю, неабходную для якаснага ўзаемадзеяння падчас кансультацыі».

Кніга, лічаць выдаўцы, будзе карысная усім, хто зацікаўлены ў свядомым і адказным пражыванні ўласнага жыцця.

Падтрымаць кнігу можна на платформе Талака.

Фрагменты кніжкі ёсць на сайце выдавецтва «Галіяфы».

Наша Ніва