Талент і мужнасць крытыка. Дзмітрыю Бугаёву — 85!

Дзмітрый Якаўлевіч Бугаёў

Калі глядзець на ўнушальны шматтомнік “Беларускія пісьменнікі”, паволі гартаць яго, учытваючыся ў велізарную бібліяграфію на кожнае прозвішча, не-не ды і скажаш сабе: вось жа, рабілі людзі літаратуру – планамерна, штодзённа і без выходных. Разам з тым, і прозвішчы літаратараў, складзеныя ў роўныя алфавітныя заканамернасці, штурхаюць да таго, каб спрасціць усё і сказаць: нічога вартага ў гэтай савецкай літаратуры не было – адны штампоўшчыкі, “паглынальнікі пустотаў”, якімі і запоўненыя, пад выглядам мігатлівых спасылак, тамы даведнікаў.

Бібліяграфія заўсёды ўводзіць даследчыка ў зман: аж нават пачынаеш думаць, што ўсё зразумела і ясна. Забываючыся аднак, наколькі шмат залежыць ад часу і ад асобы, якая спрабуе ў гэтым часе не страціць людскае аблічча.

Дзмітрый Якаўлевіч Бугаёў, чыё 85-годдзе мы святкуем гэтымі днямі, – сведка некалькіх эпох. Пасталеўшы ў сталіншчыне і вайне, ён перажыў надзеі “адлігі” і безнадзейнасць “застою”, дэмакратычна-адраджэнскі час і апынуўся разам з усімі намі ў новым застойным перыядзе, які, трэба думаць, таксама не бясконцы.

Ва ўсе часы была ў яго магчымасць выбару, і тое, што сёлета мы гаворым пра Бугаёва з павагай і ўшаноўваем ягоную спадчыну, сведчыць пра слушнасць таго выбару, які рабіўся цягам застойна-надзейнай “цераспалосіцы” і які, урэшце, дапамог апраўдацца і пасляваеннаму беларускаму літаратуразнаўству і крытыцы.

Якое б тысячагоддзе не стаяла за вакном, Дзмітрый Бугаёў рабіў стаўку на шчырую працу, даследаванне лепшага ў бягучым літпрацэсе і актуалізацыю спадчыны. Сёння, як гэта ні абсурдна, даволі лёгка можна ўявіць, якой смеласцю было – займацца ў 1950-я і 1960-я гады творчасцю пісьменнікаў даваеннай пары, творчасцю былых палітзняволеных, па сутнасці. Далёка не кожны літаратуразнаўца наважваўся на гэта: сталінскія кадры працягвалі працаваць і ў апараце кампартыі, і ў кіраўніцтве акадэмічнай навукай, ды і ў асяроддзі самога Саюза пісьменнікаў. Тым не менш, для Дзмітрыя Якаўлевіча, чый бацька ў 1936-м не вярнуўся пасля чарговага арышту, падобны выбар быў натуральны. Ён ведаў вартасць таго часу, і не меў наконт яго ніякіх ілюзій. Але ў адкрытую гаварыць праўду пра сталінскія зверствы ён не мог. Сёй-той сказаў бы сёння: дык навошта тады было ісці на кампрамісы, пісаць пра “асобныя недахопы”, “пэўныя памылкі” і г.д.? Можна адказаць з усёй пэўнасцю: таму што іначай гаварыць пра рэпрэсаваных пісьменнікаў было нельга. Так, абстрактна-апісальны стыль, агульныя словы, і ў той жа час – зерне біяграфічных дадзеных, аналіз твораў, ачышчэнне іх ад вульгарна-сацыялагічных наносаў, і, у выніку, – выданне манаграфій і збораў твораў, пад афіцыйным акадэмічным грыфам, што імгненна, лепш за ўсякую даведку, рэабілітоўвала пісьменніка, уключала яго творчасць у фундаментальныя распрацоўкі, універсітэцкія праграмы і г.д. Так, пакрысе паўставала новая, непрыгладжаная пастановамі ЦК карціна літаратуры.

Дзмітрый Бугаёў быў адным з тых падзвіжнікаў, якія паступова, год за годам, праводзілі рэабілітацыю літаратуры 1920-х гадоў, уключалі яе шматгранную палітру ў афіцыйную акадэмічную гісторыю літаратуры. Ягоныя манаграфіі пра Уладзіміра Дубоўку (1965) і Максіма Гарэцкага (1968) і сёння чытаюцца з цікавасцю. Аналізуючы раннія апавяданні Лынькова (1963) і “Хто смяецца апошнім” Крапівы (1971), прозу Барыса Мікуліча і Васіля Каваля (1959-1960), творчасць Платона Галавача (1973), Бугаёў перш за ўсё падкрэсліваў той нязломны пісьменніцкі характар, маральную прынцыповасць, якія, можа, не заўсёды і не ўсім нашым літаратарам былі ўласцівыя, аднак для гісторыі (і гісторыі пісьменства ў тым ліку) надзвычай важныя.

Гэтая павага і ўвага да пісьменніка з магутным унутраным стрыжнем арганічна прывялі Дзмітрыя Бугаёва да аналізу творчасці Івана Мележа і Васіля Быкава, якім крытык прысвяціў не адну кнігу і не адзін дзясятак артыкулаў. Гаворачы пра гэта, нельга забываць, што падобны выбар, асабліва ў дачыненні Быкава, быў у 1960-я гады для маладога дацэнта БДУ дужа небяспечным. Яшчэ нельга забываць, што функцыя і важкасць крытыкі ў той час была зусім інакшай, як цяпер: крытык мог паспрыяць выхаду кнігі, мог і наадварот – выштурхнуць яе разам з аўтарам на маргінэс літаратурнага жыцця. Ад кніжнага ж ганарару многія пісьменнікі залежалі наўпрост, таму звязку гэтую пакінуць і абмінуць не маглі. Добрая ці дрэнная крытыка, атрыманая кнігай, уплывала не на продажы і прэміі, як у заходніх краінах, але на агульную ацэнку кіраўнікоў выдавецтваў і, перш за ўсё, кантрольных органаў – ЦК партыі. Дзмітрый Бугаёў некалькі дзесяцігоддзяў быў часткай гэтай сістэмы, і калі пагартаць ягоныя публікацыі 1960-х – 1980-х гадоў, можна ўбачыць, што дапамагаў ён сапраўды таленавітым і вартым аўтарам: Генадзю Бураўкіну, Анатолю Вярцінскаму, Яўгеніі Янішчыц. Ягонае добрае слова не раз было супрацьвагай чарговаму пагромніцкаму артыкулу, у якім бэсціўся Васіль Быкаў.

Перабудова і гады незалежнасці адкрылі зусім іншага Бугаёва: бескампраміснага крытыка таталітарнай сістэмы, камуністычнай утопіі, абаронцу нацыянальнага праекту Беларусі. Адкінуўшы былыя забароны, па-новаму глянуў ён на прозу Васіля Быкава ў кнізе “Праўда і мужнасць таленту”, па-новаму ацаніў беларускую і расійскую літаратуру пра калектывізацыю. Крытычны погляд Бугаёва часта быў скіраваны не на паэтыку твора, а на адлюстраванне літаратурай жыцця. І наколькі вастрэйшай была праўда, выказаная пісьменнікам; наколькі меў ён адвагі назваць рэчы сваімі імёнамі, настолькі быў ён Дзмітрыю Бугаёву цікавы. Жыццё як найвышэйшая каштоўнасць – для ўсіх, не толькі для літаратара – і крутыя павароты гісторыі вабілі яго. Таму нездарма ў апошнія гады кнігі Дзмітрыя Бугаёва чытаеш як гістарычны дакумент, і нярэдка тую інфармацыю, якая ў іх змешчана, болей нідзе не знойдзеш – па той простай прычыне, што Бугаёў аказаўся адзіным сведкам і фіксатарам тых падзей і той фактуры.

“Цяпер увогуле лёгка крычаць, бо ўсё дазволена. І нічым не трэба рызыкаваць. А тады нам усім многае давалася з вялікімі пакутамі, кожная пераацэнка давалася з боем”, – успамінаў у 1992 годзе Дзмітрый Бугаёў у адным з інтэрв’ю. Успомнім пра гэта і мы ў дні юбілею патрыярха нацыянальнай крытыкі, прафесара, доктара, лаўрэата... Чалавека, чыя праўда перамагла.

Ціхан ЧАРНЯКЕВІЧ, для lit-bel.org