Тамаш Грыб — антыфашыст, антыкамуніст, скарыназнаўца і рамантык

Кніга выйшла ў межах новай падсерыі “Спадчына: агледзіны”, якая з’явілася ў “Бібліятэцы Бацькаўшчыны” — вялікага шэрагу дакументальнай, гістарычнай і мастацкай літаратуры, звязанай з беларускай дыяспарай. Зборнік Тамаша Грыба — ужо 33-я кніга ў серыі, якая выходзіць з 2004 года.

Фундатарамі кнігі выступілі адразу тры інстытуцыі: Згуртаванне беларусаў свету “Бацькаўшчына”, Беларускі інстытут навукі і мастацтва ў Нью-Ёрку і Беларускі дзяржаўны архіў і музей літаратуры і мастацтва ў Мінску.

IMG_5624 bu

“Ніколі б не падумала, што буду ўкладаць кнігу пра Грыба…”

“Ніколі б не падумала, што буду ўкладаць кнігу пра Грыба, — кажа Наталля Гардзіенка. — Мая спецыялізацыя — паваенная эміграцыя. Гадоў шэсць таму мне трапілі ў рукі дакументы, датычныя міжваеннай беларускай Прагі. Я была здзіўленая: чаму мы так мала ведаем і выдаём на гэтую тэму? Гэта ж вельмі цікавы феномен у гісторыі нашага замежжа: і студэнцкі рух, і перыёдыка, і палітычная актыўнасць. Але апроч асобных публікацый, нічога няма…”

Разам з даследчыкам Лявонам Юрэвічам у спн. Наталлі атрымалася адшукаць нават працу Тамаша Грыба, якую той абараняў на філасофскім факультэце Карлава ўніверсітэта ў Празе ў 1920-я. Гэта была надзвычай важная знаходка, бо сама праца тычыцца асэнсавання феномену нацыі з філасофскага пункту гледжання.

IMG_5567 bu

Большая частка друкаванай спадчыны Тамаша Грыба раскіданая ў выглядзе артыкулаў па міжваенных перыёдыках: “Родны край”, “Іскры Скарыны”, “Сялянская думка”, “Грамадзянін” і інш. Ён пісаў на размаітыя тэмы: пра Скарыну (што дае падставу лічыць яго адным з першых скарыназнаўцаў), палітыку, літаратуру, Заходнюю Беларусь і СССР, міжнародны сацыялістычны інтэрнацыянал і інш.

IMG_5548 bu

Спадчыну Грыба варта не захоўваць, а чытаць

“Мне здавалася, што Грыб — вядомая асоба ў нацыянальным руху, — працягвае Наталля Гардзіенка. — Адзін з заснавальнікаў партыі эсэраў, сябра Рады БНР… У 1990-х гадах яго імя пачало з’яўляцца ў друку, адпаведныя біяграмы знайшлі месца ў энцыклапедыях. Пры гэтым яго творчая спадчына так і засталася недаацэненай і недавывучанай”.

Паводле спн. Гардзіенкі, выдаваць кнігу варта было не толькі каб апублікаваць усё вядомае пра Грыба. Па-першае, гэта немагчыма: ягоная спадчына дагэтуль раскіданая па розных краінах: Беларусь, Расія, Літва, Чэхія… Па-другое, ягоныя асноўныя тэксты трэба не захоўваць на кніжнай паліцы, але чытаць: яны не страцілі актуальнасці і па сённяшні дзень.

IMG_5541 bu

Палітычны “берсеркер” і трэці шлях для Беларусі

Будучы эсэрам, Тамаш Грыб не паддаўся падману бальшавікоў і не паверыў у “беларускі дом”, што будуецца пад крылом Масквы. Для Беларусі ён бачыў трэці шлях, без апоры на Усход ці Захад. Нават да тактычнай супрацы з палякамі ці бальшавікамі, у якую была заангажаваная абсалютная большасць беларускага нацыянальнага актыву, Грыб ставіўся насцярожана.

Даследчыкам удалося знайсці вельмі цікавы ліст, які захоўваецца ў Нацыянальным архіве, дзе Грыб вядзе палеміку з сябрамі-сацыялістамі пра магчымасць супрацы з бальшавікамі і паслядоўна тлумачыць, што нельга пагаджацца на шчодрыя прапановы эсэрам ад бальшавікоў. Яшчэ больш прарочымі выглядаюць развагі Грыба наконт падабенства фашызму і камунізму, напісаныя яшчэ ў першай палове 1930-х.

Наогул, Тамаш Грыб быў “вечным апазіцыянерам” па складзе характару. З гэтай прычыны і меў складаныя стасункі з большасцю дзеячаў нацыянальнага руху. У прыватнасці, рэзка негатыўна ставіўся да Вацлава Ластоўскага, Янкі Станкевіча, беларускіх палітэмігрантаў у Празе ды інш. Пры гэтым Грыб любіў трыбуну і працяглыя выступы перад публікай.

IMG_5575 bu

IMG_5602 bu

IMG_5555 bu

Следчы: “Дык колькі нявестаў у Грыба?!”

Асабістым абставінам у жыцці Грыба прысвечаны асобны раздзел кнігі. Тут ёсць кавалак успамінаў Паўліны Мядзёлкі, ягонай грамадзянскай жонкі, якая выцягвала яго з турмаў. Тут жа — сведчанні Палуты Бадуновай, якая вельмі хацела стаць яго жонкай і пісала ў савецкія інстытуцыі, каб тыя дапамаглі выцягнуць Грыба з эміграцыі ў СССР.

Вельмі цікава, што апошняя мела звычку падпісвацца як Палута Бадунова-Грыб, хоць ніякіх сведчанняў пра іх афіцыйны шлюб няма. З гэтай нагоды Мядзёлка апісвае такі эпізод: калі Грыб быў у польскай турме ў Вільні, яна папрасіла ў следчага пра спатканне, прадставіўшыся ягонай нявестай, той дазволіў.

Праз пэўны час з аналагічнай фармулёўкай на спатканне папрасілася… Палута Бадунова. Тады следчы ўжо не вытрымаў: “Колькі ж нявестаў у Грыба?!”. Бадуновай было адмоўлена. У выніку тая зладзіла Мядзёлцы скандал, але і надалей праз гады падпісвалася “Бадунова-Грыб”.

Сам Грыб, відаць, лічыў сваёй жонкай усё ж Мядзёлку, пра што пісаў у лістах. Зрэшты, гэта не замінала яму сустракацца з іншымі пасіямі ў той жа Празе.

IMG_5504 bu

Пахаваны? Спалены? Месца апошняга спачыну Грыба невядомае

Памёр Тамаш Грыб у Празе ў 1938 годзе ад хваробы, крыху не дажыўшы да вялікага ліхалецця і кардынальных палітычных пераменаў у Еўропе і ўсім свеце. Сябры выдалі пасмяротны зборнік “Золак”, у якім быў артыкул і аднаго з найвядомейшых рускіх эсэраў Чарнова.

Месца пахавання Грыба, які неаднойчы пісаў пры жыцці пра раскіданыя невядома дзе косці беларускіх герояў, невядомае. Паводле адной з версіяў, парэшткі Грыба былі спаленыя, а сцяна, куды была ўмураваная ўрна з попелам, не перажыла вайны.

Як лічыць Наталля Гардзіенка, спадчына Тамаша Грыба не вычэрпваецца адной кнігай, тым больш гэта пакуль яшчэ не цэльная біяграфія, а зборка сведчанняў, лістоў, артыкулаў і мемуараў. Тым не менш цяпер нашмат больш шансаў, што да ягонай асобы будуць звяртацца сучаснікі, а ідэі будуць жыць і служыць нацыі надалей.

Алесь Кіркевіч, budzma.by

IMG_5629 bu

IMG_5648 bu