Таня Скарынкіна: “Паэт — гэта хвароба”

Можна сцвярджаць, што імпрэза прайшла пад дэвізам: “Прыемна пазнаёміцца”. Мяркуйце самі: Таня ўпершыню сустрэлася з мінскай публікай, ды і наведвальнікі прэзентацыі займелі выдатную магчымасць “развіртуаліцца” з сябрам па ЖЖ і фэйсбуку.

Аўтограф ад Тані Скарынкінай

Менавіта гэтая акалічнасць вызначыла змест вечарыны. Выступоўцы распавядалі гісторыі свайго знаёмства з Таняй і яе вершамі, сама ж паэтка расказала пра свой шлях у літаратуру.

Вядоўца імпрэзы паэт Дзмітры Строцаў і паэтка Таня Скарынкіна

Таня чытала мала, аднак прызналася ў любові да роднай Смаргоні, вершаў Пушкіна, выказала шкадаванне, што ў яе родным горадзе высякаюць дрэвы, патлумачыла, чым беларусы адрозніваюцца ад партугальцаў (Таня доўгі час жыла ў партугальскім горадзе Фару), а таксама раскрыла сакрэт загадкавай навучальнай установы — “Смаргонскага плотабудаўнічага інстытута”. Свой жа ўдзел у розных літаратурных конкурсах яна патлумачыла шкадаваннем да арганізатараў: “А раптам больш ніхто не дашле твораў на вызначаную тэму?”.

“Беларусы складаней, шматгранней, партугальцы ж вельмі простыя. Яны могуць смяяцца — і ўсім добра. Беларусам мала смяяцца, ім патрэбен падтэкст. Размовы па душах, чытанне кніг”, — зазначыла паэтка.

Перакладчыца Юля Цімафеева, дзякуючы яе намаганням у Мінску выйшла “Книга для чтения вне помещений и в помещениях”

Паэт Дзмітры Строцаў, а па сумяшчальніцтве і вядоўца імпрэзы, распавёў: “Дзіўна тое, што паэтыка Тані з аднаго боку неверагодна авангардная, складаная, высокаінтэлектуальная. З іншага боку — абсалютна народная. Для мяне было асабліва дорага, што ў вершах Скарынкінай я пачуў “падхоп”, парагуканне з творчасцю мінскай паэтэсы Алены Казанцавай. Гульнёвы пачатак, самаіронія, поўная фармальная свабода характэрныя для абедзвюх аўтарак”.

Дзмітры Строцаў і Таня Скарынкіна

— Мама вельмі насцярожана ставіцца да маёй паэтычнай творчасці, — распавяла Таня. — Самая першая публікацыя была газеце “Зорька”. Гэта быў рыфмаваны верш пра Янку Купалу. Ніхто тады не ведаў, у што можа развіцца маё захапленне. Многія ў дзяцінстве, маладосці пішуць вершы, потым кідаюць гэтую справу і жывуць, “як усе”. У мяне ж усё па-іншаму. Самая першая сур’ёзная публікацыя была ў часопісе “Першацвет”, напэўна, у 1996 годзе. Я прынесла гэты часопіс дадому. Мала ўзяла яго двума пальцамі і запыталася: “Ты гэта чытала?” Я адказала: “Ды нават пісала туды”. На гэтым размова скончылася. Больш пра паэзію мы не размаўлялі. Мама не любіць чытаць, але вельмі любіць глядзець біятлон. А не так даўно, калі ўжо выйшла гэтая кніга, мая сястра распавяла маме, што прачытала верш пра сябе, ён называецца “Олки-олки”. Я ўслых прачытала яго маме і яе сястры, цёці Марыі. Мама тады запыталася: “І што, цяпер гэта модна?” А маміна сястра нават у вочы мне не глядзела, бо яна вельмі любіць паэзію Пушкіна. Я сказала: “Цёця Марыя, дык і Пушкін сёння не так пісаў бы”. А яна адказала: “Ён пісаў бы пра тое, як Расія Крым адваявала”. Такім чынам у мой адрас прагучаў папрок, што я не пішу грамадзянскай лірыкі.

Журналістка, музычны крытык Таццяна Заміроўская (у цэнтры)

Перакладчыца Лена Запарожац чытае верш “Азиатский трилистник” Тані Скарынкінай у перакладзе на італьянскую мову

Але паэтка прызналася, што адзін верш, блізкі да грамадзянскай лірыкі, у яе ўсё ж ёсць. Гэта “Азиатский трилистник”. Адметна, што падчас прэзентацыі твор гучаў на дзвюх мовах: у арыгінале па-руску і па-італьянску — у выкананні перакладчыцы Лены Запарожац, якая таксама родам са Смаргоні.

Дзмітры Строцаў і Таня Скарынкіна

Таня распавяла, што нядаўна ў старых паперах знайшла свой сшытак з вершамі, якія я пісала ў 10-12 гадоў. Там амаль усе творы — пра планету Зямля і Янку Купалу.

Паэт, перакладчык Андрэй Хадановіч

Паэт, перакладчык Андрэй Хадановіч таксама распавёў сваю гісторыю знаёмства з творчасцю Тані Скарынкінай:

— Дзіма Строцаў мне калісьці зрабіў паслугу. Мы разам “журылі” нейкі ананімны конкурс. Верш, які спадабаўся Дзіме, а мне — не, Дзіма прачытаў уголас. І я зразумеў, што гэты твор мне вельмі спадабаўся. Гаворка ідзе пра “Покатигорошины” Тані Скарынкінай. З таго моманту я заўсёды чытаю вершы гэтай паэткі ўголас, і мне ўсё падабаецца. Ёсць аўтары, якія ўмеюць пісаць вершы, і гэта, відаць самае горшае, што з імі здараецца, бо ўсе астатнія творы яны да смерці будуць умець пісаць. Калі аўтар гэтага не ўмее, то не ведае, якім будзе яго наступны верш, ён кожны раз стварае цуд, і гэта здорава. Думаецца, Таня Скарынкіна — менавіта такі паэт.

Алена Пятровіч і Уладзь Лянкевіч

— Некаторыя вершы пішуцца вельмі проста — як па масле. Асабліва гэта тычыцца гісторый, — зазначыла Таня. — А над некаторымі творамі вельмі доўга працую. Мне часам кажуць працаваць над прозай. Але калі саджуся пісаць апавяданне, то ўсё роўна атрымліваецца верш. Паэт — гэта хвароба.

Таня Скарынкіна

Нягледзячы на тое, што асноўнай мэтай імпрэзы была прэзентацыя “Книги для чтения вне помещений и в помещениях”, гаворка заходзіла і пра новае выданне — «Португальские трёхстишия» (Нью-Ёрк, Айлурос, 2014). На пытанні, ці перагукаюцца зборнікі вершаў, ці сустракаюцца ў іх аднолькавыя творы, Таня адказала:

— Гэта абсалютна розныя кнігі. У мяне назбіраецца тэкстаў і на трэцюю кнігу, якая не будзе перагукацца ні з першай, ні з другой.

Што ж, выдатна! Таму нам застаецца чакаць новай кнігі, а таксама першай выстаўкі незвычайных фотаздымкаў Тані Скарынкінай, арганізацыя якой ужо ёсць у планах.

Тэкст і фота — Марына Весялуха, для lit-bel.org