Тастамэнты Якуба Коласа

55 гадоў таму, 13 жніўня
1956-га, памёр народны паэт Беларусі Якуб Колас. У дзень сьмерці ён
занёс у найвышэйшую на той час уладную інстанцыю – ЦК КПБ – ліст у
абарону беларускай мовы, пакінуты кіраўнікамі БССР без увагі. Пахаваньне
клясыку было наладжанае пампэзнае, як тое ўмелі рабіць за савецкім
часам...
А як сёньняшнія ўлады
клапоцяцца пра памяць аўтара "Новай зямлі" і "Сымона-музыкі"? На менскіх
Вайсковых могілках мы пабывалі з унучкай Якуба Коласа Верай Міцкевіч.
– Вера, у пачатку нашай размовы прыгадаю радкі паэта і навукоўца
Рыгора Семашкевіча: “Вайсковыя могілкі Мінска ня будуць варот зачыняць.
Спыніся, далёкі ці блізкі, тут маршалы нацыі сьпяць – Купала і Колас…”.
Але, трэба прызнаць, Вайсковыя могілкі ў параўнаньні, скажам, з
Усходнімі выглядаюць даволі занядбана.
– Нягледзячы на тое, што на Вайсковых могілках пахавана шмат знакамітых
людзей. Там знайшлі свой апошні спачынак ня толькі “маршалы нацыі”
Купала і Колас, але і іх жонкі – Уладзіслава Францаўна Луцэвіч і Марыя
Дзьмітраўна Міцкевіч, і Кузьма Чорны, і Нестар Сакалоўскі, і Паўлюк
Трус, і яшчэ шмат-шмат выдатных дзеячоў культуры. Помнік на магіле
Коласа быў усталяваны ў 1970 годзе, на магіле Марыі Дзьмітраўны (памерла
ў 1945-м) – у 1948 годзе, на заказ мужа. Абодва помнікі на сёньня
патрабуюць пэўнай рэстаўрацыі.
– Наколькі я ведаю, надмагільныя помнікі Коласа і Купалы
ўнесеныя ў сьпіс гісторыка-культурных каштоўнасьцяў і знаходзяцца пад
абаронай дзяржавы?
– Так, яны значацца ў дзяржаўным сьпісе гісторыка-культурных
каштоўнасьцяў Рэспублікі Беларусь. Тры помнікі: Якубу Коласу, Янку
Купалу і Марыі Дзьмітраўне Міцкевіч. Гэтым помнікам прысвоена катэгорыя 2
па пастанове Савету міністраў Рэспублікі Беларусь ад 14 траўня 2007
году пад нумарам 578. Трэба дадаць, што барэльеф на помніку Марыі
Дзьмітраўны – аўтарская работа Заіра Азгура – вельмі пашкоджаны і
патрабуе прафэсійнай рэстаўрацыі.
– Ведаю, што вы зьвярталіся з гэтай праблемай у Міністэрства культуры. Якой была ягоная рэакцыя?
– Я зьвярталася ў Міністэрства культуры яшчэ ў сьнежні 2009 году. Мой
зварот быў нібыта ўспрыняты станоўча, але па сёньняшні дзень я толькі
атрымліваю лісты з міністэрства, у якіх паведамляецца, каму перададзеная
гэтая справа, што помнікамі будуць займацца ў Менскім гарвыканкаме, у
Белрэстаўрацыі… Але да гэтай пары рэстаўрацыйныя работы так і не
пачатыя, хаця ўжо прайшло амаль два гады.
– А што канкрэтна ня так на месцы пахаваньня Коласа?
– Каменная аснова помніка забруджаная, пазелянела, сьцёртая паліроўка надмагільнай пліты. Да таго ж, ёсьць неабходнасьць усталяваньня на
помніку Якубу Коласу шыльды – з расшыфроўкай поўнага імя і гадоў жыцьця
клясыка. Чаму я падымаю гэтае пытаньне? Таму што яно пастаянна ўзьнікае
пры наведваньні Вайсковых могілак і нашымі суайчыньнікамі, і гасьцямі
Беларусі. Людзі пытаюцца: а чаму побач з Коласам пахаваныя Міцкевічы?
Яны ня ведаюць сапраўднага прозьвішча Коласа… Падобная шыльда на помніку
Купалы ёсьць. Далей – патрабуе рэстаўрацыі надмагільны помнік Марыі
Дзьмітраўне Міцкевіч. На ім маюцца трэшчыны, сколы на барэльефе, дзіркі ў
пастамэнце, пашкоджаны факсымільны подпіс. Мне неаднойчы рабілі заўвагі
госьці і дыпляматы.
– У 2012 годзе будуць адзначацца 130-я ўгодкі Коласа і Купалы.
Будзем спадзявацца, што хоць да юбілейнай даты іх пахаваньні будуць
добраўпарадкаваныя. Вера, акурат цяпер працягвае выходзіць Збор твораў
Якуба Коласа ў 20 тамах. Ці сочыце вы за ім і якія маеце ўражаньні ад
ужо выдадзеных 14 тамоў?
– Безумоўна, сачу. Ня толькі сачу, але і прымаю ўдзел у рэдакцыйнай
калегіі, таму заўсёды маю на вычытку гэтыя тамы. Цяпер у друку
знаходзіцца 15 том, падрыхтаваныя 16 і 17 тамы – публіцыстыка Коласа.
Застаюцца яшчэ тры тамы, якія знаходзяцца ў рабоце, у іх увойдзе
эпісталярная спадчына, і – упершыню – дароўныя надпісы на кнігах і
дзёньнікі. У новым выданьні будзе адноўлена шмат купюраў, якія былі
зробленыя савецкай цэнзурай у ранейшым Зборы твораў у 14 тамах.
– А як вы глядзіце на тое, што ў новым выданьні некаторыя тэксты
Коласа друкуюцца ў савецкай рэдакцыі? Як на маю думку, варта было б
вярнуцца да выданьняў 20-х гадоў.
– Я ня вельмі гэтым задаволеная, але тут – апошняе слова за тэкстолягамі,
якія за аснову бралі апошняе прыжыцьцёвае выданьне. Асабліва велізарныя
спрэчкі былі вакол паэмы “Сымон-музыка”. Малодшаму сыну паэта Міхасю
Міцкевічу толькі адзін радок удалося адстаяць: “Мусіць, сам Бог для
спакусы…”. Усё ж вярнулі слова ”Бог” замест уведзенага за саветамі
“лёсу”. Але ў астатніх выпадках аднавіць першапачатковы тэкст не
ўдалося. Напрыклад, радок “Выйшла Хава, жыдзяняткі…” аніяк не прайшоў.
Усё засталося толькі ў камэнтарах. Мы з гэтым вельмі спрачаліся, але
менавіта такі падыход быў прыняты Інстытутам мовы і літаратуры,
зацьверджаны на рэдакцыйнай калегіі. Шкада.
– Я ніколі ня чуў, каб высокапастаўленыя чыноўнікі Рэспублікі
Беларусь зьвярталіся да твораў Якуба Коласа ці Янкі Купалы. А якія радкі
Коласа сёньня гучаць найбольш актуальна?
– Актуальных выказваньняў у Коласа шмат. Напрыклад: “Нас падзялілі. Хто?
Чужаніцы, цёмных дарог махляры…”. Ці: “Асадзі назад!”. Нядаўна ў адным з
гарадоў Нямеччыны была закладзеная Філязофская алея. Там на адмысловых
шыльдачках можна будзе прачытаць выказваньні найвядомейшых людзей
сьвету. Беларусь прадстаўляюць тры знакавыя асобы – Францішак Скарына,
Якуб Колас і Ўладзімер Караткевіч. На беларускай і нямецкай мове на
Коласавай шыльдачцы будуць напісаныя яго радкі: “Хто носьбіт ёсьць
пачатку злога, не патурай таму, ні-ні”. Гучыць як тастамэнт. Так што –
чытайма Якуба Коласа.