Таццяна Беланогая і Віка Трэнас выступілі ў Віцебску

23 студзеня ў межах грамадска-культурніцкай кампаніі “Будзьма беларусамі!” Віцебск наведалі бард Таццяна Беланогая і паэтка Віка Трэнас.

Першая творчая сустрэча адбылася ў віцебскай сярэдняй школе № 29. Гледачы, вучні 8-х і 10-х класаў, з вялікай цікавасцю праглядзелі мультфільм, зняты “Будзьма”, які за пяць хвілін распавядае амаль усю беларускую гісторыю.

Таццяна Беланогая выканала як новыя песні, напісаныя на вершы Яўгеніі Янішчыц, так і ранейшыя, даўно любімыя публікай аўтарскія кампазіцыі.

Паэтка Віка Трэнас распавяла пра спецыфіку творчай працы (у прыватнасці, пра прафесію літаратурнага рэдактара), пазнаёміла прысутных з новым, 61-ым нумарам часопіса “Дзеяслоў” і агучыла некалькі ўласных вершаў.

   

Школьніца дэкламуе верш Максіма Танка "Родная мова"

  

Віка Трэнас уручае прызы

У школьнікаў была мажлівасць выйграць прызы ад кампаніі “Будзьма беларусамі”. Для гэтага ім неабходна было, па просьбе выступоўцаў, прачытаць на памяць верш беларускага паэта. І хаця спачатку доўга ніхто не наважваўся, аднак у выніку апынулася, што фактычна ўсе маладзёны памятаюць вершы і Максіма Танка, і Якуба Коласа, і Янкі Купалы.

Пераможцы конкурсу

Увечары Таццяна Беланогая і Віка Трэнас выступілі на пляцоўцы арт-базы “Vitebsk4.me”. Нягледзячы на сапраўдныя хрышчэнскія маразы, невялічкая, вельмі ўтульная заля была поўная: вечарыну наведалі не меней за трыццаць чалавек. Арганізатар сустрэчы Уладзімір Булаўскі запрасіў усіх жадаючых на наступныя актуальныя праекты, якія праводзяцца на арт-базе штотыдзень.

Таццяна прызналася, што запісвае новы альбом, які будзе называцца “Святло і цені”. Дыск памяці Вольгі Рамановіч – педагога з Маладзечанскага раёна, перакладчыцы з французскай мовы, якая вельмі рана пайшла з жыцця, але пакінула важныя творчыя набыткі – перастварэнне па-беларуску ўспамінаў Міхала Клеафаса Агінскага, апублікаванае летась у часопісе “Архэ”.

Таццяна Беланогая

У выкананні Таццяны Беланогай прагучалі песні з будучай кружэлкі (напрыклад, “Музыка”), рамансы на вершы Яўгеніі Янішчыц, і, па просьбе прыхільнікаў – хіты “Белая птушка”, “Да цябе”.

Выступае Віка Трэнас 

Віка Трэнас распавяла пра свае паэтычныя зборнікі (“Цуд канфіскаванага дзяцінства” і “Экзістэнцыйны пейзаж”), прачытала колькі сваіх ранейшых і новых вершаў.


Цягам вечарыны гледачы разважалі пра тое, што азначае для кожнага з іх беларуская культура і якім шляхам можна прыйсці да нацыянальнага. Многія падзяліліся сваімі гісторыямі (шчырымі і кранальнымі) і атрымалі падарункі ад кампаніі “Будзьма беларусамі”.     

Прэсавая служба СБП