Таварыства ўкраінскай літаратуры на “Арсенале” ў Кіеве

Удзельнікі прэзентацыі старшыня Таварыства Наталка Бабіна, беларускі празаік, рэдактар альманаха Алесь Наварыч, украінская пісьменніца Наталля Марчанка і беларускі пісьменнік Уладзіслаў Ахроменка, які стала жыве ва Украіне, трымалі творчую справаздачу перад слухачамі – наведнікамі кніжнай выставы ў Арсенале.

kiev01

Трэба адзначыць маштаб самой выставы. Дзейнічалі адразу некалькі творчых пляцовак. Гэта і паэтычная сцэна ў двары Арсенала, і Зал Хоку, і Зал малых кнігарняў і выдавецтваў, і шматлікія дзіцячыя майстэрні, дзе юныя кіяне клеілі просценькія кніжкі, малявалі, ляпілі фігуркі і проста гулялі ў розныя забаўлянкі. У кавярні “Еўропа” раз за разам ладзіліся дыскусіі, у зоне выставы “Авангардны квартэт” быў адчынены музей кнігі і друкарства Украіны з сапраўднымі гістарычнымі экспанатамі.

Беларускім гасцям для прэзентацыі “Справы” выпала пляцоўка Кіназалы. Ва ўступным слове, выконваючы ролю мадэратара, Алесь Наварыч распавёў, як нарадзілася ідэя альманаха, якая ягоная структура, расказаў пра аўтараў. Мова выступу была беларускай, што выклікала найжывейшую цікавасць сярод слухачоў, як тых, што адмыслова прыйшлі на прэзентацыю альманаха, так іх тых, што выпадкова завіталі ў кіназалу ці проста праходзілі ў пошуках сваіх нейкіх цікавостак.

kiev00

Старшыня Таварыства Наталка Бабіна расказала пра саму суполку, яе мэты і задачы. Пісьменніца Наталля Марчанка выказала словы глыбокай удзячнасці беларускім калегам, а таксама сцвердзіла ідэю, што беларусы з усіх славянскіх народаў выявіліся адзінымі, хто не проста падтрымалі і падтрымліваюць украінцаў у іх барацьбе за свабоду і праўду – украінцаў падтрымлівае ўвесь свет – але беларусы паспрабавалі выявіць у саміх сабе пэўныя рысы ўкраінскасці, то бок адвечную нескаронасць перад вядомым старшым братам.

Уладзіслаў Ахроменка расказаў пра тое, як беларусы Чарнігава адзначалі сёлета Дзень Волі. У пэўны момант украінскі міліцыянт дазволіў узняць на галоўнай плошчы горада бел-чырвона-белы сцяг замест украінскага дзяржаўнага. Нідзе болей у свеце падобнае немагчыма! І гэта сведчыць, на думку сп. Уладзіслава, пра самыя цесныя карані двух народаў, іхную найнатуральнейшую блізкасць.

45 хвілін, адведзеныя арганізатарамі на мерапрыемства, прамільгнулі на адным дыханні. У Кіназалу прыйшлі чарговыя прэзентатары і выступоўцы. Але ў кулуарах размова на тэму беларуска-ўкраінскай супольнасці беларускімі госцямі працягвалася яшчэ доўга.

kiev02

druzi.by