“ТЭАТР У СЛОНІМЕ” СЯРГЕЯ ЧЫГРЫНА
Дата публікацыі: 08.04.2008
4101
У гэтае арыгінальнае выданне ўвайшлі гісторыка-краязнаўчыя, мастацтвазнаўчыя артыкулы, інтэрв’ю з работнікамі тэатра, спісы рэжысёраў і акцёраў, якія працавалі ў Слоніме ў розныя гады, рэпертуар драмтэатра і (асобнай часткай) гісторыя ў фотаздымках.
Для мясцовых тэатральных работнікаў кніга Сяргея Чыгрына “Тэатр у Слоніме” сталася дарагім падарункам, як і для аматараў тэатральнага мастацтва ды ўсіх, хто цікавіцца айчыннай гісторыяй і гісторыяй культуры. З іншага боку, гэтая кніжка можа быць дапаможнікам школьнікам ды іх настаўнікам пры вывучэнні гісторыі роднага краю. А яе лёгкі апавядальны стыль заахвоціць да чытання юнага і сталага чытача.
Не шмат сёння ў Беларусі знойдзецца тэатраў, якія маглі б пахваліцца падобнай хронікай. Тым больш прыемна, што кніжка пра слонімскі тэатр выйшла ў горадзе, які налічвае некалькі вякоў тэатральнай гісторыі, і напісаў яе ўраджэнец Слонімшчыны. Кніга “Тэатр у Слоніме” была выдадзена накладам 300 асобнікаў на сродкі Слонімскага драматычнага тэатра.