Тыдзень Вярцінскага: «Чалавечы знак»

"Чалавечы знак" арганізаваны праз чатырохчасткавую структуру, ажыццёўленую ў раздзелах "Высокае неба ідэала", "Зямная справа", "Перахопленае дыханне" і аддзелу паэм "Мая бяда, мая віна...". Працягваючы дыялог з папярэднімі кнігамі (а ён, дыялог, тут заўважны), Вярцінскі таксама раздзяляе вершы на пэўныя тэматычныя блокі, аднак упершыню гэта падкрэсслена кампазіцыйна. Тут можна да пэўнай ступені верагоднасці гаварыць і пра цыклы вершаў, але ў той жа час і не адсылаючы наўпрост да практыкі сімвалістаў (усё ж такі і сам матэрыял надта далёкі ад дэкадансных паэтычных практык). Блокі можна менаваць у наступным ключы: 1) вершы агульналюдскія, 2) вершы прыватна-аўтарскія, 3) вершы сутыкнення з Іншым (жанчынай) і тры паэмы, якія па сутнасці ўсе (хоць і адрозніваюцца) прысвечаны смерці маці. Паэмы, у сваю чаргу, таксама ўтвараюць цыкл. Такім чынам, чатыры блокі, апошні з якіх распадаецца на тры часткі.

Навізна першага раздзелу адцяняецца папярэднімі "планетарнымі" творамі, гаворка пра якія ішла ў сувязі з першымі двума зборнікамі. Адзнакаю ж "Чалавечага знаку" можна лічыць эмацыйнае напаўненне падобных вершаў яно фактычна зашкальвае, і тут аўтар прагаворваецца ўпершыню пра тое, што яму вельмі не падабаецца ў навакольнай рэчаіснасці, і прагаворванне гэтае далёка не заўсёды тычыцца "прахадных", дазволеных для тагачаснай "крытычнай" паэзіі тэм. Вядома, усё гэта кажацца "эзопавай моваю", але, што характэрна, кажацца праз увесь цыкл і цытаваць можна ледзь не кожны верш. Так, падымаючы "тост за Час":

Парою здацца нам магло,

што Час - ён безудзельны:

не за дабро і не за зло;

што Час - ён ненадзейны.

Мы памыляліся тады.

Бываюць дні без шчасця,

бясчэсця сумныя гады, -

то паласа бясчасся.

А Час прыходзіць - як зара,

як свежы подых ветра,

і адступае хваля зла,

і робіцца зноў светла.

Што гэта як не рэакцыя на познехрушчоўскіх і брэжнеўскіх рэакцыянераў. Каму як не паэту-шасцідзясятніку ведаць, што такое адчуванне часу, які "тырана так і назаве / тыранам, і вянок сарве" і адчуванне заканчэння Часу, а менавіта наступлення бясчасся і бясчэсця, калі вяртаюцца тыраны, "ілжэімёны", "хлусня і злачынства". Той жа тыраніі, але ўжо наўпрост, прысвечаны верш "Хунвэйбіны". Зразумела, што тут ідзе гаворка пра Мао і кітайскія рэаліі, аднак жа як гэта блізка да практык іншасказання і крыптаграфіі пісьменнікаў міжваеннага часу, калі ўзвышэнцы і маладнякоўцы пісалі пра пакуты паняволеных народаў Усходу, бесстаронна намякаючы на рэаліі БССР. Гэтак і герой "Хунвэйбінаў", саснёны апавядальнікам, толькі толькі фармальна знаходзіцца недзе ў кітайскай глыбінцы:

Дапытвалі пад шум і свіст:

"Чаму, скажы, не мааіст?!

Чаму маўчыш? Дыханне спёрла?!"

І да майго ўжо кадыка,

і да майго ўжо, бачу, горла

чыясьці цягнецца рука.

І падступаюць хунвэйбіны,

і ад раз'юшанай крыві

гараць іх вочы, як рубіны.

"Дык хто ты ўсё-ткі? - назаві!"

"Я чалавек..."

Фактычна знішчэнню старога, вельмі распаўсюджанага ў шасцідзясятыя, прысвечаны верш "Домі маленькі, бачу я знеслі..."; "Размова з данайцамі" - пра недавер да чалавека, які можа аказацца ворагам; недавер, які ўрэшце становіцца стылем паводзінаў. Выдатны верш і "Скажы мне, мама..." памяці маладога пісьменніка Ігара Хадановіча, якога зарэзалі за беларускамоўнасць п'яныя мінскія гопнікі:

Ці, можа, я радзіўся рана

і ўжо зашмат хачу святла?..

...Яго ударылі з тумана,

з імглы ударылі, з імжы..

"Навошта, мама, адкажы?"

Асноўную ўвагу крытыкі ўсё ж прывабілі вершы, якія той жа эзопавай мовай - аднак у дадзеным выпадку вельмі празрыстай - гаварылі пра хрысціянства. Перш за ўсё гэта хрэстаматыйны твор "Я фільм глядзеў, там Спартака распялі...", але ў такім жа ключы варта аналізаваць і іншыя вершы зборніка. Напрыклад, у "Дзвюх паралельных прамых", у вядомым правіле эўклідавай геаметрыі, гаворыцца пра чалавечыя душы, якія вельмі нават могуць ісці паралельна адна адной і аж да поўнай немагчымасці судакранання, аднак у нейкі момант усё змяняецца:

...падаюць вашы тры вымярэнні.

Падаюць вашы сцены і столі,

і адкрываюцца прасторы.

Падаюць брамы вашы і дзверы.

Выходжу прама у сінія сферы.

Выходжу ў сінія сферы бязмернасці,

вернасці вечнай і бяссмертнасці.

З быту выходжу, як з нябыту,

на сваю новую арбіту.

Тры вымярэнні, мы з вамі квіты.

Тое, што справа "сініх сфер" не зусім матэматычная, пацвярджае і апошні тэкст зборніка "Вершы мае пісьмы...":

І буду настойліва пісаць

сваёй маці.

Можа, якое і дойдзе.

Буду настойліва пісаць,

пакуль не сустрэнемся зноў з ёю

і ў мяне не будзе магчымасці

сказаць ёй: "Мама!"

І буду настойліва пісаць пісьмы туды

у тую сінюю прастору, тую далеч,

недасягальную майму зроку

і нават маёй свядомасці,

пакуль не прыйдзе адтуль адказ.

Тут можна называць яшчэ і верш "Маяк", "Бунт анёла" і сам загалоўны твор "Высокае неба ідэала", якое "толькі так, як хвалюе каханне, хвалявала маю кроў". Безумоўна, справа тут ужо не ў грамадзянскай лірыцы, бо паэт падымае падставовыя запытанні чалавечага быцця. Гэта вершы пра свабоду, тагасвет, дачыненні і дыялог з людзьмі-чалавекамі. Зразумела, што і гаворкі тут няма ні пра якіх Гагарыных, і пастаральных калгасных брыгадзірак, і ўвогуле цудоўны савецкі лад. Слова "савецкі" увогуле сустракаеш у кнізе толькі аднойчы у анатацыі. Пра тое, што "паэмы "Дажынкі" і "Заазер'е" прысвечаны савецкай жанчыне маці і працаўніцы, шчырай сыноўняй любові да яе". Што ўвогуле выглядае досыць вусцішна, бо ў паэмах, з безумоўнай сыноўняй любоўю, але і такой жа магутнай нянавісцю паказваецца, як савецкую жанчыну пасля інфаркту калгаснікі і кіраўніцтва абсмяялі, дактары выперлі з амбулаторыі, і выцягнулі зноў на сезонныя палявыя работы, ад чаго яна і дайшла канчаткова. Сюжэтная паэма "Дажынкі" праява сыноўняй адвагі, а "Даруйце!", з падазгалоўкам "паэма віны", праява сыноўняй, мужняй, бацькавай і чалавечай пакуты.

На вельмі высокім эмацыйным напале, на слёзным пакаянні заканчваецца гэты найцікавейшы зборнік. Мабыць, унікальны ў беларускай паэзіі шасцідзясятніцтва не паўтораны ні аўтарам, ні ягонымі паплечнікамі па генерацыі. Які, безумоўна, варта шукаць і мець ва ўласнай бібліятэцы побач з найлепшымі кнігамі беларускай паэзіі ХХ стагоддзя.

Ціхан Чарнякевіч, для lit-bel.org