Тыдзень Вярцінскага: «Жыцьмем»

З часу «З'яўлення» Анатоль Вярцінскі друкуе некалькі кніг выбранага, новыя паэтычныя зборнікі, зборнік п'есаў, пераклады, становіцца адным з сакратароў Саюза пісьменнікаў БССР, удзельнічае ў Генеральнай асамблеі ААН, урэшце, у саму гарачую пару галоснасці й перабудовы прызначаецца галоўным рэдактарам штотыднёвіка «Літаратура і мастацтва». Пры яго кіраўніцтве ў газеце друкуецца эпахальны артыкул Зянона Пазняка і Яўгенам Шмыгалёвым «Курапаты – дарога смерці», з прадмовай Васіля Быкава. Людзі даведваюцца пра месцы маштабных пахаванняў ахвяр палітычнага тэрору, што выліваецца ў шматтысячныя мітынгі, арганізацыю першых палітычных партый, абвяшчэнне незалежнасці Беларусі.

Час, у гонар якога падымаўся тост у «Чалавечым знаку», зноў з'яўляецца. Разам з ім змяняецца і паэзія Анатоля Вярцінскага. Тое пакліканне служэння, якому былі прысвечаны шмат якія вершы паэта, урэшце набыло празрыстае напаўненне. Без абагульненняў планетарнага характару Вярцінскі прыступае да служэння беларускай нацыі.

Гартаючы яго новы, апошні па часе, зборнік вершаў «Жыцьмем», выдадзены ў бібліятэчцы СБП «Кнігарня пісьменніка» ў 2012 годзе, чытач знойдзе адну магістральную тэму – лёс Беларусі. Анатоль Вярцінскі нібы запаўняе белыя плямы на старонках сваіх мінулых кніг, нарэшце прагаворваючыся і пра Саюз беларускіх патрыётаў, і пра БНР, аддаючы даніну памяці рэпрэсаваным у савецкі ды і ва «уласна-беларускі» час, прысвячаючы вершы сябрам па барацьбе за нацыянальную самасвядомасць – Радзіму Гарэцкаму, Васілю Быкаву, Нілу Гілевічу, Васілю Зуёнку, Кастусю Цвірку, Ніне Мацяш, Паўлу Севярынцу і шмат каму яшчэ.

Разам з тым, праўдзівыя перліны гэтай кнігі адшукваюцца наўзбоч ад магістральнай тэмы, у вершах, дзе прарываецца побытавае, жыццёвае, па-майстэрску, як гэта заўсёды ў Вярцінскага, дэталізаванае. Вось «Ода электрычнасці», калі герой прачынаецца ноччу пасля вусцішнага сну і хапае, як выратавальнае кола, кнопку свяцільніка, альбо верш, прысвечаны хворай дачцэ. Альбо завяршальны, фінальны акорд кнігі, які хочацца слухаць і слухаць:

Убачыў, як квітнее сад,

і адарваць не мог пагляд.

Нібы глядзеў упершыню

На гэткую харашыню.

Нібы сам пачынаўся з ёй,

з вясновай гэтай навізной.

Здавалася такое штось:

не прамінула маладосць,

якім ты быў, такі і ёсць,

з табою вёсны твае ўсе –

усе ва ўсёй тваёй красе.

Што той узрост, тыя гады,

Калі вось так цвітуць сады!

Напраўду, рэч не ў тым зусім,

пражыта колькі лет і зім.

А ў тым, што зноў квітнее сад,

як шмат гадоў таму назад.

А ў тым, што зноў квітнее сад

і што святлее твой пагляд.

Што потым, як і пры жыцці,

сады ва ўсю будуць цвісці –

вось так якраз і ў той жа час…

І ў гэтым будзе штось ад нас,

ад нашых веснавых надзей

ды ад святла нашых вачэй…

Калі гавораць пра класічную лірыку, пра нейкія кандэнсаваныя радкі, дзе, адрынаючы эмоцыю і ўласнае "я", і, магчыма, прастору і час, было выказана штосьці сапраўды агульнае для ўсіх, то варта згадваць і гэтыя радкі, дзе і скруха, і радасць, спакой, прыгажосць, надзея і абяцанне вечнасці.

Ціхан Чарнякевіч, для lit-bel.org

Папярэднія тэксты серыі:

"Песня пра хлеб" (1962): http://lit-bel.org/by/news/tydzjen-vjarcinskaha.html

"Тры цішыні" (1966): http://lit-bel.org/by/news/tydzjen-vjarcinskaha-cjaha-da-abahulnjennja.html

"Чалавечы знак" (1968): http://lit-bel.org/by/news/tydzjen-vjarcinskaha-chalavjechy-znak.html

"З'яўленне" (1975): http://lit-bel.org/by/news/tydzjen-vjarcinskaha-zjauljenn.html