Тыдзень Вярцінскага: «З'яўленне»
Зборнік “З’яўленне” – гэта сапраўдны новы этап у творчасці Вярцінскага. Этап павароту да больш асцярожнага выказвання. Што папярэднічала гэтаму павароту? Прачытаўшы грунтоўную прадмову да выбранага ў серыі “Беларускі кнігазбор”, я не знайшоў ані радка пра гэта. Не даў нічога канкрэтнага і энцыклапедычны слоўнік “Беларускія пісьменнікі” – хоць пэўнае здзіўленне спарадзіў, бо на выдатны “Чалавечы знак”, як выяўляецца, была толькі адна рэцэнзія Барыса Бур’яна, у той час калі на папярэднія і наступныя кнігі Вярцінскі збіраў даволі прыстойную крытыку – шэсць, сем, восем крытычных артыкулаў.
Разам з тым у пісьменніцкім асяроддзі ходзіць адна праўдзівая гісторыя, якая можа патлумачыць адсутнасць крытыкі на “Чалавечы знак”, сямігадовае маўчанне аўтара (папярэднія і наступныя кнігі выходзілі з інтэрвалам у два-чатыры гады), урэшце сам сцішаны характар “З’яўлення”. Рэч у тым, што паэзія Вярцінскага ў перыяд "Чалавечага знаку" набыла настолькі крытычны характар у адносінах да ўлады, што была заўважана на Захадзе, а менавіта ўкраінскі паэт і дысідэнт Леанід Палтава пераклаў і выдаў кнігу Вярцінскага за акіянам. У Нацыянальнай бібліятэцы гэтае выданне, на жаль, адсутнічае. Магчыма, гісторыю выдання некалі асветляць даследчыкі беларускай эміграцыі.
Гэткім чынам, мабыць, і можна патлумачыць даволі выразны дысананс, які адчуваеш, прачытаўшы “З’яўленне” адразу пасля “Чалавечага знака”. Навідавоку “тлумачальная работа з аўтарам” (наўпроставай залежнасці ад амерыканскай вядомасці тут можа і не быць, дастаткова было ўчытацца ў "Чалавечы знак", каб пабачыць яўную крамолу). Па сутнасці – яшчэ адна трагедыя ў гісторыі беларускай літаратуры ХХ стагоддзя, калі пісьменніцкія лёсы ламаліся аб калена. І працэс далёка не спыніўся ў 1937-м, як гэта хацелі б падаць некаторыя гісторыкі. І не тычыўся ён аднаго Васіля Быкава – працэс быў агульны для ўсіх: застрашванне, рэпрэсіі, пагрозы. Тым больш цяжкія, што ў адрозненне ад нашага часу ўцякаць не было куды.
1970-я для Вярцінскага гэта і плённы час, і спроба ўбудавацца ў парадак рэчаў. Дым шасцідзясятых адляцеў у невараць, той Час, у гонар якога паэт прамаўляў тост у кнізе “Чалавечы знак”, у чарговы раз змяніўся бясчассем. Разам з тым, паэзія і літаратура працягваліся, хоць для гэтага давялося сысці ва ўнутраную эміграцыю:
Зайздрошчу рэкам я заўсёды.
І часта думаю я, Сож,
што правільна жывуць усё ж
рачныя, грунтавыя воды.
Сож, навучы мяне, як быць,
каб аставацца ў сваім рэчышчы,
да свайго мора вольна плыць,
спакойна плыць да сваёй вечнасці.
Вярцінскі вырашае застацца грунтавой вадою і перачакаць.
Кампазіцыйна зборнік “З’яўленне” падзяляецца на два эпіграфы, дзве паэмы і чатыры раздзелы вершаў. Раздзелы зноў адсылаюць нас да папярэдніх кніг – аўтар застаецца верным сабе ў вылучэння ў асобныя цыклы інтымнай лірыкі, філасафем і паэтычнай публіцыстыкі. Нетыповымі для паэта з’яўляюцца дзве пачатковыя паэмы, якія, на мой погляд, выразна адсылаюць да творчага метаду Аркадзя Куляшова. У той жа час яны складаюць адно тэматычнае цэлае і, фігуральна кажучы, перацякаюць адна ў адну: “Начны бераг” прысвечаны нібы рачному існаванню (якое сімвалізуе тут і прыватна-асабовае, і ўласна беларускае – вядзецца пра ноч каля ракі Сож), а “Паэма мора”, адпаведна – марскому. Усім памятныя класічныя паэмы Куляшова, у прыватнасці “Цунамі”, якая паўплывала і на маладога Уладзіміра Някляева (глядзі паэму “Маланка).
Аднак планетарная рыторыка Куляшова, хоць і мела ўплыў на Вярцінскага ў паасобных вершах, тым не менш у “Паэме мора” хутчэй бачыцца тым, ад чаго адштурхоўваюцца, ніж прымаюць. Беумоўна, і ў Вярцінскага ўзнаўляецца стыхія, яе характар, яе ўсёабдымнасць. Тым не менш, побач са стыхіяй у “Паэме мора” Вярцінскага заўсёды прысутнічае чалавек, і толькі ён робіць стыхію сэнсоўнай.
Гэты твор крыху люструецца з аденым з эпіграфаў, а менавіта – з вершам, які дае назву кнізе, “З’яўленне”:
З’яўленне зор і сонца ў вышыні.
З’яўленне сокаў з глыбіні карэння.
З’яўленне траў у веснавыя дні…
І вось маё, і вось тваё з’яўленне.
Як быццам бы дамовіліся ўсе –
глыбіні цёмныя і залатыя высі, –
як быццам бы сказалі ўсе: “З’явіся!” –
і ты з’явілася ва ўсёй красе.
Як быццам нечакана ўсё было,
як быццам выпадкова. А на справе
увасабленне гэтае наяве
чакалася, як ранняе святло.
А каб ты нам з’явілася як след,
падмогаю было благаславенне:
благаслаўляў тваё з’яўленне свет,
сусвет благасляў тваё з’яўленне.
Тут відавочны біблейскі касмаганічны варыянт стварэння свету. Безыменнае “ты” ў восьмым радку, аднак, аднак рашчапляе вобраз на дзве часткі. Канечне, тут найперш семантычна падстаўляецца планета Зямля. Разам з тым, тут маецца і падкрэслены жаночы характар, бо “свет” і “сусвет” у апошнім радку пасылаюць сваё благаславенне з’яўленню “цябе”. Такім чынам аб’ядноўваюцца два матывы з “З’яўлення” і “Паэмы мора”: сама стыхія застаецца дурной бясконцасцю, пакуль не ставіцца ў антрапалагічны кантэкст; але ў той жа час матэрыя дабраслаўляе з’яўленне жыцця, як і з’яўленне матэрыі было некалі дабраслаўлёнае.
Мабыць, такі ход можна назваць апафеозам філасофскай лірыкі Вярцінскага, напісанай з улікам досведу касмаганіста-Куляшова і этыка Панчанкі – найбольш аўтарытэтных паэтаў таго часу. Далей паэта чакае новы этап, калі Час зноў прачнецца і запатрабуе ад паэта “святарнай ахвяры”.
Ціхан Чарнякевіч, для lit-bel.org
Фота: Радыё Свабода
Папярэднія тэксты серыі:
"Песня пра хлеб" (1962): http://lit-bel.org/by/news/tydzjen-vjarcinskaha.html
"Тры цішыні" (1966): http://lit-bel.org/by/news/tydzjen-vjarcinskaha-cjaha-da-abahulnjennja.html
"Чалавечы знак" (1968): http://lit-bel.org/by/news/tydzjen-vjarcinskaha-chalavjechy-znak.html