Тыдзень Вярцінскага: цяга да абагульнення

Можна сказаць, што ў другім зборніку Анатоль Вярцінскі шмат у чым становіцца паэтам, які і замацуецца ў нашай свядомасці. Перш за ўсё тут трэба дзякаваць шасцідзясятніцкаму характару, але варта і асобна сказаць, што гэта такое і адкуль на нашых шыротах узялося.

Шасцідзясятніцтва ёсць феноменам пасляваеннай савецкай культуры, які пазіцыянаваў сябе па-рознаму і выявіўся ледзь не ва ўсіх сферах кульуры: у жывапісе, тэатры, кінематографе, літаратуры. Перш за ўсё, трэба казаць пра перыяд адноснай свабоды ў творчасці, які наступіў пасля частковага раскрыцця сталінскіх злачынстваў. Афіцына дэклараваўся адыход ад прынцыпаў сталіншчыны, якімі негалосна была палітыка тэрору, уціску, татальнага кантролю над грамадствам. Лейцы адпускаліся ці, прынамсі, аслабляліся. Пераглядаліся стасункі з светам еўрапейскай і амерыканскай культуры, прыўздымалася жалезная заслона. У той жа час па-ранейшаму адсутнічала ніша для крытыкі наяўнай савецкай рэчаіснасці, якая, зноў жа – па-ранейшаму, заставалася узорнай і ставілася ў антаганістычныя стасункі з еўропа-амерыканскай карцінай «капіталістычнага свету».

Мабыць, найбольшы характар адліга набыла ў літаратуры. Пасля рэабілітацыі была вернутая з забыцця львіная доля рэпрэсаваных аўтараў і, адпаведна, іх твораў, чым нарэшце змагла больш-менш аднавіцца разарваная тканка гісторыі беларускай літаратуры як цэласнага з'явішча. Разам з тым, эстэтыка шасцідзясятніцтва найперш фарміравалася ў метраполіі – Маскве. Там праходзілі шматтысячныя паэтычныя чытанні, там дыскутавалася праблема «гучнай» і «ціхай» лірыкі, як і наагул патрэба паэзіі ў эпоху фізікаў. Нельга не адзначыць, што ўсё гэтае ажыўленне істотна паўплывала на другую кнігу Анатоля Вярцінскага. Тая «планетарная» тэматыка, пра якую ішла гаворка ў папярэднім артыкуле і якая выглядала нават крыху чужароднай у «Песні пра хлеб», стала вызначальнай і даміноўнай у другой кнізе паэта.

Важным для ўсёй тагачаснай паэзіі быў Уладзімір Маякоўскі, наватары найперш пераймалі ягоную зухаватасць і культуру нечаканай рыфмы. Тое ж можна ўбачыць у першай кнізе Алеся Наўроцкага «Неба ўсміхаецца маланкаю», тое ж і многіх вершах кнігі «Тры цішыні» Анатоля Вярцінскага.

Гэтая планетарнасць уплывае і на адлюстраванне мікрасвету. Параўноўваючы паэму «Песня пра хлеб» з вершам «Статак вяртаецца з поля», можна ўбачыць, што дэталізацыя, узнаўленне канкрэтнага, рэчыўнага свету ў другой кнізе знікае. На змену прыходзіць сам рух, які ставіцца ў сусветны кантэкст:

Недзе спяшаць на выступ.

Недзе спяшаць на прэм'еру.

Недзе прэм'ер-міністр

дае абед ці вячэру.

Нехта робіць адкрыцце,

нехта рыхтуе прамову,

нехта гаворыць тайна

па проваду прамому.

А ў вёсцы свая надзея.

А ў вёсцы шуміць таполя.

А ў вёсцы свая падзея –

статак вяртаецца з поля.

Гэткім жа абагульненнем выглядае і знакаміты «Рэквіем» па кожным чацвёртым, вядомы ўсім з школьнага падручніка па беларускай літаратуры. Тым не менш, само слова «Беларусь» у даволі аб'ёмным, шматкампанентным творы сустракаецца толькі аднойчы. І тут аўтар найбольш гаворыць пра каштоўнасць чалавечага жыцця, пра неўзнавімасць кожнай страчанай асобы. Прывязка да нацыянальнага фактычна не гучыць у гэтым зборніку – скажам пра гэта асобна, бо ў далейшым Вярцінскага будзе чакаць рэзкі паварот да нацыянальнай тэмы.

Варта яшчэ згадаць імкненне аўтара да празаізацыі лірыкі. Ён пачынае ўжываць дысметрычны верш, верлібр, развівае вольны верш, уводзіць у практыку вершы-гісторыі, вершы-апавяданні, эксперыментуе з строфікай:

Спачуваю чалавеку,

калі ён б'ецца над пытаннямі,

калі да яго прыходзяць сумненні,

калі яго спасцігаюць расчараванні.

Я зведаў на ўласным вопыце

і тое, і другое, і трэцяе.

Страфічныя малюнкі гэтых вершаў праз некалькі гадоў будуць паўтораныя ў першай кнізе Алеся Разанава. Дарэчы, менавіта Анатоль Вярцінскі быў адным з першых, хто заўважыў маладога берасцейскага аўтара. Выглядае, што невыпадкова, бо імі ў той час рухала адна прага да абнаўлення паэзіі, да эксперыментаў з празаізацыяй лірыкі.

Тая ж прага абагульнення наведвае і вершы, здавалася б, зусім асабістыя. Як і ў першай раз, так і ў зборніку "Тры цішыні" Вярцінскі пакідае жаночую тэму, вершы пра маці і пра каханне напрыканцы. Тут узнікае невялікі прасвет паміж вельмі асабістым стаўленнем і паноўнай маральна-этычнай праблематыкай Вярцінскага. Якраз у гэтым зазоры і маглі з'явіцца такія вершы, як "Калісьці, днямі асеннімі..."

Калісьці, днямі асеннімі,

хаваючыся ад сцюж,

прыйшлі сюды і аселі мы:

ты і я – твой муж.

Думалі: скончацца сцюжы,

змоўкнуць вятры ў палях,

і зноў мы – ў шлях засмужаны,

і зноў мы – ў далёкі шлях.

Стала навокала светла,

ні восені, ні зімы…

А мы ўсё жывём аседла,

і ў шлях не збіраемся мы.

Другі зборнік прадстаўляе Вярцінскага як майстра рыфмы і абстрактнага мыслення, прававернага вучня шасцідзясятнікаў-эксперыментатараў, які лёгка арыентуецца і ў заходняй культуры, размаўляе з беларускім чытачом пра Эдзіт Піяф і Антуана дэ Сэнт-Экзюперы, актыўна празаізуе паэтычную мову і настойліва адыходзіць ад зададзенай катрэнавай інэрцыі ў строфіцы. Разам з тым сам зборнік, як і ў першым выпадку, распадаецца на тэматычныя блокі, але гэта ніяк не ўплывае на кампазіцыю кнігі. Новы крок да стварэння уласна "кнігі паэзіі" як жанру, што адсылае да Багдановіча, будзе зроблены ў наступным зборніку - "Чалавечы знак".

Ціхан Чарнякевіч, для lit-bel.org