Тыдзень вясновых сустрэч ад «Будзьма беларусамі!»

Сюрпрызам “у адказ” стала тое, што з паэткай прыехала кампазітар Тамара Іванаўна Кашчэва – і сустрэча пераўтварылася ў літаратурна-музычную імпрэзу. Слухачы шмат даведаліся цікавых гісторый з жыцця Веры Аляксандраўны і яе настаўніцы (якая сядзела за адной партай з Піменам Панчанкам). Яшчэ госці паспявалі пад уласны акампанемент. А напрыканцы сустрэчы паэтка аб’явіла конкурс на самую вясёлую і цікавую таўтаграму. Пераможцам былі ўручаны прызы ад кампаніі “Будзьма беларусамі!”.

15 сакавіка ў гімназію № 4 завіталі іншыя госці ад кампаніі – тэатр “Лямцавая батлейка” са спектаклем пра вясёлую кароўку Маму Му і яе сябра крумкача Крага паводле кніг шведскай пісьменніцы Юі Вісландэр. Гэтым разам трэцякласнікі разам з непрадказальнай гарэзай Мамай Му апынуліся ў басейне. Зрабіўшы зарадку ды пазаўзеўшы за галоўную гераіню, дзеці прынялі ўдзел і ў літаратурна-гістарычнай віктарыне.

У гэты ж дзень гасцей ад “Будзьмы” прымаў дзяржаўны прафесійны ліцэй будаўніцтва № 10. Да дня беларускай мовы ў ліцэі была прымеркавана сустрэча з аматарамі-рэканструктарамі Юрыем Усціновічам і Андрэем Дундуковым. Хлопцы паказалі навучэнцам двубой на шаблях і мячах, прадставілі калекцыю рэканструяванай халоднай зброі. Давялі, што нашы продкі былі мужнымі і ўмелымі ваярамі, якія, нягледзячы на ўсе складанасці лёсу, змаглі захаваць сваю нацыянальную ідэнтычнасць. Вынікам чаго стала абвяшчэнне Беларускай Народнай Рэспублікі 100 год таму. Разам з прадстаўніком кампаніі спадары Юрый і Андрэй правялі літаратурна-гістарычную віктарыну на прызы ад “Будзьма беларусамі!”. Пасля ў “рыцарскіх” забаўках гледачы змаглі праверыць спрыт не толькі свайго розуму, але і цела. Сустрэча атрымалася відовішчнай і пакінула глыбокі адбітак у сэрцах як у гледачоў, так і ў выступоўцаў.

16 сакавіка ў межах кампаніі адбыліся сустрэчы ў Цэнтральнай дзіцячай бібліятэцы імя Астроўскага, музеі Максіма Багдановіча, Лунінецкіх гімназіі і СШ № 1, у Мікашэвіцкай гімназіі.

Бібліятэка сустракала перакладчыка Андрэя Хадановіча і тэатр “Лямцавая батлейка”. Для гасцей бібліятэкі, вучняў СШ № 160, было зладжана тэатралізаванае чытанне “Суперкнігі пра Біла і Болу”. Кранальная гісторыя пра незвычайнае дзіцё ў звычайнай сям’і нікога не пакінула раўнадушным. Дзеці разам з Веранікай Фаміной і Бэлай Кавальковай (акторкамі тэатра) радаваліся і сумавалі, хваляваліся і задумваліся над важнымі пытаннямі ў чалавечых стасунках. (фота 8 – 10) Больш падрабязна пра гэту сустрэчу можна паглядзець тут.

У Лунінецкі край прыехаў творчы дуэт Міхася Скоблы і Таццяны Матафонавай. Паколькі 2018-ты абвешчаны ў Беларусі Годам малой радзімы, госці расказвалі вучням пра свае родныя мясціны: горад Ашмяны і мястэчка Дзярэчын на Зэльвеншчыне, а М. Скобла нават прэзентаваў у школьныя бібліятэкі сваю кнігу “Дзярэчынскі дыярыюш” – з пажаданнем, каб кожны юны лунінчанін напісаў пра свой горад такую ж. Пісьменнік у якасці найлепшай формулы беларускага патрыятызму прывёў словы Ф. Скарыны: “Як звяры, што блукаюць у пушчы, ад нараджэння ведаюць сховы свае, як птушкі, што лётаюць у паветры, помняць гнёзды свае, як рыбы, што плаваюць у моры і ў рэках, чуюць віры свае, і як пчолы бароняць вуллі свае – гэтак і людзі да месца, дзе нарадзіліся і ўзгадаваны ў Бозе, вялікую ласку маюць”. Зацікаўлена слухалі вучні і настаўнікі эсэ “Выспятак ад Скарыны” з аднайменнай кнігі М. Скоблы, што выйшла летась, а таксама новыя вершы.

Ад малой радзімы гаворка пераходзіла да Радзімы вялікай – Беларускай Народнай Рэспублікі, чыё стагоддзе адзначаецца па ўсёй краіне 25 сакавіка. Вельмі цёпла прымала зала выступы Т. Грыневіч-Матафонавай, якая выканала гімн БНР на словы Макара Краўцова, песні на вершы Максіма Багдановіча, Наталлі Арсенневай, Ларысы Геніюш, Генадзя Бураўкіна. На лунінецкіх сустрэчах прысутнічалі настаўнікі з Мікашэвіцкай гімназіі імя Уладзіслава Нядзведскага, якія звярнуліся да сталічных гасцей з просьбай выступіць і ў іх. Госці адмовіць не змаглі – і адбылася трэцяя, незапланаваная сустрэча, прыканцы якой дырэктар гімназіі Сяргей Пятровіч Высоцкі падзячыў выступоўцам і ўручыў ім адмысловыя “мікашэвіцкія караваі”. Сустрэчы былі арганізаваныя з дапамогай мясцовай актывісткі Таццяны Канапацкай, былой рэдактаркі газеты “Лунінецкія навіны”. На іх пабывала каля 200 вучняў, самыя актыўныя з іх атрымалі сувеніры ад кампаніі “Будзьма беларусамі”.

У музеі Максіма Багдановіча прайшла лекцыя Анатоля Івашчанкі, прысвечаная творчасці Алеся Разанава. Аматары літаратурнай спадчыны А. Разанава са здзіўленнем адкрылі для сябе новыя факты жыцця, цікавыя творчыя эксперыменты паэта, пра якія распавядаў спадар Анатоль. Паступова лекцыя пераўтварылася ў творчую сустрэчу – у музеі прысутнічалі людзі, якія асабіста знаёмыя з Алесем Разанавым, іх расказы арганічна ўключыліся ў лекцыйны матэрыял. Шэраг пытанняў і адказаў, успамінаў і цытат… Сустрэча зацягнулася, і ўдзячная аўдыторыя ўпрасіла спадара Анатоля на працяг. Сачыце за навінамі – у хуткім часе адбудзецца новая сустрэча па тэме. Больш падрабязна тут.

І напрыканцы тыдня, 18 сакавіка адбылося тры разнапланавыя сустрэчы.

У Вілейцы на сядзібе суполкі Таварыства аховы помнікаў прайшла літаратурна-музычная імпрэза з удзелам гурта “Балцкі Субстрат”, прысвечаная 100-годдзю стварэння Беларускай Народнай Рэспублікі. Для прысутных гучалі песні на словы айчынных паэтаў-класікаў, а таксама сяброў Саюза беларускіх пісьменнікаў Віктара Сямашкі і Веры Бурлак. Публіка актыўна ўдзельнічала ў адмыслова падрыхтаванай выступоўцамі гістарычна-пазнавальнай віктарыне паводле гісторыі стварэння БНР на прызы ад кампаніі “Будзьма беларусамі!”. Сустрэча прайшла ў цёплай і сяброўскай атмасферы.

У Лідзе ў межах кампаніі “Будзьма беларусамі!” адбыўся канцэрт этна-гурта “Тройца”. Шмат музыкі і пазітыву ад Івана Кірчука, Юрыя Паўлоўскага і Юрыя Дзмітрыева. Больш інфармацыі тут.

І закрывае спіс творчых сустрэч ад “Будзьма беларусамі!” па-сямейнаму цёплая і сяброўская прэзентацыя кнігі Рыгора Барадуліна “Азбука. Вясёлы вулей” у Віцебску. Прадстаўляў “Азбуку” для гасцей кніжнай крамы-клуба “Абажурчык” беларускі драматург, выкладчык акторскага майстэрства Васіль Дранько-Майсюк. Прыгожа аформленая, зручная, яркая кніга ў спалучэнні з прафесійнымі якасцямі спадара Васіля стварылі сапраўдны цуд для маленькіх аматараў чытання і іх бацькоў! Рыкаў магутны зубр, віхурыла, развітваючыся, зімовая завея, мерз маленькі зайка, пралятаў бусел, з’яўляўся і знікаў ад моцы беларускага слова злы чараўнік, літары саскоквалі са старонак кнігі, каб разам з прысутнымі зрабіць фіззарадку ды прагуляцца па Віцебску, гучалі вершы Якуба Коласа, пераклікваючыся з героямі “Азбукі” Р. Барадуліна… чаго толькі не было ва ўтульнай кніжнай крамцы! Напрыканцы казачнага відовішча дзеці і дарослыя засыпалі свайго госця самымі рознымі пытаннямі, запрашэннямі і просьбамі даць аўтограф.

Калі Вы таксама жадаеце зладзіць цікавую сустрэчу з сучаснымі творцамі, пішыце на скрыню: stasyaky88@gmail.com – будзем сябраваць!

budzma.by