Толькі 8,5% кніг у Беларусі выдаецца на беларускай мове

Як беларусаў адвучваюць спажываць інфармацыю на роднай мове, яскрава паказвае афіцыйная статыстыка.

Газеты

Самы высокі адсотак беларускамоўнасці сярод друкаваных выданняў у газет. З 693 газет, што былі выдадзеныя ў 2011 годзе, — 183 (26,4%) выдаюцца на беларускай мове. Аднак не выключана, што ў некаторых з іх выкарыстоўваюцца насамрэч дзве мовы — руская і беларуская. А вось рускамоўных газет — 506 (72%).

Адна газета выдавалася на англійскай мове, тры — на польскай.

Параўнайце: У 2005 годзе на беларуская мове выдавалася 27% газет, на рускай — 72,2%.

Часопісы


Сярод часопісаў ды іншых перыядычных выданняў беларускамоўных 17,4%, а рускамоўных — 81%.

Усяго ў Беларусі ў 2011 годзе выдавался па-беларуску 160 з 918 часопісаў ды іншых перыядычных выданняў. Шэсць выданняў мелі англійскую мову, чатыры — польскую.

Параўнайце: За шэсць гадоў колькасць беларускамоўных часопісаў вырасла на 40 адзінак, але з-за буйнога росту агульнай колькасці часопісаў, што выдаюцца ў апошнія гады, удзельная вага беларускамоўных перыядычных выданняў знізілася — у 2005 годзе яна складала 21,3%.

Кнігі

Вось дзе сітуацыя насамрэч крытычная. Узровень выдання беларускамоўных кніг і брашур не перавысіў у 2011 годзе 8,5% як па колькасці, так і па агульным накладзе.

Удзельная вага англамоўных кніг склала ў мінулым годзе 4,5% — больш за палову ад колькасці кніг, выдадзеных на адной з дзяржаўных моў Беларусі. Англамоўная літаратура займае трэцяе месца ў моўнай структуры кнігавыдавецтва Беларусі.

На першым месцы, зразумела, рускамоўныя выданні — 85,3%.

Параўнайце: Пры агульным росце колькасці выдаваемых кніг колькасць беларускамоўнай літаратуры знізілася. У 2005 годзе ўдзельная вага беларускамоўных кніг складала 9,2%, у 2010-м — 8,6%.

Тэлебачанне

З 6745 гадзін тэлевяшчання на Першым нацыянальным канале толькі 317 гадзін (4,7%) было аддадзена ў 2011 годзе беларускамоўным праграмам. На узроўні 4,8% па-беларуску “гаворыць і паказвае” Другі нацыянальны канал (Лад) – 309 гадзін з 6420.

Усе астатнія каналы, па дадзеных Белстата, увогуле не мелі перадач на беларускай мове.

Радыё

Белтэлерадыёкампанія дабірае беларускамоўныя гадзіны передачам і радыё. Першы канал беларускага радыё прысвяціў у 2011 годзе толькі 8 гадзін рускамоўным перадачам супраць 8752 беларускамоўных.

Канал "Культура" размеркаваў перадачы гэтак: 498 гадзін на рускай мове і 6802 гадзіны на беларускай. Цалкам беларускамоўным з’яўляецца канал "Сталiца", а цалкам рускамоўнымі – Радыус-FM і Радыё АНТ.

Калі ж падсумаваць колькасць гадзін вяшчання па ўсіх радыёканалах, дык суадносіны 56/42 на карысць беларускамоўнага.

Ірына Арлова, zautra.by