Топ-10 самых прадаваных кніг на партале Kniharnia.by за красавік

1. Літвінская кухня. Кухмістр Верашчака Гэтая ўнікальная кніга складаецца з баек, напісаных добра вядомым Кухмістрам Верашчакам для «Нашай Нівы» і «Звязды» цягам апошняга дзесяцігоддзя. Блізкае знаёмства з «Кухаркай Літоўскай», кулінарнымі рэаліямі паэмы «Пан Тадэвуш», мемуарамі Леона Патоцкага, Яна Булгака, Мельхіёра Ваньковіча, Міхала Паўлікоўскага і многімі іншымі тэкстамі ХІХ – першай паловы ХХ ст. стварае досыць арганічную карціну кухні, якую сёння ўсё часцей называюць «літвінскай». Гэта шляхецкая і мяшчанская кухня былога ВКЛ, у нейкай ступені таксама – заможнага сялянства. Зараз ідзе сбор сродкаў на новую кнігу Кухмістра Верасчакі. Падтрымаць праект можна тут.

2. Дванаццаць актаў. Зборнік беларускай эратычнай прозы. Уладзіслаў Ахроменка, Сяргей Календа (уклад.) У класічным беларускім пісьменстве заўсёды было зашмат ідэй, патрыятызму і паэзіі чыстае красы, але катастрафічна бракавала фізічнага цела. Традыцыйныя героі беларускай літаратуры заўсёды выглядалі нібы сатканымі з кветкавага пылку, але амаль паўбаўленымі мяса, крыві, касцей, а таксама натуральных фізіялагічных жаданняў.
Вы можаце ўявіць эрагенныя зоны Ядвісі з коласаўскіх “На ростаннях”? А мінет ці кунілінгус меліжаўскіх Васіля Дзятліка і Ганны Чарнушкі? Быкаўскае “Дажыць да світанку” выклікае у вас адно мілітарныя асацыяцыі, але не думкі пра жарсць, якая знясільвае ненажэрных каханкаў?
Законы прыроды адназначныя, і для прыгожага пісьменства таксама: песцік вымагае тычынкі, Інь – Янь, і без гэтага немажлівае натуральнае апладненне. Калі ў літаратуры нарэшце з’яўляецца фізічнае цела – яе прыўкрасная душа цяжарыць, дэкаратыўныя кветкі саступаюць месца завязі, а краскі на галінках неўзабавеабарочваюцца пладамі.

3.Мова. Віктар Марціновіч – Мінск, 4741 год па кітайскім календары. Часы Смутку скончыліся, надышла эра ўзвышэння Саюзнай дзяржавы Кітая і Расіі, бесклапотных уцехаў, шопінг-рэлігіі і cold sex’у. Аднак існуе Нешта, чаго ў гэтым грамадстве суцэльнага дабрабыту не стае як вады і паветра. Сентыментальны кантрабандыст Сярожа пад страхам смяротнага пакарання ўвозіць каштоўны скарб з-за мяжы і апынаецца пад пільным кантролем мінскага падполля, узначаленага кітайскай мафіяй пад кіраўніцтвам таямнічай Цёткі. Разам яны спрабуюць зламаць сістэму, у якой дабро і зло, асветнікі і злачынцы, каханне і спажыванне, вернасць і здрада памяняліся месцамі.
Ці можаце вы ўявіць Беларусь без Беларусі? Гэты раман — страшны сон пра будучыню, прадухіліць якую можна толькі ў лучнасці з тым скарбам, вакол якога і распачынаецца дзеянне гэтага лінгвістычнага баевіка.

4. Дзень Святого Патрыка . Ганна Севярынец – Эксперт міжнароднай моўнай камісіі Марына Дамейка прымае рашэнне прызнаць беларускую мову мёртвай, і зараз ёй патрэбна захаваць у спецыяльным архіве тое мастацтва, якое было створана на гэтай мове. Што яна паставіць на паліцы спецхрану? Каго назаўжды выкіне з гісторыі? Якім чынам на мёртвай мове можна будзе зарабіць мільярды даляраў? Ці з’явіцца ў памерлай мовы шанец? Гісторыя любові — да мужчыны, да літаратуры, да краіны — якая, на жаль, не можа скончыцца добра.

5. Уладзімір Садоўскі – Першы зомбі-хорар па-беларуску! Дзеянне навэлы “1813” адбываецца ў 1813 годзе ў апошнія дні зімы. У разбуранае Вялікай вайной мястэчка на ўскрайку Мінскай губерні наведваецца госць са сталіцы. Міхал Клеафас Агінскі — дыпламат, кампазітар, а зараз сенатар Расійскай Імперыі — прыязджае пагасціць да свайго дзядзькі ў фамільны замак ля Маладэчна. З надыходам адлігі ў наваколлях мястэчка пачынаюць адбывацца незразумелыя рэчы: забітыя жаўнеры паўстаюць з поля мінулай бітвы і нападаюць на жыхароў паселішча. Хутка замак Агінскіх апынаецца ў аблозе хадзячых мерцвякоў. Міхалу Клеафасу не застаецца нічога іншага, як зноў узяць у рукі зброю і змагацца за свабоду роднага края. Толькі гэтым разам ворагам будуць не жывыя людзі, а паўсталыя пачвары.

У кнізе таксама змешчаны ў якасці бонуса пяць новых апавяданняў Уладзіміра Садоўскага.

6. Белая муха, забойца мужчын. Альгерд Бахарэвіч – Новы раман Альгерда Бахарэвіча — гісторыя жаночай банды, «дзевак без цара ў галаве», якія кінулі выклік патрыярхальнаму грамадству. Хто яны: тэрарысткі, вар’яткі, мастачкі? Або проста прывіды мінулага, з якімі нечакана сустракаецца галоўны герой кнігі?

7. Дагератып. Людміла Рублеўская – Новы дэкадансны раман Людмілы Рублеўскай пачынаецца ў нашу эпоху: малады біёлаг Гальяш рыхтуецца з’язджаць за мяжу, але, разбіраючы рэчы ў дзедавай кватэры, знаходзіць стары дзённік… Перад чытачом паўстаюць таямнічыя падзеі канца XIX стагоддзя. Уладальнікі фотаатэлье правінцыйнага беларускага гарадка, незалежная прыгажуня Багуслава і яе бацька Варакса Ніхель, якія спецыялізуюцца на партрэтах post mortem – адлюстраваннях нябожчыкаў, вымушаныя выправіцца ў экспедыцыю, каб сфатаграфаваць неверагодную этнаграфічную калекцыю ў глухім і злавесным маёнтку Жухавічы. Цяперашняга ўладальніка маёнтка, князя Шымона Каганецкага, мясцовыя сяляне лічаць ваўкалакам. Дый Багуслава з бацькам зусім не тыя, за каго сябе выдаюць… Вы не зможаце адарвацца ад гэтага захапляльнага чытва. Дэкаданс, готыка, хорар, палкае каханне насуперак усяму і бязлітасная чалавечая подласць… Рамантычная і жудасная гісторыя знаходзіць разгадку толькі ў наш час.

8. Голад. Гнут Гамсун – У кнігу знакамітага нарвежскага пісьменніка, лаўрэата Нобелеўскай прэміі 1920 года Кнута Гамсуна (1859–1952) увайшлі тры сусветна вядомыя раманы. «Голад» — гісторыя маладога валацугі, чыя свядомасць спазнае страшэнную метамарфозу ад галоднага існавання. Гэты наватарскі твор прынёс аўтару еўрапейскую вядомасць. «Пан» — лірычны аповед пра веліч прыроды і трагедыю неўзаемнага кахання, у якім спалучыліся скандынаўскія сентыментальнасць і нянавісць, дзівацтвы і пакуты, а фонам з’яўляецца суровая прыгажосць паўночнага ўзбярэжжа. «Вікторыя» — праніклівы раман пра чуллівае і пяшчотнае каханне, якое суправаджаюць гонар і годнасць, хвароба і смерць…

9. Сядзіба. Алесь Аркуш – чацьверты раман Алеся Аркуша. Нічога не зьнікае ў невараць, кажа аўтар у сваім новым творы, усё недзе існуе ў паралельным сьвеце. На полацкай сядзібе адбываюцца дзіўныя здарэньні. Мэтафізычнае жыцьцё ценяў і прывідаў пранікае ў рэальны сьвет.

10. Завяршыць гештальт. Макс Шчур – дзённік падарожжа «чалавека з фотаапаратам» у прасторы і часе, з Чэхіі ва ўлюбёную краіну ягонай маладосці Галандыю. Па дарозе герой-апавядальнік сустракае людзей з розных краін Еўропы і свету, абмяркоўвае з імі надзённыя пытанні эстэтыкі, эротыкі і геапалітыкі і напружана чакае, калі з ім нарэшце здарыцца нешта, што апраўдае ягонае рашэнне выехаць за мяжу — як цяпер, так і дваццаць гадоў таму з Беларусі. Ён перакананы, што галоўная сустрэча ягонага жыцця чакае яго ў Амстэрдаме.

Паводле kniharnia.by

Глядзіце таксама:

Топ-10 самых прадаваных кніг на партале Kniharnia.by за сакавік