Традыцыйныя "Сіманаўскія чытанні" адбыліся ў Магілёве

У межах свята былі арганізаваныя літаратурны і музычны конкурсы па ваеннай тэматыцы, адбылася навуковая канферэнцыя па творах К. Сіманава і канцэрт лаўрэатаў музычнага конкурсу. Удзельнікаў свята гасцінна сустракалі ў бібліятэках і навучальных установах Магілёва. Адбылася змястоўная экскурсія па абласным цэнтры. Госці ўсклалі кветкі да Сіманаўскага каменя на легендарным Буйніцкім полі ля Магілёва.

Урачыстае адкрыццё "Сіманаўскіх чытанняў" у залі прыёмаў

На свята прыехалі прадстаўнікі Смаленска, Санкт-Пецярбурга, Мінска, Гродна і Гомеля. Госці са Смаленска пісьменніцы Вера Суханава і Анастасія Самафралійская прывезлі падарунак для магілёўскіх літаратараў  — чарговы нумар літаратурнага альманаха “Под часами”, які выдае Смаленскае аддзяленне “Саюза расійскіх пісьменнікаў”. 

Там змешчана літаратуразнаўчае даследаванне Сяргея Украінкі “Кароткая гісторыя літаратурнага жыцця Магілёва” — ад Баркулабаўскага летапісу і да нашых часоў, а таксама нізка вершаў гэтага аўтара ў перакладзе на рускую мову смаленскім пісьменнікам Генадзем Пастуховым.

Падарунак са Смаленска 

Старшыня ГА "Рускае грамадства" Алена Апідовіч уручае Веры Суханавай дыплом лаўрэата літаратурнага конкурсу 

Г. Пастухоў таксама пераклаў апавяданні Таццяны Барысік з Магілёва і Міколы Леўчанкі з Быхава. Пісьменніца Вера Суханава зрабіла пераклад нізкі вершаў Міколы Яцкова.

Выступае паэтэса Анастасія Самафралійская 

Свае  вершы на старонках гэтага альманаха ўбачылі магілёўскія паэты Алесь Казека і Ала Яцкова, а таксама Тамара Краснова-Гусачэнка з Віцебска.  

Мікола Яцкоў выступае на канцэрце лаўрэатаў музычнага конкурсу 

А. Яцкова зрабіла свой падарунак смаленскім літаратарам — падрыхтавала кнігу “Паверыць небу”, дзе змешчаны яе пераклады на беларускую мову вершаў Веры Суханавай. Смаленская паэтэса з удзячнасцю прыняла гэты падарунак.

Ала Яцкова (справа) перадае кнігу перакладаў Веры Суханавай

Магілёўскія і смаленскія літаратары пацвердзілі свае ранейшыя дамоўленасці аб пашырэнні супрацоўніцтва і наладжванні сталых творчых сувязей паміж сваімі рэгіёнамі. У бліжэйшы час адбудзецца паездка магілёўскай творчай дэлегацыі ў Смаленск.

 

Ля капліцы на Буйніцкім полі 

Першыя “Сіманаўскія чытанні” адбыліся ў 1980 годзе, праз год пасля смерці Канстанціна Сіманава.  Затым яны праводзіліся яшчэ два разы, потым быў перапынак да 2005 года, пачынаючы з якога чытанні праводзяцца ў Магілёве штогод. 

Ля Сіманаўскага каменя на Буйніцкім полі 

К. Сіманаў праславіў подзвіг абаронцаў Магілёва ў ліпеньскія дні 1941 года. Як вядома, ён пабываў у абложаным фашыстамі горадзе, наведаў пярэдні край абароны на Буйніцкім полі, дзе былі падбіты 39 фашысцкіх танкаў і бронемашын. Тут ён сустрэўся з абаронцамі і з камандзірам палка палкоўнікам Сямёнам Куцепавым , які, па прызнанні самога пісьменніка , паслужыў правобразам генерала Сярпіліна.

Экскурсія па Магілёве

Аб героях гэтай бітвы ваенны карэспандэнт распавёў у нарысе «Гарачы дзень», апублікаваным у газеце «Известия» 20 ліпеня 1941 года. Пазней пісьменнік не раз звяртаўся да магілёўскай абароны, часта прыязджаў у абласны цэнтр, бываў на месцах былых баёў, сустракаўся з іх удзельнікамі. Характары і лёсы многіх з іх у той ці іншай ступені атрымалі адлюстраванне ў раманах «Жывыя і мёртвыя», «Салдатамі не нараджаюцца» і іншых творах.

Паводле тэстамента прах Канстанціна Сіманава быў развеяны над Буйніцкім полем. У памяць пра пісьменніка-франтавіка яго імем названа адна з вуліц горада на Дняпры.

Магілёўскае абласное аддзяленне СБП

Фотаздымкі Алены Апідовіч і Вольгі Касабуцкай