Трагедыя жыцця «бацькі беларускай драматургіі»

Яго называлі бацькам сучаснай беларускай драматургіі. Яго раман “У капцюрох ГПУ” стаў першым творам і класікай лагернай прозы за дзесяцігоддзі да “Калымскіх апавяданняў” Шаламава і “Архіпелага ГУЛага” Салжаніцына. Яго творы забаранялі ўлады Расійскай імперыі, СССР, Германіі, Польшчы.

Францішак Аляхновіч нарадзіўся ў Вільні 9 сакавіка 1883 года. Бацька будучага драматурга, Караль Іванавіч Аляхновіч, быў шляхціц па паходжанні, але латыфундый і маёнткаў не меў і працаваў скрыпачом у віленскіх тэатральных аркестрах. І калі Франку было ўсяго пяць гадоў, першы раз узяў сына на спектакль. Як паказала жыццё, гэтая падзея стала лёсавызначальнай для Францішка – ён на ўсё жыццё захварэў на тэатр. І, як у мноства творчых людзей, праз гэта ў хлопца адразу пачаліся праблемы. Хварэючы на тэатр і толькі тэатр, Франак упарта не жадаў старанна вывучаць навукі, з тэатрам не звязаныя. Але, як гэта ні сумна, амаль усе навукі з тэатрам нічога агульнага не маюць. У выніку юнак быў выключаны “за хранічную непаспяховасць” з 5 класа Віленскай гімназіі, а потым і з Віленскай хіміка-тэхнічнай школы.

Паводле некаторых звестак, падчас навучання ў гімназіі Аляхновіч не аднойчы сутыкаўся з будучым “першым рыцарам рускай рэвалюцыі” Феліксам Дзяржынскім, які нават працаваў пасля рэпетытарам у сваякоў Францішка. Аднак звестак пра блізкае знаёмства няма, а рэвалюцыйнымі справамі будучы драматург наогул не цікавіўся.

Зразумеўшы, што сваю любоў да тэатра трэба неяк рэалізаваць, юнак вырашыў паступіць у драматычную школу ў Кракаве. Бацькі не пярэчылі сыну, але праблема была ў іншым: на той час Кракаў, у адрозненне ад Варшавы, быў па-за межамі Расійскай імперыі, у складзе Аўстра-Венгрыі. А трапіць у іншую краіну ў тыя часы было не заўсёды проста. Аляхновіч вырашыў праблему, звярнуўшыся да аднаго з тутэйшых, нейкага Кулешы, які па законе меў права чатыры разы на год атрымліваць пропуск для перабывання на аўстрыйскай тэрыторыі. І праз колькі часу у Кракаве з’явіўся Аляхновіч пад імем Андрэя Кулешы. У драматычную школу ён, на жаль, не трапіў, бо набору ў 1903/1904 навучальным годзе не было. Праслухаўшы за год лекцыі ў якасці вольнага слухача на гісторыка-літаратурным факультэце ў Кракаве, восенню 1904 года Францішак Аляхновіч перабраўся ў Варшаву, дзе нарэшце паступіў у Драматычную школу пры Музычным таварыстве.

Скончыўшы школу ў 1907 годзе, Аляхновіч нарэшце ажыццявіў сваю мару – стаў акторам у адным з польскіх вандроўных тэатраў. І, мабыць, толькі тут зразумеў, што не ўсе тэатры падобныя да “Камеды Франсэз”, а жыццё актора маленькай правінцыйнай трупы не вельмі бліскучае ды багатае на грошы і славу. І вырашыў ізноў змяніць жыццёвы шлях – вярнуўся ў Вільню і стаў журналістам. У хуткім часе Аляхновіч пачаў выдаваць польскамоўны гумарыстычны журнал “Perkunas”. Як можна здагадацца, хутка і журналісцкая дзейнасць стала для маладога літаратара крыніцай чарговых праблем. Але пакуль усё ішло добра, а ў студзені 1910 года Аляхновіч навечна увайшоў у гісторыю беларускага тэатра, зрэжысаваўшы пастаноўку п’есы “Па рэвізіі” – гэта была першая беларускамоўная пастаноўка ў Вільні. Поспех п’есы быў сенсацыйны, будучыня маладога творцы здавалася светлай.

Але вельмі хутка ўсё змянілася не ў лепшы бок. Што б ні казалі сёння манархісты пра свабоду слова ў Імперыі, насамрэч самадзяржаўны строй заставаўся самадзяржаўным, а царква, не аддзеленая ад дзяржавы, таксама не спрыяла свабоднай думцы. І амаль адразу пасля поспеху пастаноўкі “Па рэвізіі” ўлады звяртаюць увагу на адзін з артыкулаў Аляхновіча ў “Пяркунасе”. І хутка аўтара абвінавачваюць адразу па двух напрамках: у “стремлении к ниспровержению существующего строя” і ў “возложении хулы на бесплотные силы небесные”. Францішак Аляхновіч не стаў дыспутаваць з паліцыяй і хутка з’ехаў ізноў у Аўстра-Венгрыю, у Галіччыну. Там ён не спыняў творчай дзейнасці – граў у польскіх тэатрах. Але на доўгі час затрымлівацца у Львове ці Кракаве не жадаў, у 1913 годзе, спадзеючыся на амністыю ў гонар 300-годдзя дынастыі Раманавых, вярнуўся на Радзіму. Царская ўлада зрабіла па-візантыйску – па амністыі даравалі Аляхновічу “стремление к ниспровержению существующего строя”, але “возложение хулы на бесплотные силы небесные” дараваць не сталі – і па такой клерыкальнай справе ён на год апынуўся у Лукішскай турме. Дарэчы, сцены гэтай турмы бачылі многіх прадстаўнікоў беларускай інтэлігенцыі: у розны час тут сядзелі пісьменнікі Максім Гарэцкі, Максім Танк, свяціла міравой касманаўтыкі Барыс Кіт і іншыя.

Менавіта ў турме Францішак Аляхновіч пачаў працаваць над сваёй першай самастойнай п’есай “На Антокалі” – спачатку на польскай мове, потым у беларускамоўным варыянце.

Талент Аляхновіча раскрыўся ў часы Першай сусветнай вайны. Пасля прыходу немцаў у Вільню пісаць, друкаваць і выдавацца на беларускай мове стала прасцей, чым раней, і ўжо ў пачатку 1916 года драматург арганізаваў гурток “Беларуская драматычная дружына”. З гэтага часу беларускамоўныя спектаклі ў Вільні робяцца звычайнай справай, у снежні 1916 года на сцэне ўпершыню прайшла пастаноўка п’есы “На Антокалі”. Расце Аляхновіч і як драматург – за 1916-18 гг ён піша пяць п’ес: “Бутрым Няміра”, “Калісь”, “Базылішка”, “У лясным гушчары” і “Кветка-папараць”. У п’есе “Калісь” гучаць раней не ўласцівыя аўтару рэвалюцыйныя матывы, і гэта не застаецца незаўважаным: твор забараняюць спачатку нямецкія, а потым і польскія ўлады.

Да Кастрычніцкай рэвалюцыі Францішак Аляхновіч спачатку ставіўся без варожасці – намаганні бальшавікоў адрадзіць у хоць якім выглядзе беларускую дзяржаўнасць імпанавалі драматургу больш, чым перспектыва жыць у Вялікай Германіі, Вялікай Польшчы ці якой-небудзь іншай вялікай чужой краіне. Тым больш што тады ў Мінску ўжо працавала трупа БДТ (цяпер Нацыянальны акадэмічны тэатр імя Янкі Купалы), і ўжо прызнаны талент Аляхновіча быў там зусім не лішні. З Вільні у Мінск, праз лінію фронту, драматург перабраўся без аніякіх аўсвайсаў, пехатою і без грошай. Але паспяхова. Таленавітага драматурга сустрэлі ў горадзе цёпла, і хутка на сцэне ўжо ішла пастаноўка “Бутрым Няміра”, якая, як і ў Вільні, вызвала шмат добрых водгукаў і наогул мела поспех. Крыху пазней у Аляхновіча ўжо была свая тэатральная трупа. Пасля першага ўсталявання на беларускіх землях савецкай улады быў арганізаваны Беларускі пралетарскі тэатр, дырэктарам якога стаў Аляхновіч, рэжысёрам – Цішка Гартны. Пазней Аляхновіч ўспамінаў, што камісарыят народнай асветы добра ставіўся і багата субсідыяваў тэатр, за тыдзень праходзіла да 3-4 спектакляў, і наогул час быў нялёгкі, але шчаслівы. Здавалася, мары здзяйсняюцца, але сусветная палітыка, як заўсёды, меркавала па-свойму. Скончылася Першая сусветная, пачалася савецка-польская вайна. Калі польскія легіёны занялі Мінск, Аляхновіч аказаўся ў дваістым стане: з аднаго боку, польскія ўлады нядрэнна ставіліся да інтэлігенцыі, але свабоды слова ізноў не хапала – акупацыйная адміністрацыя адразу забараніла “Раскіданае гняздо” і “Паўлінку” Янкі Купалы, п’есы “Бутрым Няміра” і “Калісь” самога Аляхновіча. Такім чынам, польская адміністрацыя стала ўжо трэцяй уладай, якая перашкаджала жыць літаратару…

Але суіснаванне з польскім урадам на той час, напэўна, здавалася Аляхновічу больш прымальным, чым з савецкім, бо пры адступленні легіёнаў Пілсудскага з Мінска драматург эвакуяваўся з імі. У Вільні Францішак Каралевіч атрымаў тое, што не мог атрымаць гадамі – дазвол гастраляваць са сваім тэатрам дзе заўгодна. Некалькі гадоў прайшлі ў плённай працы, і ўсё зноў было спакойна і добра. Але нядоўга.

Польская адміністрацыя Вільні (дарэчы, горад палякі адабралі не ў бальшавікоў, а ў дэмакратычнай Літвы па асабістай санкцыі маршалка Пілсудскага) паступова “закручвала гайкі” творцу – у 1922 годзе мэр Вільні адмовіў Аляхновічу выступіць са словам на адкрыцці помніка Станіславу Манюшку, з кожным годам было менш і менш грашовай падтрымкі, і нарэшце ў 1925 годзе беларуская драматычная майстэрня закрылася. У роднай Вільні Аляхновіч застаўся без тэатра, без грошай і без перспектываў.

А на ўсходзе тым часам кіпела беларусізацыя. Так, месцамі яна была павярхоўнай, месяцамі паказушнай, але гэта была рэальная палітыка беларускага нацыянальнага адраджэння. З беларусамі на высокіх пасадах, з беларускай мовай, літаратурай і тэатрам.  Больш за тое, савецкая прапаганда таго часу была на найвышэйшым сусветным узроўні і давала на Захад ідэальную карцінку поспехаў нацыянальнай палітыкі. І Аляхновіч чарговы раз вырашыў змяніць свой лёс…

Спачатку Аляхновіча запрасілі на Акадэмічную канферэнцыю па рэформе беларускага правапісу, якая праходзіла ў Мінску, а ў лістападзе 1926 года ён атрымаў дазвол выехаць у БССР.

Як сведчаць крыніцы, узровень Беларускага драматычнага тэатра ў Мінску прыемна ўразіў драматурга. Але адміністрацыя не пажадала прыняць у тэатр вядомага творцу, і яму давялося выехаць у Віцебск, дзе ён заняў пазаштатную пасаду літаратурнага кіраўніка БДТ-2. 23 снежня таго ж года драматургу далі грамадзянства БССР, але гэта было апошнім поспехам – ужо 1 студзеня 1927 Францішака Аляхновіча арыштоўваюць, саджаюць у мінскую турму і абвінавачваюць у тым, што ён польскі шпіён. Так ён стаў адной з першых ахвяр рэпрэсій, якія ў 30-я гады ахопяць шырокія колы інтэлігенцыі.

Зварот аб вызваленні Аляхновіча, падпісаны Янкам Купалам, Якубам Коласам, Максімам Гарэцкім, Алесем Гурло, поспеху не меў, і хутка ён атрымлівае 10 гадоў катаргі на Салавецкіх астравах.

Падрабязнасцяў зняволення Аляхновіча я даваць не буду – усё яскрава і жудасна напісана ў адным з яго галоўных твораў “У капцюрох ГПУ”. Кніга не мела такога шырокага міжнароднага рэзанансу, як “Архіпелаг ГУЛаг”, але яе каштоўнасць не меншая. На Салаўках Аляхновіч за некалькі гадоў састарэў на дзесяцігоддзі, яго псіхіка была на ўсё жыццё падарваная, і да смерці ён гучна стагнаў у сне.

У 1933 годзе, пасля 7 гадоў зняволення, Аляхновічу пашчасціла – яго абмянялі на вязня польскай турмы, яго добрага знаёмага Браніслава Тарашкевіча. Самому Тарашкевічу пашчасціла менш – пазбавіўшыся ад польскай пенітэнцыярнай сістэмы, хутка ён трапіў у жорны савецкай, а ў 1938 годзе быў расстраляны.

Драматург ізноў застаўся без сродкаў існавання, а таксама без сям’і – жонка і дзеці, на шчасце, не паспелі прыехаць за мужам і бацькам у 1926 годзе, а пасля 1933 года сям’я не ўз’ядналася. Галоўнай справай для Францішка стала расказаць людзям жахлівую праўду аб лагерах першай сацыялістычнай дзяржавы ў свеце. У 1935 годзе кніга “У капцюрох ГПУ” скончаная, яе друкуюць у польскамоўнай віленскай газеце “Słowo”. Хутка ў Парыжы ў газеце “Возрождение” выходзіць рускамоўны пераклад кнігі, затым у Вільні – польскамоўны асобнай кнігай “Siedem lat w szponach G.P.U.”, а ў 1937 – другі польскамоўны “Prawda o Sowietach”. Таксама кніга была перакладзеная на італьянскую (“La verita sulla Russia Bolscevica”), партугальскую (“Sete annos nas garras sovieticas”, выйшла ў Бразіліі), украінскую мову (у газеце “Діло”). Нарэшце, у 1937 годзе выдадзены беларускамоўны варыянт.

Напярэдадні Другой сусветнай вайны Францішак Аляхновіч ізноў спрабуе арганізаваць беларускі тэатр, але гэтым разам справа не ідзе з самага пачатку. А ў верасні 1939 ўсё мяняецца ізноў – у Варшаву ўваходзяць танкі вермахта, а ў Вільню крыху пазней – танкі РККА. Аб з’яўленні бальшавікоў, з якімі быў звязаны самы вялікі жах у яго жыцці, Аляхновіч піша так:

“…Прыбліжаючыся да Зялёнага мосту, я глянуў і — адзервянеў. Праз мост у бок Кальварыйскай вуліцы каціліся-грукаталі нейкія вазы-скрыні. З круглых, адчыненых на іх вежаў высоўваліся галовы у шэрых сьпічастых шапках…

Гэта былі яны: бальшавікі!..

І мне часам прыходзіць на дум, ці запраўды ў факце існаваньня бальшавізму няма чагосьці “патустароньняга”, бо, глянуўшы на гэтыя шапкі, на гэтыя чырвоныя зоркі, я перажываю містычны страх, нібы я спаткаўся з чортам…

Лепш у голым полі спаткацца са зграяй галодных ваўкоў, чымся неспадзявана пабачыць гэтыя шапкі, гэтыя зоркі, гэтыя скуластыя мангольскія твары, зь якімі, здавалася, ужо ніколі не сустрэнешся…”

Пасля няўдалай спробы ўцячы ў Германію Францішак Аляхновіч да чэрвеня 1941 года жыве на нелегальным становішчы, працуе вартаўніком ў Алькеніках, але “ўсёмагутная” савецкая машына пакаранняў гэтым разам прабуксоўвае – за амаль два гады драматурга не арыштавалі. Якія пакуты выпалі на яго жыццё, можна зразумець на тым прыкладзе, што наступ групы армій “Поўнач” творца сустрэў як свята:

“Цяпер мне стала ясна. Цяпер я паверыў. З радасьці я нават забыўся спытацца жыдка, хто ён і ад імя каго дае мне загад. Ці ня ўсё роўна? Самае важнае — вайна! Канец маіх мукаў, канец бадзячага жыцьця, я буду магчы вярнуцца ў сваю хату і жыць як чалавек. Ужо чырвоная нечысьць не дасягне мяне”.

Аляхновіч не быў нацыстам. Ён проста хацеў жыць як чалавек. І не яго віна, што больш-менш спакойнае жыццё яму забяспечылі не бальшавікі, з якімі ён у 1926 годзе быў гатовы супрацоўнічаць, а нацысты.

З 1942 года Аляхновіч стаў рэдактарам калабарацыянісцкага выдання “Беларускі голас”. Адначасова, як сведчаць дакументы савецкай разведкі, Францішак Аляхновіч быў адным з кіраўнікоў антынацысцкай Беларускай Незалежніцкай партыі (БНП), кіраваў яе віленскім акруговым камітэтам.

Моц характару Аляхновіча не можа не захапляць, але яго дзейнасць заканамерна прывяла да таго, што у творцы з’явілася занадта шмат ворагаў. Палякі ненавідзелі яго за супрацоўніцтва з нацыстамі. Савецкі лад быў ворагам Аляхновіча яшчэ з 20-х гадоў, і з 1942 года варожасць толькі ўзмацнілася. Немцы аўтаматычна рабіліся ворагамі Аляхновіча адразу, як толькі даведваліся пра яго дзейнасць у БНП. Выжыць у такіх умовах было амаль немагчыма.

І Францішку Аляхновічу не пашчасціла і ў апошні раз у яго жыцці… Вечарам 3 сакавіка 1944 года ў яго кватэры прагучалі два стрэлы, і сэрца “бацькі беларускай драматургіі” перастала біцца. Хто гэта зрабіў – невядома і цяпер. Найбольш імавернымі кандыдатамі ў забойцы выступаюць савецкія партызаны, НКВД і Армія Краёвая, магчыма – агенты гестапа.

Трагічнае і пакутлівае, але яскравае жыццё “бацькі беларускай драматургіі” скончылася. Аднак памяць аб ім жыве.

Дзяніс Пыхалаў, budzma.by