"Трэба дома бываць часцей!.." Эдуард Акулін выступіў у Гомелі

З просьбай часцей наведваць з выступленнямі малую радзіму звяртаюцца да барда, паэта і перакладчыка Эдуарда Акуліна тыя, хто хаця б аднойчы завітвалі на яго літаратурна-музычныя імпрэзы.
На гэты раз спадара Эдуарда чакалі вучні гомельскай сярэдняй школы № 19.
На імпрэзе выступіў старшыня гомельскага аддзялення ГА “Саюз беларускіх пісьменнікаў” Анатоль Бароўскі. Пісьменнік прэзентаваў новую кнігу, першы том, куды ўвайшлі два раманы “Воляй абраны” (пра Кастуся Каліноўскага) і “Дамова на спакусу” (раман-фантасмагорыя).
Эдуард Акулін прадставіў дыск “Не магу жыць без крыл” і выканаў песні з гэтай “новаспечанай” кружэлкі. А потым пазнаёміў прысутных са сваёй кніжкай паэзіі “Малітва воч”.
Сустрэча-прэзентацыя прайшла і ва ўніверсітэце імя Францыска Скарыны. Анатоль Бароўскі распавёў студэнтам-філолагам пра тое, як пісаліся раманы, як падступаўся доўга да тэмы вялікага кахання вялікіх людзей – Кастуся Каліноўскага і Марыі Ямант.
А калі пачаў свой выступ Эдуард Акулін, гучалі доўгія апладысменты. Куды там розным стасам ды піліпам да таленту земляка! Тут жа -- сваё, роднае, пяшчотнае, мілагучнае, з жывым, нефанаграмным выкананнем… Пытанні, адказы, пажаданні і просьбы…
Але адна галоўная гучала так:
– Прыязджайце да нас часцей, вас слухаць – адна асалода!
І міжволі згадаліся вядомыя радкі Рыгора Барадуліна:
Трэба дома бываць часцей,
Трэба дома бываць не госцем…
Прэсавая служба СБП