Трэці выпуск у Школе маладога пісьменніка

 

Гераінямі і героямі імпрэзы сталіся Надзея Бароўка, Крысціна Бандурына, Алена Візгалава, Аляксандр Дамброўскі, Ганна Лявоненка, Вераніка Ляўчук, Аліса Мініна (Яна Еўдакімовіч), Павел Слізевіч, Раман Стэфаненка, Алена Цішэўская і Вольга Чарнова.

Кожны з цяпер ужо “сертыфікаваных” аўтараў Школы не толькі прэзентаваў на вечарыне свой найлепшы тэкст, але і дзяліўся ўспамінамі аб вясёлым і карысным на занятках, расказваў, чаму навучыўся і па чым будзе сумаваць, згадваў майстар класы, якія запомніліся найбольш. 

Вераніка Ляўчук агучыла бадай галоўнае светапогляднае адкрыццё маладых аўтараў - што пісьменства, гэта ў першую чаргу праца, гэткая ж сур’ёзная, як і ўсе астатнія. 

Не абышлося без вясёлых казусаў. Надзея Бароўка згадвала, як летась даслала ўступнае эсэ ў Школу… за Мікіту Волкава, якога ўрэшце прынялі, і які стаўся адным з самых яркіх выпускнікоў мінулага курса. У гэтым годзе Надзея вырашыла павучыцца на пісьменніцу сама і, з поспехам вытрымаўшы ўступны конкурс, таксама атрымала школьны сертыфікат. 

Сам жа Мікіта, які прыйшоў прывітаць наступны курс, расказаў пра тое, як дзякуючы доўгім спісам літаратуры, рэкамендаванай для чытання Ганнай Бутырчык, стаў правадніком у свет сучаснай беларускай літаратуры для сваёй сям’і і сваёй колішняй школьнай настаўніцы па беларускай мове. 

Адна з выпускніц нагадала, як паверыла ў жарт іранічнай пісьменніцы Наталкі Бабінай, пра тое, што ў раздрукаванае эсэ маладой аўтаркі, якое крыху памялася, Наталка загортвала рыбу! Давялося выкладчыцы тлумачыць, што гэта ўсяго толькі алюзія на вядомую літаратурную цытату… 

 

Наталка Бабіна віншуе з заканчэннем курса Алену Цішэўскую.

Трэці год працу праекта пры ГА "Саюз беларускіх пісьменнікаў" каардынуюць Алена Казлова і Юля Цімафеева, якія выступілі і вядоўцамі выпускнога вечара. Выкладчыцкая каманда сёлета і летась складалася з дацэнта кафедры замежнай літаратуры філфака БДУ Ганны Бутырчык і празаікаў Наталкі Бабінай і Людмілы Рублеўскай

Спадарыні Людміле, на жаль, давялося з'ехаць у творчую вандроўку, таму сертыфікаты аб  заканчэнні пісьменніцкай школы, а таксама падарункі ад Саюза пісьменнікаў, фірмовыя торбачкі і майкі, спадарыні Наталка і Ганна ўручалі сваім выпускнікам за траіх.

З прывітальным словам выступілі на імпрэзе намеснік старшыні СБП Алесь Пашкевіч, а таксама пісьменнік і грамадскі дзяяч Уладзімір Някляеў.

Злена направа зверху ўніз: Алена Цішэўская, Аляксандр Дамброўскі, Алена Візгалава, Надзея Бароўка, Вольга Чарнова, Аліса Мініна (Яна Еўдакімовіч), Ганна Лявоненка, Вераніка Ляўчук, Мікіта Волкаў, Крысціна Бандурына, Павел Слізевіч, Раман Стэфаненка, Алесь Пашкевіч, Юля Цімафеева і Алена Казлова, Ганна Бутырчык і Наталка Бабіна, Уладзімір Някляеў.

Завершыся вечар у музеі “музычным дэсертам” ад выпускніка Аляксандра Дамброўскага. 

Пра паступленне ў Школу чытайце ТУТ.

Болей фота гл. на старонцы Школы ў ФБ.

КБ для Школы маладога пісьменніка.