Трэцяя «Мінская школа» вяртае паэтаў-нонканфармістаў

Веньямін Блажэнны, Кім Хадзееў, Грыгорый Трэстман, Аляксей Жданаў – гэтыя і многія іншыя легендарныя імёны прысутнічаюць тут у вершах, лістах і артыкулах, у архіўных дакументах, успамінах і міфах. У альманаху можна знайсці найлепшую рускамоўную паэзію – як сённяшніх маладых, так і падзабытых паэтаў з 70-80-х.

Паэт Дзмітры Строцаў разам з калегамі выдае альманах «Мінская школа» з 2009 года. Паміж першым і другім нумарамі быў перапынак амаль у чатыры гады. Затое трэці выпуск уклаўся за год і атрымаўся багатым на адкрыцці.

Пэўныя ключавыя для Мінскай школы фігуры перакачоўваюць з нумара ў нумар, дапаўняючыся новымі рысамі.«Мінулы выпуск мы прысвяцілі паэту Веньяміну Блажэннаму, там было некалькі артыкулаў пра яго, факсіміле, верлібры, а ў гэтым нумары апублікаваная яго выбраная перапіска з Андрэем Таркоўскім і Віктарам Шклоўскім. Да гэтых матэрыялаў мы наблізіліся толькі цяпер, расшукалі лісты ў маскоўскім архіве», – кажа Дзмітры Строцаў.

Ён успрымае паэзію як суцэльнае поле, якое павіннае ўзнаўляцца, бо старэйшае пакаленне мусіць дарыць сваіх паэтаў новаму. «У Мінску ўвесь час адбываюцца разрывы гэтай прасторы. Віной таму розныя падзеі – вайна, палітычныя ўзрушэнні, – лічыць Строцаў, – таму вельмі важна вяртаць імёны, перадаваць іх далей».  Аўтарамі “Мінскай школы” сталі паэты-нонканфармісты, якія пісалі ў 70 – 80-я гады, мала публікаваліся, многія эмігравалі і засталіся амаль невядомымі ў Беларусі. Сярод аўтараў таго перыяду, напрыклад, Валеры Лабко, Леанід Шэхтман, Радзіслаў Лапушын, Рыгор Маргоўскі, Марк Мерман, Ян Прабштэйн. 

«Мінская школа» не абмяжоўваецца толькі рускамоўнай паэзіяй, Строцава цікавіць беларуская прастора ў альманаху: «Я даўно вяду размовы з калегамі. Віктар Жыбуль працуе з архівамі, я вельмі спадзяюся, што ў найбліжэйшых нумарах з’явяцца матэрыялы пра забытых, але значных беларускіх пісьменнікаў. З Верай Бурлакхочам падняць цікавую тэму наконт паэтаў, якія ў свой час перайшлі з рускай на беларускую. З Андрэем Хадановічам мы ўвесь час гаворым наконт перакладу беларускіх аўтараў на рускую мову: навошта мы гэта робім, каму адрасуем».

У другім і трэцім альманахах якраз пададзеныя пераклады на рускую вершаў Віталя Рыжкова, Адама Глобуса, Галіны Дубянецкай, Марыі Мартысевіч, Віктара Жыбуля, Алеся Разанава, Змітра Вішнёва ды іншых беларускіх аўтараў.

«Навошта мы гэта робім? – разважае Строцаў. – З аднаго боку, мы рыхтуем пераклады, каб беларуская паэзія чыталася за межамі краіны, там, дзе прысутнічае руская мова, – ва Украіне, у Грузіі, у Сярэдняй Азіі, у Расіі. Але, думаю, гэта вельмі важная праца і для нас саміх. Нам здаецца, што мы ўсё цудоўна разумеем, але калі пачынаем працаваць з тэкстам, то бачым, што нейкі зазор ёсць і мы ўсё-такі трохі розныя, пераклады даюць магчымасць сустрэчы і судакранання».

Развагам аб праблемах перакладу прысвечаны таксама артыкул за двайным аўтарствам Грыгорыя Трэстмана і Кіма Хадзеева «Калі паэт перакладае паэта» пра Навума Кісліка. Тэкст не страціў актуальнасці, хоць пісаўся ў сярэдзіне 70-х. «Гэта вельмі сяброўскі, прыязны, але прафесійны і цвярозы каментар. На прыкладзе перакладаў пяці-шасці паэтаў яны паказваюць, што там дзе паэтыка Кісліка неяк супадае з аўтарскай, ёсць поспех, а калі канфліктуе, гэта таксама адразу ўплывае на пераклад», – тлумачыць Дзмітры Строцаў.

Колькі старонак нумара аддаецца габрэйскаму ідышамоўнаму паэту Мойшэ Кульбаку, які быў расстраляны ў 1937 годзе. Тут друкуюцца ягоныя вершы і яскравы артыкул аб ім пецярбургскага энтузіяста Валерыя Дымшыца.

Апроч успамінаў і інтэрпрэтацый ёсць у нумары і чыста гістарычны раздзел, дзе змешчаныя толькі скупыя, але ж і неаспрэчныя сведчанні – архіўныя дакументы. «Малады гісторык Уладзімір Валодзін, які займаецца  студэнцкім рухам у СССР, знайшоў матэрыялы 1949 года, звязаныя з працэсам над мінскімі касмапалітамі БДУ. І адным з фігурантаў гэтага працэсу ва ўсіх партыйных і камсамольскіх дакументах аказаўся Кім Хадзееў. Дакумент – гэта новая грань, аснова, на якую мы можам паставіць нагу, калі гаворым пра асобаў, якія сталі часткай гарадской міфалогіі», – лічыць Дзмітры Строцаў.

Дадамо, што гэтымі днямі адбываецца паэтычны фестываль «Мінская школа», прысвечаны асноўным тэмам альманаху. Сёння а 18-й у Літаратурным музеі Петруся Броўкі можна паслухаць актуальных рускамоўных паэтаў, а на заўтрашняй сустрэчы (у тым жа месцы і ў той жа час) гаворка пойдзе пра асаблівасці і прызначэнне беларуска-рускіх перакладаў.

Аляксандра Дорская, budzma.by