Трэцяя «Ратуша» прэзентаваная ў Віцебску (+фотагалерэя)

Алесь Камоцкі і Настасся Лазебная

Адкрыла сустрэчу Настасся Лазебная – старшыня Віцебскага абласнога аддзялення ГА “Саюз беларускіх пісьменнікаў” і рэдактарка альманаха. Выступіў намеснік старшыні ГА “СБП” Усевалад Сцебурака, які распавёў пра працу над іншымі абласнымі альманахамі, нагадаў пра планы правядзення кампаніі “500-годнасць”, прысвечанай сёлетняму юбілею беларускага кнігадрукавання ды павіншаваў віцебскую філію з папаўненнем, уручыўшы пасведчанне сябра арганізацыі нядаўна прынятаму Міхаілу Конану.

Выступілі аўтары альманаха “Ратуша”: Марыя Баравік, Фелікс Бейнер, Алесь Замкоўскі, Віялета Зенчанка, Вальдэмар Калінін, Уладзімір Марудаў, Міхась Мірановіч, Уладзімір Папковіч, Аляксандр Пішчык, Наталля Салаўёва, Станіслаў Сівалобаў, Галіна Сінякова.

Алесь Камоцкі праспяваў песні з класічнага рэпертуару на словы Рыгора Барадуліна і прачытаў уласныя вершы з апошняй нізкі, змешчанай у адным з нумароў часопіса “Дзеяслоў”.

Імпрэза прайшла ў цёплай сяброўскай атмасферы, ёй завершыўся сёлетні прэзентацыйны цыкл літаратурных альманахаў, якія выходзяць ва ўсіх беларускіх абласных цэнтрах.

Аўтар фота: Алеся Дуброўская

Прэс-служба ГА "Саюз беларускіх пісьменнікаў"