Тры кнігі, тры прэзентацыі
Ганна Новік выдала кнігу вершаў “Тут і там”, Марына Яўсейчык са Светлагорска парадавала чытачоў кнігай прозы “Прысуд балотных ялін”. З таго ж Светлагорска ў выдавецтве “Логвінаў” Вадзім Болбас апублікаваў кнігу гумарыстычнай прозы “Футбол з шайбай” .
Анатоль Бароўскі
Уступнае слова да кнігі Ганны напісаў Анатоль Бароўскі, які таксама стаў і рэдактарам кнігі:
“Выхад у свет новай кніжкі – заўсёды падзея. Значная падзея. Адметная веха ў творчым жыцці творцы, няхай то празаіка ці паэта. Гэта як нараджэнне немаўляці, якога вынасіла маці; спявала яму калыханкі і пяшчотныя песні, хадзіла ў салаўіныя гаі і да светлае крынічкі, каб дзіцятка чула там, у ёй, біццё сэрца зямлі і космасу, рыхтавала яго да прыходу ў свет, створаны Богам…
Па пояс у хвалях і ў сонечным ззянні,
Па вушы ў птушках, па вочы ў світанні,
Па сэрца ў вясновым цяпле ненадзейным –
Чакае абсяг весялосці нядзельнай.
Так і нараджэнне паэтычнай кніжкі”.
Ганна Новік
Ганна выступіла перад прыхільнікамі, але чытала не свае вершы, а паэтычныя творы сваіх сяброў, якія блізкія яе сэрцу.
Андрэй Мельнікаў
Паэт і бард Андрэй Мельнікаў разабраў падрабязна некалькі вершаў Ганны, спыніўся на адным з іх “Воля?” Паклаў іх на ноты Бібліі і прызнаў, што гэта аповед пра дванаццаць апосталаў і… Юду-здрадніка:
Выявіць… Вылучыць…
Выпетраць. Вымучыць.
Высніць і вытрызніць.
Вымаліць. Выпрасіць!
Вымерыць. Выкраіць.
Выцяць – выкінуць.
Ганна Новік і Алесь Бардоўскі
Марына Яўсейчык загрыпавала і не змагла прыехаць у Гомель, таму за яе трымаў слова Вадзім Болбас. Ён, у прыватнасці, сказаў пра яе:
“Нарадзілася ля ракі Брагінкі, расла каля Балтыйскага ды Чорнага мораў, сталела каля Атлантычнага акіяну. Спазнаўшы стыхію вады, пісаць пачала эмацыйна, з настроем.
Проза з’яўляецца на старонках часопісаў “Дзеяслоў”, “Верасень”, “Макулатура”, “Нёман”, альманаха “Палац”, газеты “Літаратура і мастацтва”. Тройчы пераможца літаратурнага конкурсу газеты “Звязда” за найлепшае апавяданне года. Лаўрэат прэміі “Залаты апостраф” часопіса “Дзеяслоў” за найлепшую публікацыю ў намінацыі “Дэбют” у 2012 годзе”.
Вадзім Болбас
Вадзім Болбас прачытаў некалькі гумарыстычных апавяданняў са сваёй кнігі.
Ул. інф. Гомельскага абласнога аддзялення СБП