“Ці не зарана глядзець у неба, калі пад нагамі – багна?” Выйшаў новы раман Віктара Марціновіча

Віктар Марціновіч — адзін з самых паспяховых і, мажліва, самых спрэчных беларускіх аўтараў, і выхад ягонай чарговай кнігі стаецца новым эксперыментам і адметным прэцэдэнтам у айчыннай выдавецкай прасторы. “Сфагнум” адначасова з’явіўся на рускай мове, мове арыгіналу, на сайце 34mag.net, дзе размешчаны ў вольным доступе.

Твор яшчэ да свайго афіцыйнага рэлізу патрапіў у лонг-ліст расійскай прэміі “Нацыянальны бестселер”. Аўтар прызнаецца, што спрабуе ў новым рамане ў лёгкай форме гаварыць пра складанае і глыбіннае. Ці ўдалося пісьменніку за “гангстэрскай камедыяй”, “за картамі, грашыма і двума стваламі ў беларускай правінцыі”, як акрэслілі жанр кнігі замежныя выдаўцы, схаваць раскрыццё важнай для беларусаў сацыяльнай і нацыянальнай праблематыкі? Ці маем мы справу з “лёгкім чытвом” або, можа, з вытанчанай стылізацыяй пад масавую культуру, з гульнёй у папулярны кантэкст?

Адказаць на гэтыя пытанні можна, толькі непасрэдна пазнаёміўшыся з кнігай.

-- Калі ўзяўся за раман, прачытаў толькі тры главы – і каб з пабудовы тэксту прыкінуць, ці пачну перакладаць, і каб не губляць цікаўнасці да сюжэту падчас перакладу -- распавядае пра сваю працу Віталь Рыжкоў. -- Зразумела, што пераклад – таксама і спосаб чытання, але, скажам так, адрозны ад звычайнага. І мяне як чытача кніга захапіла, асабліва пачынаючы з другой паловы, калі ўжо проста цікава, як аўтар раскруціць сюжэт.

Як перакладчык я стараўся, вядома, каб не ўзнікала ўражання, што тэкст у арыгінале напісаны не па-беларуску. І, думаю, дзякуючы рэдактару кнігі Сяргею Сматрычэнку мэта дасягнутая. У пошуку адпаведнікаў рускіх слэнгавых слоў у беларускай мове нараджаліся наватворы. Напрыклад, слова “беспредел” перакладзенае як “безмяжак” — па парадзе Сяргея Шупы.

У хуткім часе плануецца публічная прэзентацыя новай кнігі. “Сфагнум” Віктара Марціновіча, а таксама іншыя выданні з серыі “Кнігарня пісьменніка” даступныя ў розных гарадах Беларусі. Цікаўцеся!     

Прэс-служба ГА "Саюз беларускіх пісьменнікаў"