Ці патрэбны творцу амбіцыі?

Большасць удзельнікаў прызналіся, што з’яўляюцца людзьмі з пэўнымі амбіцыямі. Як адзначыла старшыня Лунінецкай філіі ГА «БАЖ» Святлана Гарда, у журналістыцы і ўвогуле творчасці без здаровай амбіцыйнасці няма чаго рабіць… У літаратуры амбіцыі творцы праяўляюцца найперш праз ягоныя тэксты. Сучасная журналістыка са сваімі стандартамі і няспыннай інфармацыйнай плынню больш уніфікуе аўтараў, але і тут досыць прасторы для творчай самарэалізацыі.

Сябар БАЖ і Саюза беларускіх пісьменнікаў з Берасця Яўген Бяласін перакананы, што пішучы чалавек павінен рэалізоўваць амбітнасць не праз нейкія “разборкі”, а праз свае кнігі і публікацыі. Варта ставіць высокую творчую планку і амбітна дасягаць яе.

Сябар БАЖ і СБП з Баранавічаў Аляксей Белы таксама лічыць, што амбітнасць у яе “нармальным варыянце” праяўляецца найперш праз патрабавальнасць да сябе.

Журналістка Людміла Хмялеўская падтрымала калегу шэрагам прыкладаў з жыцця. Яна не разумее людзей, якія хваравіта ставяцца да любой рэдактарскай праўкі, нават парываюць кантакты з тым ці іншым выданнем.

У дыскусіі бралі ўдзел таксама сябар СБП з Берасця Сяргей Амяльчук, журналіст са Слуцка Аляксей Скрыннікаў, лунінецкія журналісты і літаратары Вадзім Жылко, Андрэй Вышынскі, Вікторыя Капская, Іван Панасюк, Сцяпан Нефідовіч, Васіль Туміловіч, Вольга Грыдзюшка, Лілія Віктарава, Аляксандр Хаўдзееў, Віктар Пінігін, навучэнцы “Школы маладога журналіста” Надзея Дзедзіна і Вікторыя Бусько.

Удзельнікі прыйшлі да высновы, што амбітнасць — гэта натуральнае праяўленне таленту, дадзенага творчаму чалавеку, але яна павінна спалучацца з пэўнымі маральнымі і этычнымі нормамі і не перарастаць у эгаізм.

Акрамя круглага стала адбылася таксама літаратурная вечарына ў Лунінецкай цэнтральнай бібліятэцы. Сярод іншага прайшлі міні-прэзентацыі новых кніг Аляксея Белага, Сяргея Амельчука, Яўгена Бяласіна… Гучалі не толькі беларуская і руская, але і нямецкая мова: Яўген Бяласін чытаў свае пераклады беларускіх і нямецкіх паэтаў-класікаў.

 

Вадзім Жылко

Фота Людмілы Хмялеўскай