Ці варта вяртаць прах Багдановіча з Крыма ў Беларусь?

Клясык беларускай літаратуры пахаваны на гарадзкіх могілках у Ялце.

6f8a1052-50bf-4e4c-bfd5-39925ab5f132 (1)Першым пра вяртаньне паэта ў Беларусь у сацыяльных сетках выказаўся літаратуразнавец і крытык, укладальнік кнігі пра Максіма Багдановіча, Ціхан Чарнякевіч. На сваёй старонцы ў Фэйсбуку ён напісаў:

«Пара ўжо забіраць Багдановіча з Ялты. Нармальныя беларусы туды не паедуць.

А ненармальныя не ходзяць на могілкі падчас адпачынку».

На допіс Чарнякевіча адгукнуўся Альгерд Бахарэвіч, які параўнаў яго прапанову з нэкрафіліяй.

«Перапахаванне – у нейкім сэнсе спроба дапісаць за чалавека ягоны галоўны твор. Дзесьці за гэта бяруцца міністэрствы культуры, дзесьці – энтузіясты, мільянеры, патрыёты, чытачы. Вы гатовыя дапісваць чужую гісторыю? Я – не. Лепш заняцца сваёй. І думаць пра жывых – іх мала, яны наагул дыскрымінаваная меншасць, у гістарычным маштабе. Думаць пра жывых і расказваць ім пра мёртвых. Пакуль дзірачкі ў зямлі не зараслі» – напісаў Бахарэвіч у сваім блёгу на сайце budzma.org.

У размове з Польскім радыё Ціхан Чарнякевіч пацьвердзіў, што допіс у Фэйсбуку быў ня проста эмацыйным усплёскам на падзеі ў Крыме. Ён заклікаў ўсур’ёз задумацца над вяртаньнем паэта на бацькаўшчыну.

Ц. Чарнякевіч: Вельмі важна ў якіх умовах беларусы змогуць наведаць гэтую магілу. Цяпер умовы для беларусаў вельмі кепскія. Няма падстаў казаць, што яны зьменяцца ў хуткім часе. Хутчэй за ўсё гэта далёкая пэрспэктыктыва і ў выніку магіла Багдановіча застанецца за калючым дротам. Дыскусія павінна быць.

Чаму, напрыклад, у Кракаве можа быць нацыянальны пантэон, а ў нас – не?

З пытаньнем, ці варта вяртаць у Беларусь парэшткі Максіма Багдановіча, Польскае радыё зьвярнулася да беларускіх літаратараў.

Вяртаньне Багдановіча на радзіму можа аказацца вельмі складанай справай. Справа ў тым, што

да гэтай пары няма ўпэўненасьці, што ў магіле, якую ўсе лічаць багдановічавай, насамрэч пахаваны клясык беларускай літаратуры.

Гаворыць літаратар Міхась Скобла.

М. Скобла: Спачатку павінна быць праведзеная эксгумацыя, раскопкі.

Калі Ўладзімер Дубоўка з Алесем Дударам у 1920-ыя гады шукалі гэтую магілу, то яны знайшлі толькі невялікую таблічку на якой было напісана «Студэнт Максім».

Няма ўпэўненасьці, што гэта ён. А таму рабіць гэта ня варта. Хаця й ёсьць лірычны запавет Багдановіча:

b9706b6d-96ef-44d4-a16f-0914a6e273c1«Калі ж у ім умру-загіну, –
Ня жалюсь я!
Не будзеш цяжкая ты сыну
Свайму, зямля.
Там хоць у гліне, хоць у брудзе,
Там, пад зямлёй,
Найдуць мае слабыя грудзі
Сабе спакой».

Але з улікам на гэтую далікатную сытуацыю я б ня стаў раскопваць магілу. Непрыемна тое, што адбываецца ў Крыме, але ня думаю, што мы туды ўвогуле не трапім. Беларусы ўжо ведаюць туды дарогу.

Паэтка Валярына Кустава кажа, што гатовая падпісацца пад такой ініцыятывай, калі яна будзе арганізавана ўсур’ёз.

В. Кустава: Для мяне гэта, перадусім, мэтафара: мы супраць таго, што робіць Расея ў Крыме. І гэты знак для мяне, як для літаратара й грамадзяніна, ён правільны. Ці так станецца? Я маю сумневы, але заяўляць пра такія рэчы варта.

Скептычна на вяртаньне Багдановіча ў Беларусь глядзіць Адам Глёбус. Агучваньне такіх плянаў ён назваў «ідыёцкай спэкуляцыяй».

А. Глёбус: Гэта сьмешна. На гэты конт ужо даўно ёсьць анэкдот, што Масква зробіць яшчэ адны высілкі й цела Максіма Багдановіча далучыцца да нашай дзяржавы. Яно ўжо фармальна ў нашай «саюзнай дзяржаве». Гэта ідыёцкая спэкуляцыя. Калі сур’ёзна пра гэта разважаць, то я катэгарычна супраць. Тым больш, што забаўкі зь нябожчыкамі – гэта руская нацыянальная гульня, а ня наша.

Тым ня менш спробы вярнуць цела Багдановіча ў Беларусь ужо былі. У 90-ых гадах, калі старшынём Саюза пісьменьнікаў Беларусі быў Уладзімер Някляеў, гэтае пытаньне ўздымалася некалькі разоў.

У. Някляеў: Мы спрабавалі вырашыць гэтае пытаньне тройчы. Размаўлялі з уладамі, каб мець сродкі. Але нічога з гэтага не атрымалася. І ня толькі з-за таго, што не было імпэту з боку ўладаў. Многія пісьменьнікі былі супраць, бо лічылі, што перанос парэшткаў – гэта не па-хрысьціянску. Хаця падобных выпадкаў шмат. Я прыводзіў прыклад Міцкевіча, парэшткі якога перавезьлі ў Польшчу і пахавалі ў Вавэлі. Але разуменьня я не знайшоў.

Прыклад Міцкевіча не адзіны. У 1991 годзе падобны прэцэдэнт быў і ў беларусаў – гаворыць старшыня Таварыства беларускай мовы Алег Трусаў.

А. Трусаў:

Вярнуць Багдановіча было б варта. Тым больш, што сымбалічна штосьці падобнае мы ўжо рабілі ў Вільні, калі пераносілі парэшткі Івана Луцкевіча з Польшчы. Добра было б, каб яго перанесьці на Вайсковыя могілкі, да Купалы альбо на Маскоўскія.

Я за вяртаньне, але галоўнае пытаньне – ці Багдановіч пахаваны ў гэтай магіле.

У 90-х гадоў Уладзімер Арлоў напісаў эсэ, прысьвечанае Ялце. У ім пісьменьнік узгадвае пра наведваньне магілы Багдановіча й магчымае вяртаньне яго ў Беларусь.

У. Арлоў: Я ў фінале ўзгадваю як да мяне прыйшла дзяўчынка зь лістом, у якім зьбіралі подпісы за вяртаньне праху Багдановіча ў Беларусь і стварэньне нэкропалю. Я паставіў там свой подпіс, але з адной агаворкай: тады, калі Беларусь стане сапраўды беларускай, незалежнай і дэмакратычнай.

З аднаго боку мне балюча, што для таго, каб паехаць да Багдановіча, спатрэбіцца ехаць у акупаваны Крым, які Расея абвяшчае «свімі землямі». Але трывожыць прах нашага генія, трывожыць магілу вакол якой існуюць легенды й міты, гэта таксама не зусім па-чалавечы.

У 1917 годзе хворы на сухоты Максім Багдановіч паехаў лячыцца ў Крым. Але ў траўні таго ж года ён памёр ва ўзросьце 25 гадоў. Багдановіча пахавалі на Старых гарадзкіх могілках у Ялце.

Дзьмітры Гурневіч, radyjo.net