Ціхан Чарнякевіч: Дапаможнік па перасячэнні мяжы

То бок тая, якая нечым ува мне адгукаецца, і з’яўляецца ўласна роднай літаратурай – аўтар жа можа нараджацца дзе сабе хоча і пісаць на якой заўгодна мове. Мая справа – зразумець яго.

З вершамі Глазава паспалітаму чытачу пазнаёміцца нялёгка. Адзіная ягоная кніга з ISBN, якую я трымаю ў руках, за год разышлася цалкам, хоць і выдадзеная была ў Берасці. Што ж да чатырох самвыдатаўскіх зборнікаў (першы, «Смятение», з’явіўся яшчэ ў 1994 годзе), то іх няма нават і ў самога аўтара. Ён па-ранейшаму застаецца ў падступным палоне “шырокай вядомасці ў вузкіх колах”. Таму рэцэнзія мая не падштурхне купіць кніжку (а менавіта гэта сёння чамусь уважаюць за найгалоўнейшую функцыю крытыкі). Наадварот, хочацца напісаць пра тое вартае, што прыхавана ад мэйнстрыму і літаратурнага шоў-бізу, якіх, зрэшты, у нас няма.

Адчуванне “краю зямлі” да мяне прыходзіла, калі я чытаў зборнік Глазава.

Найперш тут варта гаварыць пра феномен памежжа як такога – ён для Беларусі надзвычай характэрны: наша гарадская культура і літаратура ў гэтых гарадах сёння ўспрымаецца з тым ці іншым маркерам. Віцебск, Магілёў, Гомель – з пэўнай асцярогай далучаны да Беларусі, нібы да першага ўзбуйнення БССР: таго і глядзі, што выкінуць каларадскія сцягі і абвесцяць сябе народнымі рэспублікамі. Гародня і Берасце – наадварот: як быццам у заўсёдным чаканні зменаў, якія прыйдуць з заходняй мяжы. І – Менск – як тая дзірка ў ванне ўбірае ў сябе ўсе сокі з усіх бакоў, “паглынае, ператраўляе і выдаляе” (Ружэвіч).

Разуменне мяжы жыхары Гародні і Берасця атрымліваюць з маленства. Месца, за якім заканчваецца твой свет і пачынаецца рэальна забаронены і таму чужы, заўжды ахутана туманам і, магчыма, змрочнасцю – прынамсі, мне, трэцякласніку, у першай сваёй турыстычнай экскурсіі ў музей “Бярэсце” так падалося. Нейкі мясцовы малец запрасіў частку нашай кампаніі пералезці праз дзірку ў агароджы і такім чынам патрапіць у Польшчу. Мы, безумоўна, згадзіліся, але, апынуўшыся за тым плотам, чамусь трымаліся непасрэдна каля яго – баючыся, што неўзабаве да нас ламануцца салдаты з “калашамі”.

Падобнае адчуванне “краю зямлі” да мяне прыходзіла, калі я чытаў зборнік “Время собственное” Уладзіміра Глазава. Гэта, па сутнасці, аднатомны збор твораў, бо сюды цалкам увайшлі дзве ягоныя самвыдатаўскія кніжкі, выбранае з ранняга і выбранае з позняга.

Кніга арганізаваная ў цыклы, і, як кажа сам паэт, яны для яго вельмі важныя. Кожны цыкл з’яўляецца вялікім цэлым, хоць гэта не адмяняе таго, што некаторыя вершы ў цыкле могуць толькі апасродкавана і ўскосна адлюстроўваюць магістральны сюжэт усяго цыкла. Але і такім ускосным чынам яны выяўляюць пэўную макраідэю, закладзеную ў цыкл.

Крыху вылучаецца на фоне гэтай цыклавасці першы раздзел “Исподстишки”, пэўная выбарка вершаў з аднайменнай ранняй кнігі. Гэты раздзел не з’яўляецца строгім цэлым, як будзе далей у кнізе, аднак тут можна ўбачыць (і, як правіла, гэта найлепшыя вершы ў гэтым раздзеле) тыя творы, дзе ў зародкавым варыянце знаходзяцца матывы тых самых пазнейшых цыклаў, ды і не толькі іх – але і ўсёй паэзіі Глазава: тэма адзіноты ў эпоху інфармацыйнага выбуху, міфалагема вечнага вяртання, гарадскі берасцейскі тэкст:

Странный город, вжатый в границу, как нож

между ребер, где и даром,

что откуда ни глянь – все равно ты похож

на стоящего рядом,

где становишься средством: акварелью, трубой,

камнем, бросающим тени, глиной,

тем, что при перемене квартиры порой

оставляют в гостиной.

Дарэчы, і гарадскі тэкст у Глазава неаднародны, і менавіта дзякуючы першаму цыклу. Раней паэт пісаў больш злосна, ці што, горад быў для яго прасторай у пэўнай ступені варожай, дзе заўжды даводзіцца весці вайну, каб жыць. Ды і самое адчуванне памежжа і ў той жа час закінутасці далёка не такім рамантычным уяўлялася Глазаву:

Я шел небрежно вдоль реки,

взошел на пристань, постоял немного.

Там лебедей кормили старики,

кормили тихо, даже как-то строго.

Сгущались сумерки, казалось, за спиной,

казались крошки лебедей огромней,

и берег словно бегал за волной,

блестевшей чайкой хитрою и черной.

Лишь изредка собачий лай,

когда взвивался мячик, прорывался,

и дед с внучатами, как дед Мазай,

от поплавка безумно отрывался.

 

Взгляни на это все. Смотри, смотри.

Так тяжело, что облаков движенье слышно.

И так легко, что, кажется, умри –

останется все так же неподвижно.

Тут, у вершы “Провинция”, можна нават не рабіць спасылкі на топас лебедзя, тым больш, што ён мог узнікнуць цалкам выпадкова. Але агрэсіўная лексіка верша (“шел небрежно”, “взвивалсямячик”, “от поплавка безумно отрывался”, “чайкой хитрою и черной”) дадае ў апісанне ноткі нянавісці і пагарды, наўпростава не выяўленых. Колер правінцыяльнага  горада – чорна-белы фотаздымак, дзе цені – такія ж паўнапраўныя часткі пейзажу, як і людзі. Таксама і ў папярэднім вершы “Брест” горад паўстае хутчэй агрэсіўным, жорсткім. Гэтыя два тэксты я выбраў як характэрныя для ўспрымання гораду, да таго ж, яны, бадай, найбольш канкрэтныя ва ўсім раздзеле, хоць і тут (і гэта да ўсіх “Исподстишков” можна аднесці) аўтар стварае ненаўпроставыя вобразы. Увесь першы раздзел – эксперыментальны, па вялікім рахунку. Ён у кнізе адыгрывае ролю, як той казаў, “давераснёўскага перыяду”: часу, калі паэт намацвае свой метад, сваё кола тэм, увогуле – шукае тое, што яму найбольш блізкае. Гэты перыяд для Уладзіміра Глазава стаўся часам увагі да радыкальных кірункаў у паэзіі, і нават у вышэйпададзеных двух вершах відавочная прага аўтара да іншасказання – такое сабе “непрямое говорение”, якое пасля ў паэта змянілася нечым кардынальна іншым.

Чытаць далей на bookster.by

Ціхан Чарнякевіч

bookster.by