Ціхан Чарнякевіч: Паслядоўнасць як метафара дарогі

Віталь Рыжкоў

Неяк апошнім часам перасталі гаварыць пра Рыжкова. Зрэшты, з другога боку, можна сказаць, што пра яго толкам і не гаварылі. Таму, карыстаючыся інфармацыйнай нагодай – электронным перавыданнем адзінай рыжкоўскай кніжкі – скажу і я свае пяць капеек. Тым больш, што я ўжо раз даставаў іх з кішэні, але паклаў назад.

Віталя я, мусіць, пачаў чытаць гадоў пяць-шэсць таму, як пачаў весці ЖЖ і зафрэндзіўся з Рыжковым. Тады якраз актыўна ён вывешваў свае вершы, ці то перабіраўся ці то ўжо выбраўся з Магілёва ў Менск – адваёўваць, як і ўсе “панаехаўшыя”, сваё месца пад сонцам, збіраў захопленыя водгукі і гэтым пакрысе ўлучаўся ў менскую паэтычную тусоўку. Неўзабаве я пабачыў яго на нейкіх сталічных чытаннях – ці то на “Парадку слоў”, ці то на шведска-беларускіх літаратурных днях. Манера яго чытання ўражвала, і адразу было зразумела, што для той галасавой часткі нашай літаратурнай грамады далучыўся яшчэ адзін паспяховы і заўважны дзядзя: такія запамінальныя і часам агрэсіўныя былі ягоныя рэчытатывы. Яшчэ крыху пазней з’явілася і кніга. На ёй напісана “падпісана ў друк 30.11.2010”, але на аўтограф-сесію і першы продаж я прыйшоў 15 сакавіка 2011-га, што і засведчана ў аўтографе – відавочна, былі мітрэнгі з выдавецтвам.

Такая звышпублічнасць, маднявасць і ўсюдыіснасць з двума-трыма вершамі, якая была ў Рыжкова ў 2010-2011 гадах, мне не надта падабалася.

Тады ж я засеў і за рэцэнзію і накатаў, па сваёй тагачаснай звычцы, ад рукі дзве старонкі А4. Але з чарнавіка так нічога і не выйшла, і ўрэшце ён згубіўся ў адзін з дзевяці маіх пераездаў разам з іншым майном. Цікава было б, шчыра кажучы, прачытаць, што я думаў пра Рыжкова тады. Хутчэй за ўсё, нейкую фігню, бо зборнік мне яўна не пакаціў: такая звышпублічнасць, маднявасць і ўсюдыіснасць з двума-трыма вершамі, якая была ў Рыжкова ў 2010-2011 гадах, мне, мізантропу і затворніку, не надта падабалася, і не ў гэтым я пафасна бачыў “сапраўдную паэтычную фігуру (постаць, асобу)”. Ды і самая манера чытання пульсавала ў вушах так, што мелодыка аўтарскага голасу забівала суздром усе спробы адсланіцца ад сюжэту і экспрэсіі і ўчытацца ў вершы спакойна. А без гэтага атрымлівалася поўная лажа: “Ну што за ласі-казулі”, – думаў я. “Начорта гэтыя смаўжы-лаўжы, што за заафілія?”. А даведаўшыся, што аўтар былы КВЗ-шнік і рэпер (дзве рэчы, ад якіх я стараюся быць як мага далей), мяне і наогул адвярнула ад далейшых разважанняў.

Цяпер я перачытаў кніжку і бачу, што дарэмна. І бачу, што я наогул слаба зразумеў тады і зборнік, і самую пазіцыю Віталя.

Цяпер я бачу таго, пяцігадовай даўніны, Віталя як самакрытычнага, але паслядоўнага паэта, які, нягледзячы на насунутую маску моднага мача-паэта, быў начытаным магілёўскім інтэлектуалам, самавукам, які пералапаціў і многія кнігі, і сябе не адзін раз, перад тым, як з’явіцца на тых сцэнах і слэмах і парваць тыя залы, і стаць нагодай для інтэрв’ю. Зрэшты, і сама структура зборніка дазваляе прасачыць тую амплітуду ваганняў, якую прайшоў Рыжкоў. Добра, што стаяць даты пад творамі, хоць і без іх збольшага ўсё навідавоку.

Раннія вершы сабраныя ў другім раздзеле кнігі – “Справаздача па роспачы”. Гэта 19 вершаў 2002-2008 года, то бок Віталю было 16-22 гады, як ён іх пісаў. Наогул ёсць такое меркаванне, што вершы могуць з’яўляцца як: а) вершы-выдыхі-выбухі, калі паэт, сядаючы пісаць, абсалютна не ўяўляе сабе, пра што ён будзе пісаць, якім памерам, якія вобразы ў яго народзяцца і чым усё закончыцца. Як правіла, такія вершы не надта вялікія і аб’ёмныя (зрэшты, такім аўтаматычным пісьмом і паэмы пішуцца); б) вершы-канструкцыі, калі паэт хаця б імаверна ведае, што ён будзе гаварыць, ведае вобразы, якія ў яго загадзя адкладзеныя на верш, і ведае, куды (прынамсі, прыблізна) верш пасунецца, чым ён скончыцца і які сэнс будзе мець.

Падаецца, што другі і першы раздзелы (тут ёсць і пэўныя прыкметы цыкла, але іх няшмат, таму тэрмін “цыкл” не буду выкарыстоўваць) зборніка Рыжкова якраз і суадносяцца як а) і б). Раннія вершы другога раздзелу – гэта вершы-выдыхі, часам ледзь не па-дзіцячы непасрэдныя (“Помнік”, “Мама! Прыйдзе час…”, “Снег”); гэта таксама выпрабоўванне сябе як паэта менавіта беларускай мовы (пасля доўгага перыяду пісання выключна на рускай) і – адсюль – захапленне Разанавым, з ягонымі квазіфілалагічнымі практыкамі. У той жа час ранняму раздзелу спадарожнічае маласустракальная ў 16-22-гадовых паэтаў уласцівасць – добрае валоданне паэтычнай тэхнікай і яснасць вобразаў, яснасць радка, у якім ні ад чаго цябе не перасмыкае. Ужо ў “Справаздачы па роспачы” ёсць верш-“гісторыя, замкнёная на ключы” (“Зялёны чалавечак”, 2003), на якіх будзе будавацца першы раздзел “Чорна-белыя вершы” (2008-2010). Як пробліскі будучыні можна назваць прыблізную рыфму, анафары, найноўшую лексіку, жэставасць, афарыстычнасць, страфічную разнастайнасць, дысметрычны верш. Але збольшага другі раздзел змяшчае экзістэнцыйныя разборкі аўтара-лірычнага героя з самім сабой, і вершы часцей падаюцца ад набліжанага да аўтара “я”, якое не дапускае іншай трактоўкі. Верлібраў у другім раздзеле, здаецца, няма ніводнага.

Першы раздзел “Чорна-белыя вершы” (16 твораў) – зусім іншая справа. Па-першае, тут ідзе яўнае змаганне з уласнай прагай працягваць экзістэнцыяльныя корпанні, з самавышукваннем. Праз гэта вершы адыходзяць ад наўпроставага выказвання да, хутчэй, ролевай лірыкі – верша-апавядання, аб’ектыўнага па выкладзе – з героямі, з пазнакай часу і прасторы. Створаныя сітуацыі якраз вельмі добра і ўспрымаліся публікай на паэтычных чытаннях – тым не менш, усе яны ў нейкай ступені зашыфраваныя: “тапаграфічны крэтынізм” – не пра арыентаванне ў гарадскіх ландшафтах, а блуканне сярод стэлажоў вавілонскай бібліятэкі; “дарожныя здарэнні” – не пра лася, а пра нечаканы камбэк былога кахання; “Сненні падчас палявання” – не пра паляванне на казулю, а пра паэтычны пошук; “дзверы, замкнёныя на ключы” – на мой погляд, не пра старую, якая страціла зрок і слых і жыве ў маўчанні і ізаляцыі, а пра беларускую культурную сітуацыю (прыкладна тое самае і ў вершы пра двух скрыпачоў, але там хутчэй пра суадносіны беларускай мовы і беларускай “вышыванай” літаратуры). <...>

ЧЫТАЙЦЕ ДАЛЕЙ НА BOOKSTER.BY

Ціхан Чарнякевіч