Ціхан Чарнякевіч: штудыі з кантрастыўнай паэтыкі Янкі Юхнаўца

"Пошукі асноведзі ў міжчассі"
Карціна свету ў беларускай савецкай паэзіі другой паловы ХХ стагоддзя не песціць вока багаццем каларыту з прычыны транслявання аўтарамі толькі адной формы традыцыі.
Паэзія Янкі Юхнаўца (якому ў мінулым месяцы споўнілася б 90 гадоў. — Рэд.) уяўляе сабой канцэптуальна іншы тып вершатворчасці. Разгорнуты паэтам у другой палове ХХ стагоддзя, каранямі ён сыходзіць у 1910-20-ыя гады і, зразумела, не з’яўляецца для нашай паэзіі чымсьці чужародным альбо «дзікім». Агульнавядома, што сам Юхнавец перадусім звяртаў увагу на гэтыя часы нашай лірыкі, а таксама на фальклор і заходнееўрапейскую паэтычную традыцыю. Гэты другі прынцып вершавання можна акрэсліць у значэнні разумення паэзіі як славеснага мастацтва, як маўленчага акту, здабыцця эстэтычнай эмоцыі эстэтычнымі ж сродкамі, дзе «ідэйная задума» выяўляецца не закладзеным паведамленнем, але высноўваецца выключна з ходу самога верша…
Застаўшыся па
волі лёсу на маргінэсе (прасторавым) нацыянальнага культурнага жыцця і
«будаўніцтва», беларуская эміграцыя (і паэты — як складнікі яе духоўнай
перспектывы) змушана была ўкараняцца ў новым быцці і, паводле ўласнага
пераканання, быць апірышчам, захавальнікам і правапераемнікам
нацыянальна-культурнай традыцыі (усяго несавецкага — «нашаніўства» і
«ўзвышэнства», як прыклад). У сувязі з гэтым паўстала праблема незамглёнай
перадачы гэтай традыцыі, а таксама годнага яе развіцця. Паэзія прагнула
абнаўлення, і ў выніку вызначыліся дзве яркія тэндэнцыі — неакласічная
(найяскравейшым яе выразнікам быў Алесь Салавей) і мадэрністычная (тут асобай
нумар адзін справядліва лічыцца Янка Юхнавец).
Салавей абсалютна не прыняў творчасці Юхнаўца і нават прысвяціў таму
верш-пародыю «Тысяча дзевяцьсот…» (напісаную строгім памерам і дакладнай
рыфмай). Так ці інакш, кожная з тэндэнцый мела на мэце адшукаць анталагічны
субстракт, на якім паўстала б новая беларуская паэзія, бо з метраполіяй былі
парушаны ўсякія сувязі і — здавалася тады эмігрантам — назаўсёды…
Адна з адметнасцяў паэта Янкі Юхнаўца палягае ў актуалізацыі ім фальклорнай
спадчыны. Юхнавец быў, пасля Багдановіча і Дубоўкі, прыхільнікам фальклору як
унутранай формы верша. Пра стылізацыю тут не можа быць і гаворкі. Часам, як
справядліва адзначаў У. Конан, паэт абрынаўся ў самыя прадонні фальклору: у
архаічныя формы замоваў. Але зноў жа трэба разумець, што пагрозлівай і
архаічнай паэтычная мова выглядае звонку, ды насамрэч гэта пэўным чынам
зашыфраваная гаворка пра ўсё тое ж: Беларусь, прыроду, чалавека — самотнага,
але шчаслівага фактам свайго існавання. Вось толькі энергія суб’екту цяпер
зусім інакшая: сам характар лірычнага героя, суб’екта ў Юхнаўца надзвычай…
аб’ектываваны. Гэта не рамантычны тып, як у Алеся Салаўя: герой Юхнаўца больш
спакойны і цэласны. Сусвет як быццам круціцца вакол яго, а ён знаходзіцца ў
пастаянным стане сузіральніка, фіксатара размаітых карцін і эмоцый —
знаходзіцца ў цэнтры, нібыта ў знакамітым малюнку «квадратуры круга».
Бадай што вельмі важным з’яўляецца падобнае асэнсаванне паэзіі Юхнаўца як пошуку анталагічнай асноведзі. З улікам гэтага яго штудыі пераходзяць з празмерна суб’ектыўных, «зацемненых» у зусім іншы разрад. Аб’ектываванасць эмоцыі Юхнаўца не ператваралася, зразумела, у аднавобразную «яснасць паведамлення» падсавецкай лірыкі і, таксама безумоўна, не транслявала сабою ідэю нівелявання асобы. Суб’ект, «Я» для Янкі Юхнаўца застаюцца важнымі, але — толькі ў злучэнні з іншым: дэталлю, уражаннем і г.д. Гэта адчужэнне «я» на карысць таго, каб прамаўляла сама карціна прыроды — ветру, дажджу, месяцовага святла..
Увага да фальклору, міфапаэтыка, своеасаблівы пантэізм, дыялектная мова Юхнаўца ў гэтым сэнсе набываюць тады іншае гучанне, іншыя перадумовы ўзнікнення…
Наогул, дыяспарны (эмігранцкі і беластоцкі) слой беларускай паэзіі заўжды вылучаліся: асноўнае адрозненне між метраполіяй і за-межжам — у моўна-стылістычным плане. Нават у публіцыстыцы адчувалася наўмыснасць, нешараговасць слова. У сітуацыі адрыву кожны радок ствараецца «з нічога», але ў той жа час — з ясна ўсвядомленай мэтай. Усведамляецца перадусім важлівасць прамоўленага слова. Падсвядома — гэта яшчэ і імкненне да архаікі, трызненне неперарыўнай беларускай паэтычнай традыцыяй — ад часаў Торвальда-вандроўніка і Скарыны да нашых дзён.
Складаю рыбу мёртвую.
На самым светлым дне —
між небам і зямлёй.
Дзяўчыны спеў вясёлы за ўзгоркам радзіцца
із сонцам, із хвалямі, із асакой,
як невад зблытаны рукамі й
багатым ловам.
І вецер, бы зналуску, сяўбіт размашысты,
Кранае лоб таемнасцю думак усялякіх.
Не ведаю, хто вялікім ёсць:
ці раб замучаны, ці правадыр дзяржаўны.
Я толькі ведаю: я — раб бязмежнага узлёту
дум сваіх, што святасцю
пакорніцкай лятуць
у мір маіх сумніваў, у мір маіх жаданняў,
быць існасцю Айчыннай.
Развіваючы ідэі пецярбургскіх фармалістаў 1910-1920-х гг. пра размежаванне
практычнай і паэтычнай мовы, Юрый Лотман у апошняй сваёй кнізе «Непрадказальныя
механізмы культуры» пісаў: «Для таго, каб немастацкае маўленне стала мастацкім
на той жа мове, трэба яго нібы разбурыць і стварыць нанова. Маўленне выводзіцца
з свайго натуральнага стану, з’ядноўваючыся з пэўнай рытмічнай формай, а пасля
вяртаецца назад ужо ў новым, пераўвасобленым выглядзе». Думаецца, гэтыя словы
сугучныя творчаму метаду Янкі Юхнаўца. Ён зыходзіць з ідэі неўзнаўляльнасці
самой паэтычнай эмоцыі. Сапраўды, нельга не пазнаць Юхнаўца з двух радкоў, але
ў той жа час немагчыма знайсці аднолькавыя вершы. Знойдзеш матывы, сюжэты —
урыўкі, якія выпінаюцца найчасцей, але непасрэдна агульным паўсюль застаецца
бадай што толькі прага выказвання, прага тлумачэння, прычым у вершы мы застаем
паэта ў роздуме, які яшчэ не аформіўся: пытаючыся, ён прапаноўвае нам варыянты
адказаў, сярод якіх сам пакуль што не вылучыў адзіна правільнага.
Шукаючы апірышча, Юхнавец даследуе аб’ектыўнае. Адначасова ягонае ўласнае,
суб’ектыўнае, выяўляецца ў самой форме верша. Нельга не абмінуць кожнаму чытачу
паэзіі Юхнаўца такой частай у яго з’явы, як збой рытму.
Намер праклёнаў ёсць адзін:
зраўнаць Душу у векавеччах,
вярнуць туды, дзе ход пачаўся
па мастох з крыхкога вецця.
У гэтым прыкладзе звычайны ямбічны ход парушаецца спачатку правалам у рыфме, а адразу пасля той «яміны» мы бачым збой у стапе: разбураецца сам ямб. Падобная сінкапіраванасць лірыкі, бясспрэчна, угрунтаваная ў светасузіранні аўтара і сведчыць, відаць, пра неўпарадкаванасць унутранага свету. У той жа час — гэта яшчэ і свядомы мастацкі прыём, скіраваны на «запаволенне радка»; гэта бар’ер для скорачытання. А адвечныя двухкроп’і Юхнаўца выконваюць і іншую функцыю — ствараюць нелінейнасць: ва ўяўнай зацемненасці лірыкі аўтар змушае да ўспрымання прычынна-выніковых сувязяў.
Жадаю сніць я на чужыне сны,
а ў снох:
вясны зялёныя абрусы,
званіцы гонкія Святой Сафіі,
спрадвечны шум палескіх пушчаў.
Наогул тут навідавоку поўнае тэлеалагічнае адзінства ўсіх элементаў верша. Тая
адсутнасць рыфмы і рытму, якая зазвычай тлумачылася падкрэсленай «хаатычнасцю»
і «дзікасцю», апынаецца пры разглядзе не такой простай. Верш Юхнаўца пачынаецца
ў цвёрда вызначаным памеры (ямбе, анапесце, дактылі), але за першым радком
ідуць наступныя, у якіх абсякаюцца стопы (пяцістопны верш становіцца
2–3-стопным), пропускі складоў радок за радком утвараюць новае страфічнае
адзінства, а рыфма (яна ёсць амаль у кожным паэтычным творы Юхнаўца) становіцца
падкрэслена недакладнай, прыблізнай, часта — і ўнутранай. Такім чынам, нельга
сказаць, што гэта класічны верлібр. Хутчэй гэта дэфармаваная сілаба-тоніка:
Лета, лета на зямлі ўсёй.
Вясна-прамежак, крывёю адцвіцела
Але ж ізноў у садзе пустазелле
Расцярушыла сваё семя.
І прынадлівым сям’і пчалінай воскам
на пустазеллі краскі вырастаюць,
і соты поўныя — жыцця прыталіны
наліваюцца атрутным сокам.
А лета, лета на зямлі ўсёй.
Вясна-прамежак, крывёю адцвіцела,
Але смяецца, млынар смяецца —
не ўзойдзе болей пустазелле.
Насуперак агульнаму погляду большая частка лірыкі Юхнаўца — сілаба-тоніка падобнага кшталту. Вельмі частыя і строфы-катрэны. Гэта, зрэшты, зусім не адмяняе юхнаўцоўскага верлібру ў чыстым выглядзе, ён часта выступае ўжо проста як усплёск эмоцыі, маленькі ціхі выбух.
Я маленькую браў цябе на рукі.
Уздымаў пад неба
на вышыню рук сваіх.
Твае вочы
сонцам былі мне,
і радасць галосная,
ад цябе маленькай,
была небам
над табой і мной.
Такім чынам, нават у такога яўнага «мадэрністага», як Юхнавец, можна
размежаваць класічную і некласічную пазіцыю.
Запамінаецца Юхнавец і надзвычай частым выкарыстаннем метафары. Кантамінаванае
мысленне паэта, расцятае і ў той жа час прагнае да аб’ектыўнага — як тая
статычна-дынамічная Прырода, выкарыстоўвае метафару для самазапэўнення паэта ў
злучальнасці незлучальнага. Праз метафару, праз адухаўленне, пераносныя
значэнні Юхнавец стварае сапраўдную слоўную карціну, дзе элементы знаходзяцца
ва ўзаемадзеянні і ў той жа час разасобленыя — яны нібыта ніякавеюць ад дужа
новага і нязвычнага спалучэння.
Хваляй збуялай
сувеі ціснуцца,
перашкоды ўзвысіць і задзьмуць.
Разбеглася неба
да зямлі прыпалае —
дарога заблуканая
у бель-каламуць.
Прытулак на зямлі завірусе ёсць.
Людзі не ўсе дадому вернуцца.
Дзе-небудзь іхны заснежыць лёс,
Жыццём звярыным звер…
Тое, што Юхнавец выкарыстоўваў як новае і нечуванае для беларускага
пісьменства, сёння стала нормай паэзіі. Старая тэндэнцыя «паведамлення» пакрысе
становіцца маргінальнай, дзякуючы здрабненню асобы ў пашыраным і раздзьмутым
інфармасвеце. Але, на жаль, і торная дарога эстэцтва і чыстай красы
засмечваецца маўленчым пластыкам, што дазваляе ўспомніць прыказку пра шыла і
мыла.
Як заўсёды — мы на раздарожжы. Мінулыя выбухі народзяць новыя выбухі. Ці адчуем
мы іх?.. Не раз, блукаючы па калідорах запыленых музеяў былых гарадоў, я
вывозіў з вандроўкі жаданне неадменна знайсці імя таго мастака, раней
невядомага мне, які раптам, вымкнуўшы з паварота залы, дапамог зрабіць унутры
сябе адкрыццё непадступнай дзівоснай краіны. Пад час падарожных мітрэнгаў імя
забывалася, і цяпер агняздзілася ў душы толькі памятнае ўражанне ад сустрэчы,
захоўваецца толькі яно — бо імя сцерлася. Чытаючы дзясяткі і ледзь не сотні
паэтаў, быццам прамінаеш тыя самыя залы, і як добра калі імя не трэба
запамінаць, бо яго ўжо проста немагчыма забыць…
Для Юхнаўца тое, што ён жадаў вымавіць — было сапраўды важным. Ягоныя пошукі
трывалага для сябе апірышча і практычная параза ў гэтым намаганні, ягонае
змаганне з мовай, ягонае адпрэчванне штампаў і ў той жа час яднанне з
пантэістычнай беларускай паэтычнай традыцыяй, адухоўленым матэрыялізмам, ягоная
замкнёнасць і адкрытасць усяму свету, вечнае імкненне разбэрсанай душы да
статыкі — надзвычай павучальныя.
Хацелася б, каб будучае новае выданне твораў Янкі Юхнаўца было прачытанае як
след. Тады, акрамя іншага, паўстане і больш яснае разуменне паэтыкі гэтага
творцы, які дагэтуль пастаянна правакаваў на размову, не аб’явіўшыся да астатку
ў выглядзе літаратурнага факту — дбайна выверанага, вычарпальнага тому
выбранага. А таму — безупынна спараджаў міфы.
Надрукавана ў "Літаратурнай Беларусі" № 64