Цёплая казка — цёплы майстар-клас (+фота!)

Падчас імпрэзы дзеткі і іх бацькі пазнаёміліся з незвычайнымі героямі казкі, навучыліся адрозніваць бавоўну ад воўны, а таксама паўдзельнічалі ў майстар-класе па стварэнні святочных паштовак. Сустрэча адбылася пры падтрымцы грамадскай культурніцкай кампаніі “Будзьма беларусамі!”.

Маленькія мастакі прадстаўляюць вынікі сваёй працы

У пачатку імпрэзы пісьменніца Дар’я Вашкевіч папярэдзіла, што ўсіх сакрэтаў казкі раскрываць не будзе. Аўтарка расказала дзеткам гісторыю напісання кнігі:

— Неяк я гуляла ў парку ў цэнтры нашага горада і пазнаёмілася з Баваўнянай дзяўчынкай. Менавіта яна распавяла мне гэтую гісторыю і папрасіла напісаць казку, паколькі сама ў той момант яшчэ не ўмела добра пісаць. Так я і зрабіла. І цяпер вы можаце прачытаць кнігу пра Баваўняную дзяўчынку і яе сяброў: Шкляную дзяўчынку, Пластыкавага хлопчыка і Ваўнянага хлопчыка.

Выступае Дар'я Вашкевіч

Каб дапамагчы дзецям зразумець адметныя рысы герояў гэтай кнігі, а таксама прыадкрыць таямніцу характару кожнага з персанажаў, Дар’я прапанавала прысутным звярнуць увагу на матэрыял, з чаго яны зробленыя. Так, мяккія баваўняныя лісічка і анёлак, крыху калючыя, але вельмі цёплыя ваўняны капялюш для лазні і вязаная рукавіца прыйшліся дзеткам даспадобы. А пластыкавыя бутэлькі, трубачкі для кактэйляў і шкляныя прадметы, халодныя і цвёрдыя, дазволілі прадбачыць, што і героі казкі, зробленыя з гэтых матэрыялаў, таксама будуць неэмацыйнымі, закрытымі і крыху жорсткімі.

Дар'я Вашкевіч і маленькая мастачка

Падчас прэзентацыі дзеткі выступілі не толькі ў ролі гледачоў і слухачоў, але і сапраўдных мастакоў. Ім прапанавалі з розных матэрыялаў — кардону, паперы, кавалачкаў бавоўны, з дапамогай клею, алоўкаў і фарбаў зрабіць паштоўкі для сваіх матуль. Дзеці вельмі стараліся і здолелі падрыхтаваць мамам сапраўды прыгожыя падарункі.

Алена Медзякова

На сустрэчу ў бібліятэку завітала і мастачка Алена Медзякова, якая намалявала ілюстрацыі да кнігі “Баваўняная дзяўчынка”. Алена паказала дзеткам эскізы малюнкаў, што ўвайшлі ў выданне, і распавяла:

— Калі я прачытала казку Дашы, то ў мяне ў свядомасці адразу з’явіўся вобраз дзяўчынкі. Але ўзніклі і пытанні: якімі якасцямі яна валодае? Гэта казка для зусім маленькіх ці крыху старэйшых чытачоў? Як намаляваць усіх герояў? Пазней я ўявіла маленькую рудую дзяўчынку з вельмі доўгімі і мяккімі валасамі, якія могуць растварыцца ў захадзе сонца, і ўжо ў адпаведнасці з гэтым вобразам нарадзілася яе Баваўняная сям’я, цёплы баваўняны каток, а таксама героі, якія не разумеюць дзяўчынку. Хацелася распавесці чытачам, што быць добрым, мяккім, цёплым — вельмі патрэбна, але не заўсёды проста, бо часта на шляху сустракаюцца людзі, здольныя адштурхнуць, пакрыўдзіць.

Алена зазначыла, што праца над кнігай доўжылася прыкладна два тыдні. Цягам першага рабіліся накіды, вымалёўваліся вобразы герояў, а падчас другога эскізы дапрацоўваліся. Адметна, што першапачатковыя ілюстрацыі былі намаляваныя ад рукі фарбамі, і на саміх эскізах бачны пошук, працэс ператварэння вобразаў герояў.

Аўтограф ад Дар'і Вашкевіч

Даросламу чытачу можа падацца, што казка пра ўзаемаадносіны герояў з вельмі рознымі характарамі, праз памылкі і расчараванні пошук “свайго” чалавека ў жыцці — занадта складаная для дзіцячага ўспрымання. Аднак Дар’я Вашкевіч так не лічыць. Яна сцвярджае:

— Я ўпэўненая, што калі працуеш над кнігай для дзяцей, ні ў якім разе не трэба спрашчаць сюжэт, рабіць расповед занадта празрыстым. Дзеці самі ўсё выдатна адчуваюць і разумеюць.

Што да планаў на будучыню, пісьменніца распавяла, што зараз мае ў галаве тысячы ідэй для новых кніг. Магчыма, хутка некалькі з іх аб’яднаюцца, і з’явіцца новы выдатны твор.

Тэкст і фота — Марыны Весялухі, для lit-bel.org