“Цялеснасць і тэкст” — дыскусійны пошук

18 снежня ў межах серыі гендэрна-літаратурных праектаў, запачаткаванай ГА “Саюз беларускіх пісьменнікаў”, адбылася публічная дыскусія “Цялеснасць і тэкст”. Мадэравала сустрэчу перакладчыца і арт-менеджэрка Ірына Герасімовіч. У якасці экспертаў былі адмыслова запрошаныя Вольга Гапеева і Юрась Барысевіч.

Дыскусія, па задуме арганізатараў, мела адкрыты фармат, таму да абмеркавання былі далучаныя літаральна ўсе прысутныя.

Напачатку Ірына Герасімовіч прапанавала наведнікам акрэсліць кола пытанняў — прымаліся любыя, з якіх пазней шляхам галасавання выбіраліся найбольш актуальныя і эмацыйна блізкія ўсім.

Кожны атрымаў персанальную “чырвоную картку” з правам перапыняць ход гутаркі і каментаваць іншых моўцаў.

— Сённяшняя тэма “Цялеснасць і тэкст”, думаю, можа быць блізкай любому чалавеку. Тым больш, калі паспрабаваць успрыняць сваё цела небанальна, узняўшыся над штодзённасцю, і зразумець, што пытанняў і здзіўлення тут значна больш, чым адказаў і яснасці, — засведчыла Ірына. — Магчымасць пераадолець страх да свайго цела, наважыцца на рэфлексію з нагоды табуяваных тэм, датычных фізічнага, псіхалагічнага і эмацыйнага стану чалавека, — гэта добрая глеба для прадуктыўнай дыскусіі.

 

Падчас гаворкі было вызначана пазбягаць цытавання якіх-кольвек навуковых крыніц або словаў розных даследчыкаў, каб стварыць ідэальную прастору для самастойнага дыскусійнага пошуку.

Правільная пастаноўка праблемы — гэта ўжо напалову яе вырашэнне. Падчас фармулёўкі пытанняў спершага паўстала неабходнасць даць дакладныя азначэнні такім паняццям, як “цела”, “цялеснасць” і “тэкст”. Акрэсленне гэтых тэрмінаў выклікала, пэўна, болей за ўсё спрэчак.

 

Павел Анціпаў 

Першае пытанне, сфармуляванае перакладчыкам, культуролагам і літаратарам Юрасём Барысевічам гучала як “Кулінарыя vs звычайнае страваванне” (адначасна далучылася супрацьпастаўленне “эротыка — парнаграфія”), што, на першы погляд, не мела суаднясення з цялеснасцю і тэкстам. 

 

Вольга Гапеева і Юрась Барысевіч

Аднак паэтка, лінгвістка, даследчыца Вольга Гапеева патлумачыла прысутным сваё разуменне такой бінарнай апазіцыі: у многіх народаў існуе прымаўка “Чалавек — гэта тое, што ён есць”, якая можа быць інтэпрэтавана не толькі літаральна, але і метафізічна (тое, што чалавек спажывае са знешняга свету, уплывае на яго светапогляд, фарміруе яго асобу). 

 

У выніку былі вылучаныя тры тэматычных блока:

1. “Кулінарыя vs звычайнае страваванне”, “цела vs цялеснасць”, “уплыў тэксту на цялеснасць”;

2. Як фізіялогія ўплывае на стварэнне тэкстаў? Калі заканчваецца цялеснасць, ці завяршаецца тэкст? Ці існуе тэкст без цялеснасці, па-за ёй?

3. Натуралізм у літаратуры: ці ёсць межы яго прымянення, і, самае галоўнае, якая матывацыя яго ўжывання ў мастацкіх творах?

Асаблівую цікавасць наведнікаў выклікалі прадметы, прынесеныя Юрасём Барысевічам. Дарэчы, Юрась — аўтар кнігі “Цела і тэкст”, дзе прыводзяцца прыклады сінтэзу розных мастацкіх практык і досведаў. Па-першае, спадар Барысевіч паказаў "Партрэт Валянціна Акудовіча" і распавёў гісторыю яго стварэння. Па-другое, прадэманстраваў, якім чынам можна тэкст або кнігу зрабіць элементам мастацкай акцыі, “як можна абысціся з цялеснасцю кнігі” (І. Герасімовіч) на прыкладзе свайго выдання “Цела і тэкст”, задзейнічанага ў шматлікіх імпрэзах. А невялікая карціна Змітра Вішнёва, што прынёс і паказаў Юрась, выкарыстоўвалася самім Змітром як ілюстрацыя да вершаў падчас яго ўласных паэтычных выступленняў. Так карціна і тэкст знітоўваліся ў адзінае цэлае.

Па-трэцяе, адмысловай цікавосткай стаў атрыбут перфомансаў Юрася — шаманскі бубен, зроблены з раздрукаваных і намаляваных тэкстаў самога аўтара.     

 

— Пастаўленыя сёння пытанні — гэта наш агульны мысленчы здабытак, які застанецца з намі пасля абмеркавання, які мы можам “забраць з сабой” і які стане нагодай для нашых далейшых роздумаў, — падсумавала Ірына Герасімовіч.

Прэсавая служба СБП, фота АУ