Тут душ сяброўскіх шчырае цяпло

Галоўнай тэмай выступу была любоў да роднага краю, да роднага слова. На пачатку сустрэчы ўзгадалі пра ўнёсак у паэтычную скарбніцу Беларусі славутай зямлячкі белаазёрцаў Ніны Мацяш, імя якой носіць бібліятэка. Успаміналі яе пранікнёныя вершы.

Не звыкла скардзіцца на лёс,

Хоць на шляху адны калючкі,

Хоць часам да крывавых слёз

Бывае крыўдна і балюча.

 

І ўсё-ткі, што ні новы дзень,

То сэрца поўнае гарэння!

Усё глыбей сярод людзей

Маё жывучае карэнне.

Валянціна Восіпава чытала свае вершы, у якіх закраналіся тэмы дзяцінства, любові да бацькоў, да роднай Бацькаўшчыны, а таксама  пазнаёміла слухачоў з новымі вершамі.

Горка…   

Так горка бачыць –

Збіліся з арыенціру!

Спраўляем нікчэмнасці трэбу.

Паэзія – НАПАМІН,

Што чалавек і гліна

І сын НЕБА!

На сустрэчы прысутнічалі каля 30 слухачоў, сярод якіх было шмат былых настаўнікаў, а таксама 3 супрацоўнікі бібліятэкі на чале з загадчыцай.  Было шмат пытанняў пра творчасць, пра тэматычную накіраванасць вершаў, пра адносіны да сучаснасці.

Сярод слухачоў была праведзена віктарына на гістарычныя тэмы, на тэмы беларускай культуры. Пераможцам і актыўным удзельнікам ад кампаніі “Будзьма беларусамі!” былі ўручаны на памяць прызы. Бібліятэка таксама атрымала ў падарунак кнігі і часопіс.

21 снежня ў школе №3 г. Белаазёрска і ў Белаазёрскай гімназіі перад школьнікамі прайшлі творчыя выступы Валянціны Восіпавай на тэму “Агонь уначы”.

У гімназіі на творчай сустрэчы было каля 50 школьнікаў і 3 настаўніцы.

Асноўнай тэмай выступаў былі паэтычная творчасць і ўспаміны пра Ніну Мацяш, дзень памяці якой якраз быў напярэдадні. На сустрэчы таксама прысутнічала бліжэйшая сяброўка Мацяш, загадчыца Цэнтру Уладзіміра Калесніка пры Брэсцкім дзяржаўным педагагічным універсітэце Святлана Варонік. Разам з Валянцінай Восіпавай яны дзяліліся ўспамінамі, чыталі вершы Ніны Мацяш.

У выкананні Святланы Варонік прагучалі песні на вершы беларускіх паэтак Ніны Мацяш і Яўгеніі Янішчыц.

Школьнікі ўзялі ўдзел у віктарыне, прысвечанай роднаму краю. Пераможцы і актыўныя ўдзельнікі ад кампаніі “Будзьма беларусамі!” атрымалі паштоўкі, торбачкі, кнігі і часопісы.

budzma.by