Твор украінскага сябра Беларусі Сяргія Жадана намінавалі на прэмію Ляйпцыгскага кніжнага кірмаша

Перакладчыкі Сабіна Шцёр і Юрый Дуркот прадстаўляюць раман Сяргія Жадана “Інтэрнат”.

Множны лік тут не памылка – метадам “Ільф і Пятроў” Сабіна Шцёр (Sabine Stöhr) і Юрый Дуркот (Juri Durkot ) працуюць дастаткова даўно. “Так мы зрабілі ўжо шэраг перакладаў, -- адзначыла спадарыня Шцёр. – Перасылаем адно аднаму, вычытваем. Потым цяжка нават сказаць, хто што пераклаў”. Спадар Дуркот таксама пагадзіўся: “Няма адказнага за, скажам, пераклад метафар. Гэта супольная праца”.

У кулуарах перакладчык падзяліўся, што жыве на дзве краіны. “У Львове большай часткай знаходжуся. Але часта прыязджаю ў Германію”. Чаму быў абраны для перакладу “Інтэрнат”? “Кніга актуальная, яна пра цяперашнюю “гібрыдную” вайну на Данбасе, -- адказаў перакладчык. -- Галоўны герой, настаўнік, мае забраць са школы трынаццацігадовага пляменніка. На гэта яму спатрэбіўся цэлы дзень. Дабірацца трэба цераз увесь горад. Абстрэл, раптоўны нейкі пераход з мірнага стану да баявой абстаноўкі, людзі ўвобміг псіхалагічна мяняюцца, і гэтая метамарфоза часам жахае. Мы перадалі нямецкамоўнаму чытачу аўтарскае бачанне.“ Яшчэ перакладчык адзначыў адметнасць стылю: “Жадан не смакуе смерць, як некаторыя. Не апісвае трупы. Загіблых жывёл, так. Што да людзей, то засяроджваецца толькі на ўспрыманнях”.

Тэме людабойства прысвечаныя яшчэ дзве з пяці намінаваных перакладных кніг – “Сентыментальнае падарожжа” (Сентиментальное путешествие) рускага пісьменніка і літуратуразнаўцы Віктара Шклоўскага (Виктор Шкловский) і “Оксэнберг&Бэрнштайн” (Oxenberg&Bernstein) румына Каталіна Мігулiка (Catalin Mihuleac). Першая ёсць шырокім у тэрыторыі і часе аўтабіяграфічным расповедам, напісаным у 1923 годзе ў Берліне, аўтар якога, будучы эсэрам, зведаў знікненне практычна ўсіх родных, сяброў і знаёмых навокал, дзівам ацалеў у сталінскія часы і памёр сваёй смерцю аж у 1984 годзе. Пераклала раман з расійскай Вольга Радзецкая (Ольга Радецкая). Другая з названых гэта раман пра знішчэнне яўрэяў у Румыніі ў часы фашызму ў Еўропе. Твор таксама мае выразныя рысы псіхалагізму. Прынамсі, ён паказвае, як дзейнічаюць людзі, якім дыктатар Антанеску дазволіў не толькі “быць свабоднымі ў сваёй краіне”, але і праяўляць сваю свабоду як заўгодна. Фактычна, ідзецца пра беспакаранасць, актуальную цяпер як ніколі для постсавецкага абшару.

“Намінантаў на прэмію абірае адмысловае журы з сямі асобаў, -- патлумачыў мадэратар прэзентацыі намінаваных на прэмію перакладных кніг Юрген Якаб Бэкер, намеснік кіраўніка Берлінскага Літаратурнага Калоквіюма. – Кнігі перад кірмашом паказваюць на некалькіх пляцоўках, у тым ліку і ў нас, у БЛК”.

Берлінскі Літаратурны Калоквіюм -- гэта недзяржаўная некамерцыйная арганізацыя, якая займаецца культурніцкім менеджментам і спаміж іншага спрыяе перакладам нямецкамоўнай літаратуры на мовы народаў свету. Арганізацыя атрымала каля паўвека таму ў карыстанне вілу на маляўнічым ускрайку Берліна і выкарыстоўвае яе ў тым ліку і як творчую рэзідэнцыю для літаратараў з усяго свету.

Ляйпцыгскі кніжны кірмаш праходзіць штогод у сярэдзіне сакавіка. Гэта другі па велічыні, пасля Франкфурцкага восеньскага, кніжны кірмаш Германіі. Агулам на тры намінацыі (белетрыстыка (у тым ліку паэзія), літаратура нон-фікшн\эсэістыка, пераклады) сёлета вылучана 60 тысяч еўра.

Яўген Бяласін, Берлін, для сайта lit-bel.org

Фота аўтара