Творчае жыццё ў Віцебску

Наталля Плешчанка чытае вершы Рыгора Барадуліна, крайні справа -- Франц Сіўко

Як кажа арганізатар сустрэч празаік Франц Сіўко, праца цэнтра мае на мэце папулярызацыю не толькі твораў хрысціянскай культуры ў вузкім разуменні гэтага азначэння, але і лепшых здабыткаў культуры, мастацтва, літаратуры наогул. У тым ліку і, вядома ж, найперш – айчынных.

Стася Наркевіч

Уладзімір Папковіч

Адметнасць імпрэзаў цэнтра – іх адкрытасць і дыскусійнасць. Тут кожны мае магчымасць выказацца, прадставіць на суд прысутных уласныя творы. Можа, менавіта таму сустрэчы набываюць усё большую папулярнасць сярод жыхароў Віцебска незалежна ад іх веравызнання, канфесійнай прыналежнасці.

Лера Сом

Персанальных творчых вечарын цэнтр, як правіла, не ладзіць. Але тут заўсёды знойдзецца магчымасць прысвяціць старонку юбілею землякоў Уладзіміра Караткевіча, Васіля Быкава ці Рыгора Барадуліна, прачытаць творы Уладзіміра Жылкі або Яўгеніі Янішчыц, узгадаць добрым словам зычлівага да надзённых клопатаў беларусаў Яна Райніса, ушанаваць памяць святароў-літаратараў Вінцука Адважнага, Казіміра Сваяка, Андрэя Зязюлі.

Мемарыяльны знак на магіле Д. Пліекшан, маці Яна Райніса

Падчас экскурсіі  

Цікавы нюанс у працы цэнтра – тое, што менавіта гэтая культурніцкая пляцоўка для многіх  становіцца тым месцам, дзе яны ўпершыню выказаліся па-беларуску. Чаму, безумоўна, спрыяюць  як адмысловыя імпрэзы да Дня роднай мовы, так і факт афіцыйнага статусу беларускай мовы ў касцёле ды паважлівага стаўлення да яе з боку святароў і сёстраў законных. І, канечне ж, прамы, непасрэдны кантакт з беларускамоўнымі творцамі, якія ахвотна ўдзельнічаюць у сустрэчах.

Людміла Сіманёнак

Франц Сіўко

Ад пачатку працы цэнтра гасцямі вернікаў былі (некаторыя неаднойчы) літаратары Ірына Жарнасек, Хрысціна Лялько, Стася Наркевіч, Людміла Сіманёнак, Міхась Мірановіч, Лера Сом, Уладзімір Папковіч, Аляксандра Красоўская, Генадзь Барысаў, Алена Гінько, Наталля Салаўёва, мастакі Вячаслаў Шамшур, Святлана Баранкоўская, прадстаўнікі іншых творчых прафесій.

 

 

Анастасія Лазебная,

Старшыня Віцебскага абласнога аддзялення СБП