Творчасць шведскага паэта-набеліста Тумаса Транстромера ў рамках Тыдня Швецыі ў Мінску

Гэта першая кніга вершаў шведскага Ноблеўскага лаўрэата па-беларуску. У кнігу ўвайшлі вершы з розных цыклаў у перакладзе Лявона Баршчэўскага, Уладзіміра Арлова, Андрэя Хадановіча і Алесі Башарымавай. Выданне было падрыхтавана Пасольствам Швецыі супольна з беларускім і шведскім Саюзамі пісьменнікаў.

2 чэрвеня ў 15.00 у Дзяржаўным музеі гісторыі беларускай літаратуры (вул. Багдановіча, 13) пройдзе круглы стол, прысвечаны творчасці Тумаса Транстромера (уваход па запрашэннях). У ім возьмуць удзел шведскі літаратурны крытык, даследчык творчасці Транстромера Ніклас Шолер, пісьменнік Уладзімір Арлоў, а таксама літаратуразнаўцы з Акадэміі навук Беларусі, Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта, Мінскага дзяржаўнага лінгвістычнага ўніверсітэта, беларускія паэты і пісьменнікі. У якасці ганаровай госці мерапрыемства наведае Моніка Транстромер, удава шведскага нобелеўскага лаўрэата. Мерапрыемства адкрые Пасол Швецыі ў Рэспубліцы Беларусь Марцін Оберг.

3 чэрвеня з 14.00 да 16.00 на культурнай пляцоўцы Дня Швецыі (у дворыку з фантанам, Музычны завулак 1/2) можна будзе паслухаць выступ Нікласа Шолера, задаць пытанні яму, а таксама Моніцы Транстромер і Уладзіміру Арлову. На пляцоўцы таксама адбудуцца чытанні вершаў Транстромера па-шведску і па-беларуску ў выкананні студэнтаў, якія вывучаюць шведскую мову. Уваход вольны.

Тумас Транстромер – найбуйнейшы шведскі паэт XX стагоддзя, лаўрэат Нобелеўскай прэміі ў галіне літаратуры ў 2011 год «за тое, што яго кароткія, напаўпразрыстыя вобразы даюць нам абноўлены погляд на рэальнасць». Транстромер стаіць у адным шэрагу з такімі выбітным ішведамі, як Эмануэль Сведэнборг, Аўгуст Стрындберг і Інгмар Бергман.

Больш інфармацыі пра Тыдзень Швецыі на сайце Пасольства Швецыі.