Творчая сустрэча з Віктарам Карамазавым — 20 мая

Сярод пісьменнікаў, якія прыйшлі ў літаратуру ў пасляваенны час, Віктар Карамазаў займае свае адметнае месца. Напісаныя на раннім этапе творчасці пісьменніка нарысы ўжо вызначылі кола праблем, якія хвалявалі аўтара, кірунак далейшай творчай дзейнасці. У якім бы жанры ні працаваў сёння пісьменнік, кожны яго твор — гэта роздум пра жыццё, пра тое новае, што з’явілася ў ім, пра пазітыўныя і негатыўныя яго бакі.

Эстэтычнае і этычнае крэда пісьменніка — сцвярджэнне духоўнасці і чалавечнасці — не схавана недзе глыбока ў падтэксце твораў, а выяўляецца на ўсіх узроўнях, і найбольш выразна — у выбары героя, трывалага і надзейнага.

Віктар Карамазаў. Фота Вікі Трэнас

Характар творчасці пісьменніка абумоўліваецца яго біяграфіяй. Віктар Карамазаў нарадзіўся 27 чэрвеня 1934 года ў горадзе Чэрыкаў у сям’і настаўнікаў. Горад на маляўнічым беразе Сожа і залеглая, здаецца, да краёў зямлі зарэчная Васілеўская пушча сталі адной з пажыццёвых крыніц мастацкага натхнення для будучага пісьменніка.

Дзяцінства Віктара Карамазава было азмрочана вайной, бежанствам сям’і пад Самару. Пасля вайны сям’я Карамазавых перабралася  ў суседні,  атулены ляснымі дубровамі гарадок Крычаў, які стаў для яго другой «малой радзімай». Вайна, бежанства, галоднае пасляваеннае юнацтва спрыяла ранняму ўнутранаму сталенню будучага пісьменніка. Шлях у навуку быў тыповым для пасляваеннага пакалення нацыянальнай інтэлігенцыі. Са школьнай адразу за ўніверсітэцкую парту, а потым з дыпломам журналіста натхнёная праца ў родных мясцінах — спачатку ў чэрыкаўскай, затым крычаўскай раённых газетах. Таленавітага журналіста хутка заўважылі і запрасілі на працу ў абласную газету  «Магілёўская праўда», а неўзабаве і ў калектыў рэспубліканскай «Звязды» Потым была праца ў  газеце «Літаратура і мастацтва», на тэлебачанні, у часопісе «Полымя», у Саюзе пісьменнікаў. Вандроўнік па натуры, дапытлівы і заўсёды адкрыты да людзей Карамазаў удзячны той газетнай школе, якая ўвяла яго ў рэальны свет, акрыліла на сапраўдную творчасць.

Віктар Карамазаў аўтар кніг аповесцей і апавяданняў «Падранак» (1968), «Па талым снезе» (1973), «Спіраль» (1974), «Вясёлка сярод зімы» (нарысы, 1978), «Дзень Барыса і Глеба» (1981), «Дома» (1984), «Дзяльба кабанчыка» (выбранае, 1988), «Глядзіце ў вочы лемуру» (аповесць-эсэ, 1989), «Проста ўспомніў я цябе...» (публіцыстычная проза, эсэ, 1989), раманаў «Пушча» (1979, экранізаваны ў 1988), «Бежанцы» (часопіс «Полымя», 1990). Аўтар сцэнарыяў мастацкага тэлевізійнага фільма «Зялёныя фрэгаты» (пастаўлены ў 1974) і шэрагу дакументальных кінастужак. Лаўрэат Дзяржаўнай прэміі БССР імя К.Каліноўскага (1990) за кнігу публіцыстыкі «Проста ўспомніў я цябе...».

 

Месца правядзення: Бібліятэка №1 імя Л. М. Талстога  (вул. Маскоўская, 18). Кантактны тэлефон: 334-56-21.

Паводле прэс-рэлізу