Творчая сустрэча з Міхасём Булавацкім адбылася ў Магілёве

Міхась Булавацкі распавёў пра першую кнігу, прачытаную ім у дзяцінстве, пра сваю перакладчыцкую дзейнасць, пра штогадовае спаборніцтва для школьнікаў “Беларускае пяціборства”, арганізатарам якога ён стаў 14 гадоў таму. Спадар Міхась згадаў таксама пра свае захапленні футболам, більярдам, шахматамі.

Аўтар артыстычна чытаў свае тэксты, пераклады вершаў і песень Уладзіміра Высоцкага. Сябры клуба далучыліся да гутаркі, задавалі пісьменніку пытанні.

Гледачы атрымалі ў падарунак ад выступоўцы яго кнігу перакладаў Высоцкага з аўтографам.

Сябры клуба на чале з кіраўніцай Тамарай Аўсяннікавай падзякавалі спадару Міхасю і выказалі жаданне сустракацца на творчых вечарынах часцей.

Паводле ўл. інф. Магілёўскага абласнога аддзялення СБП