Творчая сустрэча з Іванам Мельнічуком

Дзеля гэтага было аж тры пачэсныя нагоды: прэзентацыя дзіцячай кнігі “Чудеса в решете”, зборніка “Гасцінец” і, таксама, святкавання 75-гадовага юбілею старшыні Берасцейскай філіі “ГА” СБП.

  

Месца сустрэчы было абранае не выпадкова: Іван Мельнічук найперш вядомы землякам менавіта як аўтар твораў для маленькіх чытачоў. Выдаўшы першую кнігу “Кто разбудил солнце” аж у 1982 годзе, Іван Міхайлавіч працягваў сваю плённую працу і да сёння стаўся стваральнікам амаль дзясятка кніг для дзяцей. Зборнік “Гасцінец”, наадварот, стаўся першай недзіцячай кнігай паэзіі, якая ўтрымлівае сярод іншага прысвячэнні сябрам, жарты, гумарэскі – вершы, што падтрымліваюць светлы настрой, уласцівы творчаму почырку аўтара.

На пачатку гасцям сустрэчы прадэманстравалі дакументальны фільм Берасцейскай абласной студыі тэлебачання, што быў зняты да 70-годдзя Івана Мельнічука.

Імпрэзу адкрыла дырэктар Цэнтралізаванай бібліятэчнай сістэмы Берасцейскай вобласці, дэпутат абласнога савета Святлана Сямашка, якая падзякавала юбіляру за яго шчырую працу на ніве дзіцячай літаратуры ад імя землякоў.

Ад імя Саюза беларускіх пісьменнікаў з віншаваннямі выступілі старшыня “ГА СБП” Барыс Пятровіч і намеснік старшыні Алесь Пашкевіч. У дар бібліятэцы былі перададзеныя дзіцячыя кнігі з новай серыі “Каляровы ровар”, запачаткаванай СБП.

Да віншаванняў далучыліся калегі па філіі Леанід Філатаў, Алесь Каско, Мікола Сянкевіч, а таксама родныя і сябры Івана Міхайлавіча.

Леанід Філатаў

 

Алесь Каско

Напрыканцы імпрэзы сп. Мельнічук падзяліўся жыццёвымі назіраннямі ды творчымі планамі, выказаў падзяку сябрам-пісьменнікам і ўсім прысутным гасцям.

Ул. інф.