Творчая вечарына Уладзіміра Мароза «Шлях да гары»

Уладзімір Мароз

Месца сустрэчы прыхільнікаў творчасці паэта і кінадакументаліста невыпадковае – Уладзімір Вікенцьевіч — коласаўскі зямляк, другая «малая радзіма» пісьменніка – слынная Мікалаеўшчына, адкуль родам маці Дзіна Канстанцінаўна, у дзявоцтве Міцкевіч, дзе ў спадчыну ад дзеда Міцкевіча Канстанціна Антонавіча засталася хата недалеч Нёмана, якая сёння з’яўляецца радзінным кутком паэта. Падкрэсліла гэта дырэктарка музея Зінаіда Камароўская, якая адкрыла творчую сустрэчу.

Выступае Людміла Несцяровіч 

Вечарына не абмежавалася прадстаўленнем новай кнігі. На пачатку сустрэчы быў паказаны відэаролік аб творчасці Уладзіміра Мароза як сцэнарыста і рэжысёра. Уласна, у пэўнай ступені паэтычная творчасць Уладзіміра неад’емная ад работы ў беларускім дакументальным кіно.

Так, кніга “Крыжы на ростанях” адкрываецца Іерусалімскай нізкай “Горнія скрыжалі”, якая не змагла б паўстаць, калі б паэт не пабыў на Святой Зямлі ў кінематаграфічнай вандроўцы, ды яшчэ акурат на праваслаўны Вялікдзень, калі сыходзіць на Дамавіну Гасподнюю Святы дабрадайны агонь.

Уладзімір Мароз і Рыгор Сітніца

Выступае Уладзімір Ягоўдзік

Аб творчасці паэта і яго новай кнізе на вечарыне гаварылі мастак і паэт, старшыня ГА «Беларускі саюз мастакоў» Рыгор Сітніца, які, акрамя іншага, адзначыў цудоўнае мастацкае афармленне кнігі, якое зрабіла мастачка Марына Мароз, дачка Уладзіміра Вікенцьевіча; а таксама пісьменнік Уладзімір Ягоўдзік і бібліятэчны работнік Людміла Несцяровіч.

Аляксей Нежавец

 

Заключным акордам вечарыны стала прэм’ера песняў на вершы Уладзіміра “Віфлеемская зорка” і “Малады начны верш”, якія прадставіў слухачам іх аўтар, беларускі бард Аляксей Нежавец.

Паводле прэс-рэлізу