Творчая вечарына адбылася ў Мікашэвіцкай гімназіі на Лунінеччыне

На пачатку імпрэзы вядучыя Раман Крывулец і Дзіяна Глушэнь нагадалі гледачам пра асноўныя этапы жыцця Уладзіслава Іосіфавіча, які пасля гібелі бацькоў ад рук фашысцкіх карнікаў рос ў Мікашэвіцкім дзіцячым доме, займаўся ў мясцовай школе, зрабіў тут першыя крокі ў творчасці. І пазней шэраг вершаў і аповесць “Хлопцы з другога корпусу” прысвяціў палескаму мястэчку, што стала яму родным. Цяпер у гімназіі існуе музей Ул. Нядзведскага, адкрытыя мемарыяльная дошка і помнік-бюст.

Вершы Нядзведскага “Размова з адсутнымі”, “Светлякі”, “Колер крыві”, “Дома”, “Дыплом” чыталі са сцэны гімназісты Андрэй Мазгоў, Ягор Крываў, Арцём Лабко, Андрэй Ярашэвіч, Ян Высоцкі. Песню “Я рад за сяброў” выканала вакальная група навучэнцаў.

Дырэктар гімназіі Сяргей Высоцкі агучыў прывітанні ад сям’і Нядзведскіх, а потым назваў сёлетніх пераможцаў у творчай дзейнасці. Граматамі і салодкімі прызамі былі адзначаны 8-класніцы Анастасія Арыновіч і Аліна Насовіч, 10-класніца Анастасія Ерамяевіч. Узнагароды ўручылі госці вечарыны — літаратары з Мінска.

Злева направа: Анатоль Зэкаў, Уладзімір Мароз, Сяргей Законнікаў 

Паэт і публіцыст Сяргей Законнікаў, паэт і кінасцэнарыст Уладзімір Мароз, паэт і гумарыст Анатоль Зэкаў ужо шмат разоў выступалі на лунінецкай зямлі, у тым ліку ў сценах Мікашэвіцкай гімназіі. На гэты раз госці не толькі чыталі свае творы, але і разважалі пра маральныя каштоўнасці, неабходнасць павагі да роднай мовы, да Радзімы, да працы старэйшых пакаленняў. Гэтаму ж прысвяціла выступ даўні сябар гімназіі, выдавецкі і бібліятэчны супрацоўнік з Мінска Людміла Несцяровіч.

Старэйшы лунінецкі літаратар Сцяпан Нефідовіч распавёў пра сваё знаёмства з Нядзведскім, прачытаў прысвечаныя яму вершы. Віталі гімназісты таксама сябра Саюза беларускіх пісьменнікаў з Лунінеччыны Міколу Ільючыка, мясцовых аўтараў Надзею Дзедзіну і Галіну Самуйлік.

 

Тэкст: Вадзім Жылко, фота: Галіна Самуйлік